220030, г.Минск, ул. Володарского, 16 +375 17 365 46 94 bsp@beldruk.by для слабовидящих
БЕЛ РУС ENG
Вершы Максіма Танка.

У выдавецтве «Мастацкая літаратура» ў гэтым годзе выйшла новая кніга класіка беларускай літаратуры, народнага паэта Беларусі Максіма Танка (1912—1995). Зборнікам «Сонечны гадзіннік» прадаўжаецца перавыданне творчай спадчыны найлепшых мастакоў слова ў серыі «100 вершаў». Раней у гэтай серыі пабачылі свет кнігі Пімена Панчанкі, Яўгеніі Янішчыц, Аркадзя Куляшова, Ніла Гілевіча, Міхася Стральцова... Сапраўдная бібліятэка найлепшых паэтычных здабыткаў у беларускім прыгожым пісьменстве!

«Я ведаў, што ты — бліскавіца,/ Што хмары рассекла;/ Я ведаў, што ты — вызваленне/ З няволі і пекла./ Вясновая кветка,/ Што камень прабіла магільны,/ Разведчыка след/ На дарозе крамністай і пыльнай», — напісаў сваё пасланне нашчадкам у вершы «Паэзія» Максім Танк яшчэ ў 1955 годзе. Чытаючы, задумваешся, які быў той 1955 год для мастацкіх, эстэтычных пошукаў, якія ў той час выходзілі вершы з-пад пяра іншых беларускіх паэтаў. У тым 1955 годзе вялікі мастак слова назваў паэзію крывёю, «што пульсуе па жылах», ды быў упэўнены, што без паэзіі нельга «як без маці,/ Або без радзімы,/ Ні нараджацца, ні жыць/ На зямлі немагчыма!»

Укладальнікам серыі зборнікаў паэзіі пад «брэндам» «100 вершаў» выступае паэт Віктар Шніп, творца з чуйным мастацкім густам, пісьменнік, якога добра ведаюць сённяшнія чытачы нашай краіны. Выданне, якое ажыццёўлена па заказе і пры фінансавай падтрымцы Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь, ілюстравана рэпрадукцыямі карцін Вітольда Бялыніцкага-Бірулі з фондаў Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі, што пашырае эстэтычную асалоду пры знаёмстве з кнігай вершаў «Сонечны гадзіннік», дадае фарбаў у працэс паэтычнага выхавання чытача.

Інфармацыя падрыхтавана па матэрыялах "Звязда"

Зборнік вершаў Максіма Танка "Сонечны гадзіннік" можна набыць у гандлёвых аб'ектах РУП "Белсаюздрук".