1 верасня ў горадзе Слоніме на Дні беларускага пісьменства адбудзецца ўрачыстае адкрыццё помніка славутаму дзяржаўнаму і ваеннаму дзеячу Вялікага княства Літоўскага, дыпламату і мысліцелю – Льву Іванавічу Сапегу. 22 жніўня скульптура ўпрыгожыла гістарычны цэнтр горада.
Знакавага і значнага ў гэтай падзеі нямала. Гісторыя роду Сапегаў і ў прыватнасці Льва Сапегі звязана з многімі беларускімі гарадамі. У тым ліку і са Слонімам.
У канцы XVI стагоддзя выдавец Статута Вялікага княства Літоўскага стаў старастай старажытнага горада над Шчарай. Менавіта пры Сапегу Слонім актыўна развіваўся і стаў цэнтрам гандлю і рамёстваў: былі пабудаваныя ратуша, першы ткацкі цэх, склаўся гістарычны цэнтр горада з брукаванымі вуліцамі, плошчамі і мастамі, увогуле ўзвысілася яго палітычная значнасць. Паводле яго хадайніцтва ў 1591 г. гораду было прысвоена Магдэбургскае права, падараваны герб, на якім намаляваны леў, які трымае залатую стралу…
Іншы значны момант: у калектыве аўтараў помніка – яшчэ адзін вядомы сланімчанін, ужо наш сучаснік, – народны мастак Беларусі, лаўрэат дзяржаўнай прэміі СССР, прэміі Саюзнай дзяржавы ў галіне літаратуры і мастацтва – скульптар Іван Міско. Ужо ў гэтую нядзелю ў Слоніме адкрыецца яго першая на Гарадзеншчыне праца, створаная ў суаўтарстве з Уладзімірам Піпіным, Сяргеем Логвіным.
Дзень беларускага пісьменства – важная падзея для кожнага жыхара нашай краіны, і таму менавіта ў гэты дзень у Слоніме адкрыюць помнік выдатнаму беларусу, легендарнаму дзяржаўнаму дзеячу.
Падчас адкрыцця помніка гледачоў чакаюць танцавальная праграма вядучага харэаграфічнага калектыву Беларусі – Дзяржаўнага ансамбля танца, а таксама тэатральнае прадстаўленне, падрыхтаванае Слонімскім драматычным тэатрам.