220030, г.Минск, ул. Володарского, 16 +375 17 365 46 94 для слабовидящих
БЕЛ РУС ENG
Сучасны стан і будучыня беларускай мовы.

Сёння ў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі пачаў работу Першы міжнародны навуковы кангрэс «Беларуская мова – галоўная гісторыка-культурная каштоўнасць нацыі і дзяржавы», прымеркаваны да 90-годдзя Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа.

Тэматычнае поле кангрэса вельмі шырокае і актуальнае. У прыватнасці, сярод іншых актуальных тэм вучоныя-лінгвісты прааналізуюць сучасны стан беларускай мовы і праблемы кадыфікацыі, разгледзяць актуальныя пытанні гістарычнага мовазнаўства, беларускай лексікалогіі і лексікаграфіі, міжславянскіх моўных і этнакультурных кантактаў, развіцця ў ХХ – пач. ХХІ ст дыялектаў беларускай нацыянальнай мовы, а таксама акцэнтуюць увагу на ролі мовазнаўчых даследаванняў у развіцці краязнаўства і ролі IT у правядзенні лінгвістычных даследаванняў.

У рабоце кангрэса прымаюць удзел вучоныя Беларусі, Расіі, Украіны, Польшчы, Славакіі, Чэхіі, Літвы і іншых краін.

У прывітальным слове ўдзельнікам кангрэса і калектыву Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа з нагоды яго 90-годдзя Міністр інфармацыі Рэспублікі Беларусь Аляксандр Карлюкевіч адзначыў, што навуковыя даследаванні ў галіне беларускага мовазнаўства, якія праводзяцца ў Інстытуце мовазнаўства імя Якуба Коласа, забяспечваюць сёння адзін з найбольш актуальных гуманітарных прыярытэтаў беларускага грамадства і патрэбы сучаснай моўнай практыкі, садзейнічаюць падтрыманню статусу беларускай мовы як дзяржаўнай мовы краіны, дапамагаюць зберагаць і захоўваць багатую духоўную спадчыну беларускага народа.

Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь шчыра ўдзячна калектыву Інстытута за актыўны ўдзел у папулярызацыі дасягненняў беларускага мовазнаўства і падрыхтоўку фундаментальных навуковых даследаванняў, якія знаходзяць шырокае выкарыстанне ў рабоце сродкаў масавай інфармацыі, літаратурнай і выдавецкай дзейнасці.

Iнстытут арганізуе штогод рэспубліканскія навукова-практычныя канферэнцыі ў рамках Дзён беларускага пісьменства. Шырокі станоўчы рэзананс у грамадстве выклікалі навуковыя працы, падрыхтаваныя супрацоўнікамі Інстытута мовазнаўства і выдадзеныя з удзелам дзяржаўных выдавецтваў. У прыватнасці, у выдавецтве “Беларуская энцыклапедыя імя Петруся Броўкі” свет убачылі такія знакавыя выданні, як “Тлумачальны слоўнік беларускай мовы” ў 5 тамах, “Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы”, энцыклапедыя “Беларуская мова”, за якую аўтарскі калектыў атрымаў Дзяржаўную прэмію Рэспублікі Беларусь. Пры ўдзеле супрацоўнікаў Інстытута рыхтавалася энцыклапедыя “Францыск Скарына”

Супрацоўнікі Інстытута рэгулярна кансультуюць работнікаў выдавецтваў, журналістаў па праблемных пытаннях норм беларускай літаратурнай мовы, з’яўляюцца вядучымі пастаянных рубрык “Родныя тапонімы”, “Нашы прозвішчы” (“Звязда”, І.Капылоў), прымаюць удзел у цыклах праграм на Беларускім радыё (канал “Культура” Белтэлерадыёкампаніі – “Скарбы роднай мовы”, “Роднае слова”), часта выступаюць у інфармацыйных праграмах беларускіх тэлеканалаў (Першы нацыянальны канал – “Добрай раніцы, Беларусь”, АНТ – “Наше утро”, СТВ – “Раніца. Студыя добрага настрою” і іншыя.

Плённае творчае супрацоўніцтва Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь і Інстытутам мовазнаўства імя Якуба Коласа і надалей будзе спрыяць развіццю роднай мовы, замацаванню яе статусу як высокаразвітай літаратурнай мовы, якая паспяхова абслугоўвае камунікатыўныя патрэбы сучаснага грамадства.