220030, г.Минск, ул. Володарского, 16 +375 17 365 46 94 для слабовидящих
БЕЛ РУС ENG
Падведзены вынікі літаратурнага конкурсу.

5 лістапада ў Вялікай студыі Дома радыё назвалі імёны пераможцаў літаратурнага конкурсу «Бацькаўшчына светлая мая» — сумеснага праекта Першага нацыянальнага канала Беларускага радыё і часопіса «Маладосць», прысвечанага Году малой радзімы.

Конкурс праводзіўся з кастрычніка 2018-га да верасня 2019 года ўключна ў дзвюх намінацыях — «Паэзія» і «Эсэ» — і ў трох узроставых катэгорыях — да 16 гадоў, ад 16 да 35 і 35+. За гэты час творчая група праекта атрымала 868 заявак ад 346 аўтараў, а ў фінал па выніках штомесячных этапаў прайшлі 72 удзельнікі.

Палітра конкурсных работ аказалася вельмі разнастайнай: свае творы дасылалі школьнікі, студэнты, настаўнікі, хатнія гаспадыні, юрысты, прафесійныя літаратары ва ўзросце ад 13 да 82 гадоў. Дарэчы, менавіта самы сталы ўдзельнік, Мікалай Салаўцоў з горада Чавусы, атрымаў спецыяльны дыплом за асвятленне тэмы вайны. Калі казаць пра геаграфію, то конкурс аб'яднаў не толькі творчых людзей у Беларусі, але і замежнікаў: работы на зададзеную тэму дасылалі з Расіі, Ізраіля, Сербіі, ЗША.

— Прыемна ўразіла літаральна ўсё з таго, што адбылося, бо калі мы толькі арганізоўвалі конкурс, то не ведалі, ці будзе актыўны водгук на нашу прапанову пісаць пра малую радзіму ў форме эсэ або вершаў, — расказала галоўны рэдактар часопіса «Маладосць» Святлана Воцінава. — А ў выніку атрымалася, што выказацца захацела ці не ўся краіна — вялікія і малыя гарады, вёскі: мы атрымалі больш за 800 твораў, прычым некаторыя аўтары, напрыклад, дасылалі адразу некалькі вершаў ці рабілі гэта па некалькі разоў. Найлепшыя работы агучваліся ў радыёэфіры і друкаваліся на старонках часопіса «Маладосць».

Найлепшых з лепшых ацэньвала і вызначала прафесійнае журы, якое ўзначальваў паэт Мікола Мятліцкі. Пераможцамі конкурсу сталі: у намінацыі «Паэзія» — Марына Куцавол (Орша), Алена Кісель (Магілёў) і Таццяна Цвірка (Клецк), якія атрымалі дыпломы І ступені і падарункі ад Першага нацыянальнага канала Беларускага радыё. У намінацыі «Эсэ» найлепшымі аўтарамі і ўладальнікамі дыпломаў І ступені названыя Арсеній Кісель (Мінск), Вольга Кавальчук (Брэст) і Надзея Кожар (Расоны). Акрамя таго, усе фіналісты конкурсу «Бацькаўшчына светлая мая» атрымалі памятныя дыпломы, а адзінаццаць з іх — дыпломы спецыяльных намінацый.

— У сваім эсэ я апісала любоў да малой радзімы як чалавек, які жыве ў Беларусі не з нараджэння. Да 10 гадоў я жыла ў Казахстане, але, прыехаўшы сюды, была пад прыемным уражаннем ад беларусаў, прыроды і, дзякуючы маёй настаўніцы, палюбіла беларускую мову. Мне хацелася падзяліцца сваімі думкамі пра ўсё гэта, і конкурс даў такую магчымасць, — апавядае яго пераможца Вольга Кавальчук. — Бо я адчуваю глыбокую сувязь з Беларуссю, і па ўнутраных адчуваннях для мяне яна — адзіная Радзіма.

Інфармацыя падрыхтавана па матэрыялах Выдавецкага дома «Звязда».