220030, г.Минск, ул. Володарского, 16 +375 17 365 46 94 для слабовидящих
БЕЛ РУС ENG
Пераклады твораў Янкі Купалы на мовы народаў свету.

У Нацыянальнай бібліятэцы Чувашскай Рэспублікі адбылася прэзентацыя зборніка Янкі Купалы «Санеты на мовах свету», выдадзенага «Мастацкай літаратурай».

У кнізе сярод іншых тэкстаў на 16 мовах – і пераклад легендарнага купалаўскага цыкла на чувашскую мову. Гэта пераўвасабленне здзейсніў сапраўдны сябра Беларусі – народны паэт Чувашыі Валеры Тургай. Нельга не заўважыць, што літаратар добра вядомы на постсавецкай прасторы як перакладчык паэзіі А.С.Пушкіна, Т.Р.Шаўчэнкі, Ду Фу, Лі Бо, іншых сусветна вядомых паэтаў.

Валеры Тургай – часты госць у Беларусі, удзельнік Дзён беларускага пісьменства, Міжароднага сімпозіума літаратараў «Пісьменнік і час», традыцыйнай Мінскай міжнароднай кніжнай выстаўкі-кірмашу. У Беларусі ў апошнія гады з’явілася нямала публікацый чувашскага паэта ў перакладзе на беларускую мову. А сам Валеры Тургай пераклаў і выдаў у Чабаксарах і невялікую анталогію класічнай і сучаснай беларускай паэзіі. У зборніку «Францыск Скарына на мовах народаў свету», які ўжо мае чатыры выданні, змешчаны пераклад урыўка з прадмовы Ф.Скарыны да «Кнігі Юдзіф» у чувашскім пераўвасабленні таксама Валеры Тургая.

На вечарыне ў гонар купалаўскіх «Санетаў» у Нацыянальнай бібліятэцы Чувашыі гучалі рознамоўныя прачытанні паэзіі народнага песняра Беларусі. Удзельнікі імпрэзы, віншуючы Валеры Тургая з бліскучым перакладам, адзначылі, што «Санетамі» Янкі Купалы ўзбагачаецца і чувашская паэзія, і чувашская школа мастацкага перакладу.

Інфармацыя падрыхтавана па матэрыялах sozvuchie.by.