220030, г.Минск, ул. Володарского, 16 +375 17 365 46 94 для слабовидящих
БЕЛ РУС ENG
Міжнароднае супрацоўніцтва ў кнігавыдавецкай справе.

У Міністэрстве інфармацыі Рэспублікі Беларусь адбылася рабочая сустрэча з Паслом Швецыі ў Рэспубліцы Беларусь спадарыняй Крысцінай Юханесан.

Размова ў асноўным ішла пра супрацоўніцтва нашых краін – Беларусі і Швецыі – у гуманітарнай сферы. Варта зазначыць, што ў апошнія 20 - 25 гадоў у Мінску выдадзена на рускай і беларускай мовах болей як 400 кніг шведскіх аўтараў. Безумоўным лідарам з’яўляецца дзіцячая літаратура паўночнай краіны. Гэтаму, несумненна, спрыяюць памкненні пасольства шырэй прадстаўляць свае культуру і літаратуру.

«Браты Львінае сэрца», «Малы і Карлсан-з-даху» – кнігі Астрыд Ліндгрэн, перакладзеныя на беларускую мову і выдадзеныя яшчэ ў «Юнацтве», а таксама Выдаўцом Змітром Коласам. «Літаратура і Мастацтва», Выдавец Зміцер Колас, «Мастацкая літаратура», «Кнігазбор» і іншыя выдавецтвы выпусцілі на беларускай мове кнігі шведскіх пісьменнікаў Ю. Вісландэр, С. Нурдквіста, Г. Бэргстрэма, Л. Андэрсан… А зараз увогуле ў краіне працуе Выдавец Надзея Кандрусевіч (такая назва ў выдавецтва, якое ўзначальвае аўтарытэтная перакладчыца са шведскай мовы спадарыня Надзея Кандрусевіч), якое адмыслова спецыялізуецца на выданні кніг шведскіх літаратараў па-беларуску.

Міністр інфармацыі краіны Аляксандр Карлюкевіч запрасіў кіраўніка шведскай амбасады да актыўнага ўдзелу ў маючай адбыцца ў лютым 2020 года чарговай Мінскай кніжнай выстаўцы-кірмашу. Былі абмеркаваны і тэмы выдання беларускай мастацкай літаратуры ў Стакгольме ў перакладзе на шведскую мову.

Фота БЕЛТА.

Інфармацыя падрыхтавана па матэрыялах sozvuchie.by.