220030, г.Минск, ул. Володарского, 16 +375 17 365 46 94 для слабовидящих
БЕЛ РУС ENG
Вынікі працы ў 2019 годзе Выдавецкага дома "Звязда".

Канец года — час, калі варта падводзіць вынікі і складаць планы. У вялікай ступені гэта датычыцца кнігавыдаўцоў, для якіх важна адзначыць, што ўдалося і на што трэба звярнуць увагу надалей. Пра тое, чым запомніўся 2019 год, распавядае намеснік дырэктара Выдавецкага дома «Звязда» Юлія Дашкевіч.

— Колькі часу праходзіць ад задумы кнігі да яе рэалізацыі?

— Усё залежыць ад таго, у якім стане да нас трапіў рукапіс. Калі ён не патрабуе значных дапрацовак, то ўсё адбываецца вельмі хутка. Многае залежыць і ад мастацкага афармлення. Калі пісьменнік звяртаецца да нас і ўжо дамовіўся з мастаком, то працэс праходзіць больш гладка і займае літаральна месяц. Да таго ж вельмі важна, каб мастак ствараў пад аўтара, быў добра знаёмы з творам. Бо мастацкае афармленне — цалкам вынік работы аўтара і мастака. Калі ж мастака шукае выдавецтва, яму патрэбен час пазнаёміцца з творам, ды і над рукапісам даводзіцца папрацаваць, то на падрыхтоўку кнігі неабходна 3—4 месяцы. Таму, калі аўтар прыходзіць і кажа, што афармленнем будзе займацца канкрэтны мастак, выдавецтву нашмат прасцей. Ёсць варыянт, калі аўтар і ілюстратар — у адной асобе. Хоць гэта даволі рэдкая з’ява (напрыклад, Надзея Бука). Зараз мы запрашаем да супрацоўніцтва выпускнікоў Акадэміі мастацтваў, якія вельмі зацікаўлены ў ілюстрацыі кніг. Для іх гэта будзе першая праца. Але тут трэба знайсці аўтара, згоднага на такі эксперымент. Тым не менш, мне падаецца, гэта вельмі перспектыўная практыка, асабліва калі ідзе гаворка пра афармленне дзіцячай літаратуры.

— Што сабой уяўляе план Выдавецкага дома «Звязда»?

— Звычайна гэта каля 30 найменняў кніг у год з сярэднім накладам 1000—1500 экзэмпляраў кожная. Цесна супрацоўнічаем з бібліятэчнай сістэмай. У якасці прыкладу тут можна прывесці творы Кацярыны Хадасевіч-Лісавой, Міхаіла Дзеравянкі, Святланы Быкавай, Ірыны Карнаухавай, Анатоля Зэкава, Ягора Конева, кнігу якога, дарэчы, мы плануем выдаць і ў наступным годзе. Таксама выдаём за асабістыя сродкі тых аўтараў, кнігі якіх, па нашых прагнозах, не застануцца на складзе. Як правіла, гэта дзіцячая літаратура. Сёлета, напрыклад, выпусцілі дзве тысячы дадатковага тыражу кнігі «Ні секунды цішыні!» Дзмітрыя Юртаева.

— Асноўны чытач Выдавецкага дома «Звязда» — хто ён?

— У большасці сваёй гэта дзеці і падлеткі. Нават інфармацыя з бібіліятэчных сетак кажа пра тое, што ў абанементах з’яўляецца ўсё больш падлеткаў. Што датачыцца людзей сярэдняга і сталага ўзросту, то для іх мы імкнёмся выдаваць ваенную літаратуру, асабліва важна гэта рабіць зараз — да 75-годдзя перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне, а таксама літаратуру, прысвечаную Году малой радзімы. Дарэчы, укладальніцай адной з адметных кніг на гэтую тэму — «Мая радзіма» — была Алена Стэльмах, а фотаздымкі для яе зрабілі Уладзіслаў Цыдзік і Яўген Пясецкі. Кніга цікавая тым, што тут прадставілі сваю малую радзіму ледзь не ўсе члены Саюза пісьменнікаў Беларусі.

— Ці ёсць нейкае адрозненне Выдавецкага дома «Звязда» ад іншых айчынных выдавецтваў?

— Наша выдавецтва робіць акцэнт на беларускамоўнай дзіцячай літаратуры. Хоць гэта і не прагаворваецца, у кожнага выдавецтва ёсць свая ніша, у якой хочацца развівацца.

Мы часта ўдзельнічаем у разнастайных міжнародных кніжных выстаўках, імкнёмся пераняць станоўчы вопыт іншых краін. Да таго ж, каб прывабіць чытача, пачалі дадаваць і QR-коды. Дзеці ўжо ведаюць, што можна паглядзець ролік (1 хв. 40 сек.), і гэтага дастаткова, каб яны сфакусіраваліся. Такія кнігі маюць сапраўдны поспех. Бясспрэчна, хочацца звязаць новаўвядзенні з кнігай. Напрыклад, у нас з’явілася кніга-квэст «Ключ ад вялікай каштоўнасці» Кацярыны Хадасевіч-Лісавай.

— І наклады, і тэматыка сведчаць пра зацікаўленасць чытача. Але як выдавецтва знаёміць з новымі кнігамі? — Выдаць кнігу — адна справа. Зусім іншая — яе прадаць, данесці да чытача. Перш-наперш у гэтым дапамагаюць бібліятэкі. Але яны ўвесь тыраж выкупіць не могуць. Таму на базе крам «Белкнігі» і «Белсаюздруку» праводзім штотыднёвыя прэзентацыі. Так, мы замацавалі за сабой апорныя крамы — № 13 «Белсаюздруку» і «Кнігаполіс» ААТ «Белкніга» Мінска, а таксама «Букініст» у Магілёве. У «Кнігаполісе» праводзім акцыю «Чытаем разам са “Звяздой”». Там, дарэчы, размешчаны асобны стэнд, прысвечаны нашай літаратуры, — можна знайсці любую кнігу Выдавецкага дома, да таго ж набыць іх са зніжкамі. Зараз запусцілі акцыю «Новы год са “Звяздой”»: пры набыцці любой нашай кнігі да 31 снежня 2019 года пакупнік атрымлівае падарунак: паштоўку-ліст да Дзеда Мароза. Акцыя дзейнічае ў Цэнтральнай краме, «Кнігаполісе» і ва ўсім «Белсаюздруку».

Яшчэ адна з нашых акцый — «“Звязда” сустракаецца з сябрамі» — праходзіць з лістапада 2019 г. у горадзе Магілёве і ўсіх буйных гарадах Магілёўскай вобласці. Такі маршрут абраны таму, што вынікі акцыі будуць падведзены на Дні беларускага пісьменства ў Бялынічах. Пасля таго, як Бялынічы перададуць эстафету іншаму гораду, мы завітаем і туды. Такім чынам плануем аб’ездіць усю Беларусь. Але самае галоўнае — трапіць у тыя месцы, куды шмат новых кніг наўпрост не даходзіць, чытач іх не бачыць. Калі мы куды-небудзь выязджаем, то запрашаем з сабой аўтараў, якія праводзяць прэзентацыі на базе бібліятэк і школ: часта гэта дзіцячыя конкурсы, загадкі, вершы, пераўвасабленні і традыцыйна ў канцы кожнага мерапрыемства — продаж і аўтограф-сесія аўтара.

— З якой рэакцыяй часцей сутыкаецеся?

— Звычайна і дзецям, і бацькам усё падабаецца. Трэба адзначыць, у параўнанні з 2016—2017 гадамі, павялічыліся і пакупніцкі попыт, і бібліятэчны фонд. Асабліва заўважная цікавасць дзяцей малодшага школьнага ўзросту да беларускамоўных кніг. Усё ж друкаваная кніга вяртаецца.

— Літарататурная крытыка дапамагае, перашкаджае? Ці адчуваецца ўвогуле яе ўплыў?

— Безумоўна, так. Але і станоўчую, і адмоўную крытыку ўспрымаем добра. У сённяшнюю эпоху інтэрнэту вельмі цікава сачыць за дыялогам, які так ці інакш узнікае пры любым абмеркаванні твора. І гэта насамрэч выдатна: пра кнігі чуюць, ведаюць.

— Якім аўтарам даводзіцца адмаўляць?

— Кожны пісьменнік лічыць свае творы найлепшымі. Але ўсё вырашае рэдакцыйны савет. Пры абмеркаванні ўлічваецца перш за ўсё тэма, якая можа быць не зусім цікавая сённяшняму чытачу. Час ад часу прапаноўваем удасканаліць твор: папрацаваць з архівамі, пашукаць фотаздымкі і г. д. Бывае і такое, што нелагічна нейкі твор выдаваць асобнай кнігай — гэта хутчэй нагода для таго ці іншага зборніка, у які б увайшлі розныя аўтары. Часам, калі твор не дацягвае да фармату асобнай кнігі, раім аўтарам звярнуцца ў нашу перыёдыку — «Нёман» ці «Полымя», напрыклад. Але здараецца і такое, што ў аўтара атрымліваецца пераканаць нас у неабходнасці яго кнігі, і мы мяняем сваё меркаванне. Стараемся знайсці залатую сярэдзіну і нікога не пакрыўдзіць.

— Што б параілі пісьменніку, які ўпершыню хоча выдаць кнігу?

— Кніга павінна быць цікавая, запатрабаваная чытачамі. Неабходна, каб аўтар ведаў, якая ў яго аўдыторыя, хто яго чытач. Хочацца, каб выданне не стаяла на паліцы. Што датычыцца звароту да канкрэтных жанраў, то тут складана сказаць. Напрыклад, апошнім часам мы выдалі некалькі гістарычных раманаў, якія мелі поспех, таму плануем працягваць выданне такой літаратуры. Але гэта не азначае, што аддамо перавагу толькі ёй.

— Якія кнігі вашага выдавецтва чакаць чытачам у наступным годзе?

— Па-першае, будзе працяг серыі кніг Людмілы Рублеўскай — 6 кніга — «Авантуры Вырвіча, лётніка і чорнай меланхоліі». Дзецям, спадзяёмся, будуць цікавыя новыя кнігі Ірыны Карнаухавай, Ірыны Токаравай, Жанны Міус, Кацярыны Хадасевіч-Лісавой. Яшчэ ў нас рыхтуецца кніга «Без жалезнай заслоны» знакамітай журналісткі Інесы Плескачэўскай, з якой мы ўжо супрацоўнічалі пры выданні кнігі пра Францыска Скарыну. Працягнем серыю «У пошуках страчанага» Уладзіміра Ліхадзедава: гэтым разам пра Нясвіж.

Інфармацыя падрыхтавана па матэрыялах ЛіМ.