220030, г.Минск, ул. Володарского, 16 +375 17 365 46 94 для слабовидящих
БЕЛ РУС ENG
Літаратурны часопіс для маладых пісьменнікаў і чытачоў.

З пачаткам новай падпісной кампаніі ў «Маладосці» з'явіўся новы «прамоўшан»: цяпер гэта «больш чым часопіс». Пра падрабязнасці сённяшняй стратэгіі выдання расказвае яго галоўны рэдактар Святлана Воцінава.

— Што значыць «больш чым часопіс»?

— У літаральным сэнсе. І калі па сутнасці, то гэта ўжо не заяўка, не агучванне мэты, а здзейсненае, канстатацыя факта.

Даволі працяглы час, больш чым год, «Маладосць» нагадвае ядро, якое прыцягвае і вакол якога адбываецца няспыннае вярчэнне. Ядро культурнае, вярчэнне інтэлектуальнае. Неяк неўпрыкмет для саміх сябе мы атрымалі такі, працягваючы ядзерную тэрміналогію, «магнітны момант», што цяпер нам робяцца прапановы аб супрацоўніцтве часцей, чым робім іх мы. І гэта не можа не сведчыць пра актуалізаваную вядомасць выдання і сімпатыю да яго, тым больш што ў партнёрах — структуры аўтарытэтныя. Сярод найбольш яркіх супрацоўніцтваў — з розгаласам на ўсю краіну і даволі важкім творчым вынікам — можна назваць супрацоўніцтва з філалагічным факультэтам БДУ і Нацыянальным інстытутам адукацыі ў рамках конкурсу біяграфічных твораў, прысвечаных беларускім пісьменнікам ХІХ стагоддзя, «Слаўная кампанія: рэANІMAцыя», і супрацоўніцтва з Першым Нацыянальным каналам Беларускага радыё ў рамках літаратурнага праекта-конкурсу «Бацькаўшчына светлая мая», прысвечанага Году малой радзімы. Акрамя таго, мы партнёрствуем у конкурсе, які суправаджае вядомы ўжо фестываль «Горад і Кнігі». У якасці журы ацэньваем работы, якія дасылаюцца на не менш вядомы Рэспубліканскі конкурс літаратурнай творчасці студэнтаў устаноў вышэйшай адукацыі «Аўтограф». Маем непасрэднае дачыненне да вылучэння твораў на Міжнародны конкурс маладых пісьменнікаў «Першацвет». Апошнім часам сталі яшчэ і партнёрамі сеткавага конкурсу эсэ «Свет будучыні» партала mocny.by. Праз адны толькі конкурсы можна ўявіць, якое вярчэнне адбываецца ў рэдакцыі і вакол яе і як мы ўсе пазітыўна зараджаны.

— Што да новага «прамоўшана»...

— Што да яго, то ў канцэпцыю «Больш чым часопіс» уваходзяць дзве маштабныя акцыі, цесна сплеценыя адна з адной і ў той жа час незалежныя. Гэта цыкл рэдактарскіх лекцый «МаладосTEAM на ўвесь свет», з якім мы заяўляемся ва ўніверсітэты і які ўключае тэмы, актуальныя для будучых лінгвістаў, філолагаў, журналістаў, выдаўцоў і проста творчай моладзі. Гэта лекцыі і пра літаратуру, і пра журналістыку, і пра «Маладосць». Другі складнік канцэпцыі — анкетаванне, якое праводзіцца падчас лекцый або можа быць здзейснена на інтэрнэт-старонцы нашага выдання. Яно мае падвойную мэту: нам яго вынікі дапамогуць яшчэ выразней бачыць сваю аўдыторыю, а моладзь атрымае магчымасць больш ведаць пра наш часопіс і перспектывы супрацоўніцтва з рэдакцыяй. Пазнака на анкеце — пра магчымасці, якія выданне гатова даць тым, «каму ёсць што сказаць свету», — гэта не проста слоган. Мы прапануем маладым людзям быць сустваральнікамі часопіса. Ад гэтага і пытанні адмысловага кшталту, і неардынарныя прапановы: «Уяві, што табе трэба прадаць рубрыку», «Уяві сябе галоўрэдам»...

— Вы нават прапануеце вылучаць кандыдатаў на «нобелеўку»...

— Ну, так (з усмешкай). У процівагу выразу «Нічога асабістага» тут трэба сказаць: «Толькі асабістае». У рубрыку «Мой набеліст» кожнаму патэнцыйнаму яе аўтару прапануецца напісаць пра пісьменніка, якога асабіста ён, гэты аўтар, узнагародзіў бы ўласнай Нобелеўкай, з абгрунтаваннем: за што. Гэта павінна быць асабістая аргументацыя на карысць творцы, які на пэўным этапе жыцця аўтара моцна на яго паўплываў. Пісьменнік можа быць з любой краіны і любой эпохі і нават малавядомы і малапрызнаны. Тут дзейнічае прынцып «не для ўсяго свету, але для мяне асабіста». Рубрыка мае некалькі мэт, і прапаганда твора, узмацненне цікавасці да пісьменніка — першая, але не самая важная. А мо і наогул не мэта на фоне наступнага: важна паведаміць маладым чытачам, якія па большасці адначасова і самі літаратары, па-першае, наколькі гэта адказна — пісаць, ведаючы, што цябе прачытаюць, а па-другое, наколькі індывідуальнасць мацнейшая, чым мода, масы, брэнды і трэнды. Бо ўсё апошняе пералічанае ствараецца першым.

— Ваша рубрыка «100slow» — такая нібы серыя самапрэзентацый маладых аўтараў...

— Так і задумвалася, але больш не для саміх гэтых аўтараў, а для тых, хто яшчэ толькі наважваецца да іх далучыцца. Гэта літаральна 100 слоў, якія прапануецца напісаць нашым творцам пра тое, як яны дайшлі да выдання. Але звярніце ўвагу на slow — «павольны». Ідэя ў тым, што «Маладосць» працягвае заставацца часопісам, трапіць у які са сваім напісаным — нешта ды значыць. Яго роля для маладых заключаецца сярод іншага і ў тым, каб даць зразумець, што літаратура — гэта не проста збег думак, ідэй і натхнення, што гэта не толькі творчы палёт, але і пакуты — сумненні, старанне, пошук, што талент трэба не толькі праяўляць, але і выхоўваць. «Маладосць» — не зборнік твораў, безаглядна прынятых да друку, хутчэй гэта зборнік набела перапісаных чарнавічкоў, над якімі аўтар працаваў упарта і часам доўга, пад наглядам рэдактараў. І ў тых слёзы шчасця наварочваюцца на вочы, калі ў «100slow» прысылаецца, скажам... А вось я вам некаторае прачытаю:

«Не адмялі, не пасмяяліся. Тэксты ўзялі, удумліва прачыталі, патлумачылі, дзе памылкі. Слоўнікі параілі, рэсурсы і даведнікі. Пахвалілі, падтрымалі, у друк адправілі. І вырасла дзяўчынка за тры гады ў паспяховую, запатрабаваную аўтарку. Вось што такое для мяне «Маладосць».

«Першае эсэ для «Маладосці» я напісала недзе каля свайго 18-годдзя — часу сама- (-капання, -пошуку, -бічавання, -аналізу). Хацелася зразумець, хто я, але атрымлівалася так-сяк-накасяк, абы не па-людску. З кожным новым тэкстам, выплюхваючы страхі, спадзяванні, мары, уласцівыя юнацтву, я сталела ў «Маладосці», і, вельмі спадзяюся, хто-небудзь з аднагодкаў разам са мной. З часопісам я дзялілася вандроўкамі, сустрэчамі, жыццём у інтэрнаце, думкамі пра лёс»,

«Толькі ўявіце: вашы творы чытаюць. Падпраўляюць. Друкуюць (ага, нават на паперы!). А ў паштовую скрыню ляцяць зваротныя «маладосцеўскія» лісты з прапановай наведаць імпрэзу, напісаць у рубрыку. Даслаць

штосьці новенькае. Тры гады мінула, а я ўсё дзіўлюся. Дзіўлюся — але дасылаю. Паспрабуйце і вы».

«Быкаў тынкаваў будынкі, навучаючыся ў ФЗА, Даўлатаў будаваў метро ў Ленінградзе, Стэйнбек парабкаваў, а Букоўскі, здаецца, наогул усім займаўся. Так-так, я відавочна ліслівіў сабе, калі перабіраў усе гэтыя імёны, адной рукой гартаючы паведамленне ад рэдакцыі, што тэкст прыняты, а другой тынкуючы сценку. Чарговая, трыццаць восьмая, спроба завязаць нешта пісаць адкладаецца. Праўда, бралі мяне псіхі яшчэ разоў восем да тых трыццаці васьмі, але нічога, нармальна. Будзем, значыць, працаваць і развівацца разам, калі ўжо даверылі!»

Вось такія водгукі аўтараў на работу з імі, а галоўнае — на іх работу над сабой і сваімі творамі. І гэта таксама да тэмы «Больш чым часопіс», таму што гарэць ідэямі — гэта вельмі мала, і запальваць іншых — таксама толькі палова справы. Трэба неяк так пастарацца, каб агонь, запалены ў іншых, не згасаў. Вось да гэтага мы імкнёмся. А як будзе — пакажа час...

Інфармацыя падрыхтавана па матэрыялах Выдавецкага дома “Звязда”.

Часопіс "Маладосць" можна набыць у гандлевых аб'ектах РУП "Белсаюздрук".