Падчас ХХVII Мінскай міжнароднай кніжнай выстаўкі-кірмашу адбылася творчая сустрэча з журналістам-міжнароднікам і публіцыстам Інесай Плескачэўскай. Нагодай паслужыла прэзентацыя яе кнігі «Гістарычныя прагулкі з Францыскам Скарынам», што пабачыла свет у Выдавецкім доме «Звязда» ў межах праекта да 500-годдзя Францыска Скарыны. Ці мае патрэбу ў прэзентацыі выданне, наклад якога цалкам разышоўся? У аўтара на той момант заставалася тры асобнікі. Таму і тэмы, што ўздымалі падчас імпрэзы, былі розныя. Абмяркоўвалі не толькі праекты, якія завяршыліся, але і тыя, што плануюцца; асаблівасці нацыянальнага характару і ўспрыманне сябе рознымі народамі, пэўную закрытасць ці, наадварот, адкрытасць у жаданні супрацоўнічаць. Самае цікавае з гутаркі прапануем да ўвагі чытача.
На старонках прэсы
Праект, над якім Інеса Плескачэўская працуе на працягу пяці гадоў, — «Без жалезнага занавесу» — рэалізуецца на старонках выдання «СБ. Беларусь сегодня». Распавядае ён пра змены, якія адбыліся ў былых сацыялістычных краінах на працягу апошніх трох дзесяцігоддзяў. Аўтар наведала 7 краін: былая ГДР, Чэхія, Славакія, Венгрыя, Польшча, Балгарыя і Румынія. У свежых нумарах газеты якраз з’яўляюцца публікацыі пра Румынію.
Першапачаткова была ідэя расказаць толькі пра брэнды былых сацыялістычных краін (прадукцыю, якая лічылася гандлёвым знакам, альбо «гандлёвай маркай»). А пачыналася ўсё з апытання чытачоў: якія брэнды памятаюць яны? Высветлілася, што з Чэхіі памятаюць піва і багемскае шкло, з Румыніі — мэблю, у ГДР — фільмы пра індзейцаў з Гойка Міцічам у галоўнай ролі, з Балгарыі — садавіну, гародніну, цыгарэты, тытунь. Узнікла задума наведаць фабрыкі, дзе ўсё гэта выпускалася, пацікавіцца: выжылі яны ці не ў іншых эканамічных умовах (высветлілася, што не ўсе). Па выніках праекта плануецца выдаць кнігу. Увойдуць у яе і шматлікія інтэрв’ю, зробленыя падчас наведвання краін. Напрыклад, гутарка з апошнім царом Балгарыі, з апошнім камуністычным правадыром былой ГДР, першым прэм’ер-міністрам незалежнай Славакіі, многімі рок- і попзоркамі ды і простымі людзьмі. Спектр сустрэч павінен быў быць шырокім, каб самыя розныя людзі расказалі, як змянілася іх жыццё за 30 гадоў. Магчыма, гэта ўсё — суб’ектыўеныя погляды, але Інеса Плескачэўская падкрэсліла: менавіта суб’ектыўныя погляды, калі пададзены разам, ілюструюць аб’ектыўную карціну жыцця... Акрамя таго, аўтар зрабіла шэраг інтэрв’ю спецыяльна для кнігі, якая рыхтуецца да друку (яшчэ не публікаваліся): з былым прэзідэнтам Польшчы Лехам Валенсам і з адным з яго паплечнікаў Адамам Міхнікам.
Пра эканамічныя тэндэнцыі
Ва ўсіх постсацыялістычных краінах мелі месца падобныя эканамічныя працэсы. І з кааператывамі, і з зямлёй кааператыўнага карыстання адбылося адно і тое ж: яны перасталі існаваць. Зямлю вярнулі былым уладальнікам. У тых, хто спецыялізаваўся на сельскай гаспадарцы, засталіся маленькія зямельныя надзелы: займацца сельскай гаспадаркай, як раней, стала немагчыма. Балгарыя зрабіла стаўку на збожжавыя. Гароднінай цяпер там не займаюцца. Калі раней балгарскія памідоры былі надзвычай папулярныя за межамі краіны, то цяпер іх імпартуюць з Турцыі...
Пра набыткі
Усе грамадзяне постсацыялістычнай прасторы адзначаюць і станоўчыя змены, якія прыйшлі ў іх краіны. Гэта свабода перамяшчэння і свабода ў выказванні думак і меркаванняў. Усе адзначалі: такая свабода вартая эканамічных цяжкасцей, якія давялося перажыць і якія перажываюць яшчэ і цяпер.
Пра самае незвычайнае ўражанне
Уклад жыцця ў Кітаі вельмі адрозніваецца ад нашага — вось што ўражвае найперш і найбольш, як адзначае Інеса Плескачэўская. Але яшчэ больш уразіла аўтара тое, что славяне і азіяты розныя фізіялагічна. Так, сяброўка з Еўропы, разам з якой аўтар падарожнічала, вымушана была шукаць сабе донара перад тым, як легчы ў бальніцу. Бо сярод кітайцаў няма носьбітаў ІІ групы крыві з адмоўным рэзус-фактарам.
Пра наступны праект
Асновай для наступнага праекта Інесы Плескачэўскай стануць былая Югаславія і Балканы. У больш далёкіх планах аўтара — наведаць усе постсавецкія краіны, паразмаўляць з самымі рознымі людзьмі пра тое, як змянілася іх жыццё.
Пра тое, як нас успрымаюць
Падчас аднаго з інтэрв’ю, якое рыхтавала Інеса Плескачэўская, былы член Палітбюро Польскай рабочай партыі Станіслаў Чосак сказаў: «Калі іду на кірмаш, купляю ўсё толькі ў беларусаў. Яны — самыя сумленныя!»
«Калі людзі даведваюцца, што ты з Беларусі, яны выказваюць толькі прыхільнасць», — у захапленні распавядала аўтар-падарожніца.
Крыніца - Выдавецкі дом «Звязда».
Кнігі Выдавецкага дома "Звязда" можна набыць у гандлевых аб'ектах РУП "Белсаюздрук".