220030, г.Минск, ул. Володарского, 16 +375 17 365 46 94 bsp@beldruk.by для слабовидящих
БЕЛ РУС ENG
Новая кніга пра Івана Мележа.

У 2021 годзе ў выдавецтве "Мастацкая літаратура" ўбачыла свет кніга "Іван Мележ. Пясняр Палесся".

Гэта чарговы том пад выдавецкім грыфам “ЖЗЛБ” прысвечаны памяці народнага пісьменніка Беларусі Івана Мележа,народнага пісьменніка Беларусі, вядомага грамадскага і дзяржаўнага дзеяча, лаўрэата шматлікіх дзяржаўных прэмій і ўзнагарод, чый стагадовы юбілей адзначаўся ў студзені 2021 года. Праз успаміны блізкіх і родных, пісьменнікаў і журналістаў, даследчыкаў творчай спадчыны – крытыкаў і літаратуразнаўцаў – паўстае вобраз Мастака і Чалавека, хто ва ўсёй мастацкай велічы стварыў хроніку жыцця беларускага народа ў пераломныя 30-я гады ХХ стагоддзя. Яркія вобразы мележаўскіх герояў увайшлі ў свядомасць нашых суайчыннікаў, прымножыўшы духоўныя скарбы нацыі.

Тамара Аляхновіч, з кнігі «Іван Мележ. Пясняр Палесся»:

«Іван рана навучыўся чытаць і пісаць, добра маляваў. У школе быў першым вучнем. У яго былі не толькі літаратурныя, але і матэматычныя здольнасці. Ужо будучы вядомым чалавекам, Іван Паўлавіч часта жартаваў: “Калі б я не стаў пісьменнікам, напэўна стаў бы матэматыкам”. Але цяга да літаратуры перамагла.

Сярэднюю школу Ваня закончыў у Хойніках. Бывала, калі бацькі давалі грошы на пражыццё, то большую частку іх ён траціў на кнігі. А пасля заканчэння школы бацька прывёз з Хойнікаў цэлы воз кніг. Маці часта гаварыла, што Ваня палюбіў кнігу з пялёнак, з ёй ніколі не разлучаўся.

У нас, малодшых, засталіся самыя цёплыя і ўдзячныя пачуцці да старэйшага брата. Хіба можна забыць галодны і халодны пасляваенны час. Хата наша згарэла ў вайну, згарэла ўсё, застаўся толькі адзін хлеў. Даведаўшыся, што мы ўсе жывыя, але знаходзімся ў вельмі цяжкім матэрыяльным становішчы, Ваня, Лідзія Якаўлеўна і Клаўдзія Іванаўна дзяліліся з намі ўсім, што мелі, каб выратаваць нас ад голаду. Дапамаглі купіць нам напачатку старую хату, а крыху пазней дапамаглі пабудаваць новую вялікую хату»

Людміла Мележ:

«Бацька не толькі шмат часу пісаў, але не менш часу і сам сябе правіў. Назву рамана “Людзі на балоце” абмяркоўвалі ўсёй сям’ёй, выбіралі з тых магчымых дваццаці назваў, якія бацька прыдумаў і запісаў. Дома мы размаўлялі і па-беларуску, і па-руску, бо мае мама і бабуля былі расіянкамі. Але калі тата браў тэлефонную трубку і абвяшчаў: “Зараз буду гаварыць з хлопцамі”, тады ўжо толькі па-беларуску. Калі-нікалі заходзілі да нас пісьменнікі, вяліся доўгія размовы пра літаратуру. Бацька частаваў іх усім, што было ў хаце, нават віном, якога сам ніколі не піў»

Мікола Аўрамчык:

«Шлях, на які ён ступіў, пасля “Гарачага жніўня”, абяцаў быць усланы ружамі. Але пасля першай кнігі “Мінскага напрамку” некаторыя паспяшаліся ўсыпаць яго калючкамі. Калі Іван пайшоў да аднаго з выдаўцоў, каб высветліць становішча, той за сталом дэманстратыўна адвярнуўшыся спіной і разглядаючы на сцяне геаграфічную карту, раўнадушна прамармытаў:

– Я не збіраюся выдаваць ваш раман!..

Гэтыя словы глыбока ранілі Іванаву душу, бо яна была чулая, як у кожнага таленту.

Аднойчы ў “Маладосці” яму выказалі шэраг заўваг па яго апавяданню, якое і ў мяне выклікала незадавальненне. Іван пацікавіўся маёй думкай. Я па-сяброўску выказаў сваё ўражанне. Можа, на паўгода наступіла пахаладанне ў нашых адносінах.

Затое штосьці наіўнавата-дзіцячае назіралася ў ім тады, калі ён ужо ў каторы раз хацеў паслухаць станоўчае выказванне пра свой твор чалавека, якога асабліва паважаў, чыёй думкай вельмі даражыў.

Aднойчы Мустай Карым, і як чытач, і як пісьменнік, і як член Камітэта па Ленінскіх і Дзяржаўных прэміях, вельмі доўга расказваў мне пра сваё ўражанне ад абодвух раманаў Мележа. Ад першай кнігі ён быў проста ў захапленні. А пра другую выказваў цікавыя заўвагі. Я тады падрабязна пераказаў усё гэта Івану. Дык ён і пазней неаднойчы пытаўся ў мяне, ці ўсё я пераказаў, ці не забыўся чаго-небудзь...

У жыцці Іван здаваўся сумнаватым. Відаць, ішло гэта не столькі ад характару, колькі ад хваравітага стану. Толькі аднойчы бачыў я на яго вачах слёзы. Яны былі выкліканы дрэнным перакладам ягонай кнігі, рукапіс якой ён атрымаў у той дзень і, разгублены, не ведаў, што з ім рабіць...»

 

Кнігу "Іван Мележ. Пясняр Палесся" можна набыць у гандлёвых кропках РУП "Белсаюздрук".