220030, г.Минск, ул. Володарского, 16 +375 17 365 46 94 для слабовидящих
БЕЛ РУС ENG
Хутка выйдзе на экраны фільм паводле твораў Людмілы Рублеўскай пра прыгоды беларускага шляхціча Пранціша Вырвіча.

У Цэнтральнай бібліятэцы імя Янкі Купалы пры ўдзеле Беларускага Саюза кінематаграфістаў і Выдавецкага дома “Звязда” адбылася творчая сустрэча са здымачнай групай гістарычнага фільма “Авантуры Пранціша Вырвіча” вытворчасці Нацыянальнай кінастудыі “Беларусьфільм”. Карціна знята паводле рамана беларускай пісьменніцы Людмілы Рублеўскай. Гэта першы нацыянальны гістарычны праект.

Здымкі фільма праходзілі ў самых знакавых гістарычных мясцінах Беларусі: у Нясвіжскім, Мірскім і Лідскім замках, у Бабруйску, Снове, Мінску. У павільёнах кінастудыі былі пабудаваны ўнікальныя дэкарацыі, якія акунаюць у атмасферу часу, калі панавала шляхта. Раскошныя касцюмы, з дзіўнай дакладнасцю адноўленыя беларускімі майстрамі, падкрэслілі прыгажосць і вытанчанасць XVIII стагоддзя. Спецыяльна для праекта на кінастудыі “Беларусьфільм” па чарцяжах Леанарда да Вінчы быў пабудаваны яго знакаміты танк.

Адкрыў сустрэчу Іван Солас - музыкант, дызайнер і акцёр Тэатра лялек, святла і цені “Дом Сонца”. Уся зала акунулася ў чароўную музыку XVIII стагодзя і была зачаравана гучаннем электроннай арфы.

Вядучымі вечара былі акцёр тэатра і кіно, аўтар шматлікіх арт-праектаў у межах розных фестываляў Ігар Пятроў і актрыса Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы Алеся Прохарава.

На сустрэчу завіталі:

Людміла Рублеўская – беларуская пісьменніца, паэтэса, лаўрэат Нацыянальнай літаратурнай прэміі, аўтар цыкла авантурна-прыгодніцкіх раманаў “Авантуры Пранціша Вырвіча”.

Аляксандр Анісімаў – рэжысёр-пастаноўшчык фільма, стваральнік дакументальнага і гульнявога кіно, акцёр, сцэнарыст.

Георгій Пятрэнка – выканаўца галоўнай ролі Пранціша Вырвіча.

Канстанцін Міхаленка – выканаўца ролі князя Багінскага.

Іна Савянкова – выканаўца ролі Эльзы Пфальцман.

Яраш Малішэўскі – музыка-мультыінструменталіст, песні якога гучаць у фільме.

Напрыканцы вечара кожны жадаючы змог атрымаць аўтографы і зрабіць памятны фотаздымак з удзельнікамі сустрэчы.

Нагадаем, у пракат “Авантуры Пранціша Вырвіча” выйдуць з 19 сакавіка.

Інфармацыя падрыхтавана па матэрыялах Выдавецкага дома “Звязда”.

 

Кнігі пісьменніцы Людмілы Рублеўскай пра прыгоды Пранціша Вырвіча, а таксама іншыя выданні Выдавецкага дома "Звязда" можна набыць у гандлёвых кропках сеткі "Белсаюздрук".