220030, г.Минск, ул. Володарского, 16 +375 17 365 46 94 для слабовидящих
БЕЛ РУС ENG
Гісторыя беларускай міфалогіі.

У выдавецтве «Беларусь» выйшла сур'ёзная і важкая (на 400 старонак) кніга «Міфалогія роднага краю» (2018), напісаная прафесійным даследчыкам беларускага фальклору і навукоўцам Аляксеем Міхайлавічам Ненадаўцом. Выданне ўяўляе сабой аналіз беларускай міфалогіі.

Прапануем вам гутарку з Аляксеем Міхайлавічам Ненадаўцом — беларускім філолагам, фалькларыстам, літаратуразнаўцам, краязнаўцам і педагогам, прафесарам кафедры беларускай і рускай мовы БДЭУ, аўтарам каля 3 тысяч навуковых і навукова-папулярных публікацый, 52 кніг, які ўсё жыццё займаецца даследаваннем беларускай міфалогіі, фальклору і краязнаўствам.

— Добры дзень, Аляксей Міхайлавіч! Вы аўтар вялікай колькасці публікацый і выданняў пра беларускі фальклор і міфалогію, якое месца займае гэта кніга сярод іх?

— Гэта своеасаблівае падвядзенне вынікаў маёй шматгадовай папярэдняй працы, у якой неабходна прыгадаць кнігі: «Пакланіцеся дубу» (1993), «Святло таямнічага вогнішча» (1993), «Каму пакланяліся продкі» (1996), «За смугою міфа» (1999), «Выявы міфалагічнага выраю» (2010) і іншыя. Адначасова хацелася стварыць нашу, беларускую, міфалагічную сістэму, прыгадаць асноўных вярхоўных бостваў, дэманалагічных персанажаў, паказаць, як продкі абагаўлялі звяроў і птушак, шукалі добрае і адначасова бачылі дрэннае сярод прыродных стыхій і гэтак далей. У далёкія часы фарміравалася найбагацейшая язычніцкая карціна свету, якая не саступала па сваёй каштоўнасці і самабытнасці грэчаскай і рымскай, кітайскай і індыйскай, ацтэкскай і шумерскай міфалогіям. З’явілася жаданне сабраць як мага болей матэрыялу і параўнаць, вынесці яго на шырокае абмеркаванне, каб і нашы сучаснікі ведалі, што духоўная спадчына беларусаў надзвычай багатая і шматкаранёвая. Толькі ў выніку гістарычных і сацыяльных акалічнасцей беларусы надта многа страцілі, а страчанае заўсёды цяжка аднаўляць. Але мы паспрабавалі. Як атрымалася? Меркаваць тым, хто прачытае кнігу.

— Перад словам да чытача Вы напісалі: «Маім бацькам, дзядам і прадзедам»... Гэта вельмі кранае... Можаце расказаць, кім яны былі і дзе жылі?

— Мае дзяды-прадзеды былі родам з вёскі Чухава (ці з суседніх з ёю) і жылі яны заўсёды на Піншчыне. Сярод іх адпаведна не было арыстакратаў, бо працавалі на зямлі. Працавалі, праўда, годна, сумленна, былі шчырымі вяскоўцамі. Прадзед па бацьку быў вясковым «касёрам» (касірам), да якога сяляне неслі грошы на захаванне. Значыцца, давяралі. Самае галоўнае, што ён не меў ніякай граматы і таму, калі прымаў грошы на захаванне, то сціскаў у сваёй заскарузлай ад працы руцэ столачку і гаварыў на іхняга гаспадара: «Глядзі, колькі ты мне даў…» Гэткім жа манерам адбывалася і вяртанне грошай. Ніхто і ніколі не паскардзіўся. Усё было сумленна... Ягоны сын Аляксей, а мой дзед, пры паляках быў начальнікам пажарнай варты ў вёсцы. Ягоная пажарная каманда, дарэчы, добраахвотная, была адной з лепшых ва ўсёй акрузе. Палякі неаднаразова прэміравалі іх, нават пашылі спецыяльную хвацкую форму, у якой пажарныя хадзілі па святах сярод сялян... Дзед памёр недзе ўсяго ў трыццаць гадоў. Калі яго хавалі, то везлі на пажарнай каланчы і над свежай магілай польскія паліцыянты далі трайны салют. Атрымліваецца, што паны салютавалі мужыку, селяніну. Дзед, мабыць, меў афіцэрскае званне...

Добра памятаю мамінага бацьку, свайго дзеда Уладака, выдатнага танцора, спевака, рыбака і паляўнічага. У ягоным азначэнні гэта гучала, як «прамыславік». Займаўся сваім улюбёным заняткам яшчэ пры паляках, атрымліваў на гэтым неблагую капейку, а на зямлі працаваць не захацеў і таму перадаў свой зямельны надзел роднаму брату. Дарэчы, гэта потым вызваліла дзеда ад залічэння ў вясковыя кулакі. Ягонага дзеда, які быў кавалём, пан з суседняй вёскі, разам з сям’ёю, прайграў у карты (быў прыгон). Так ягоны род апынуўся ў нашай вёсцы. Дзед вельмі хацеў, каб я, ягоны старэйшы ўнук, пайшоў па ягоных слядах і стаў паляўнічым і рыбаком. Навучыў мяне выдатна страляць. Але, уволю настраляўшыся ў войску, я стаў пацыфістам і ніколі ні ў што жывое не страляў і страляць не збіраюся. Навучыўся ад яго і ад мамы хораша спяваць. А вось танцаваць, няхай Пан Бог даруе і адверне ў той час людскія вочы ад мяне. Заўсёды нізка схіляю галаву перад сваімі продкамі: і перад тымі, каго ведаў, і перад тымі, хто застаўся заслонены ад мяне флёрам шматвяковай таямнічасці.

— Ці засталі Вы жывымі кагосьці са сваіх прадзедаў?

— На жаль, не.... Як бачыце, у жывых я застаў аднаго са сваіх дзядоў — Сыцэвіча Уладзіміра Фёдаравіча, 1906 года нараджэння, пісьменнага, гэта ён заўсёды падкрэсліваў. Калі я паступіў у Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт, то больш ганарлівага чалавека ў шматлюднай вёсцы не было. Дзед нават умудрыўся аддубасіць свайго дваюраднага брата, які паспрабаваў сказаць, што і ягоны ўнук будзе гэткім жа адукаваным. Ага, не на таго нарваўся!

Па жаночай лініі добра памятаю дзвюх бабуль — Вольгу і Настассю, а таксама маці першай — маю прабабку Агапку: высокую, сівую, з густым, моцным голасам. Жыла яна ў Пінкавічах. Сёння гэта частка Пінска.

— Вы паходзіце з Пінскага раёна Брэсцкай вобласці... А ці ёсць у кнізе міфы з Піншчыны? Можа нейкія з іх захаваліся менавіта ў Вашым родзе?

— Звычайна даследчыкі не падзяляюць свае запісы на міфы і фальклорныя жанры. Ды і знайсці ў наш час нешта звязанае ўвогуле з міфалогіяй — з’ява надзвычай рэдкая. Можна адшукаць нейкі рэлікт ды і той, як потым акажацца, своеасаблівы пераказ ці варыянт раней вядомага і зафіксаванага іншымі. У маім родзе такіх непаўторных носьбітаў міфаў бацькаўшчыны не было.

Прабабка Агапка была моцнай варажбіткай, дапамагала людзям, не забывалася і пра сябе, бо перажыла ажно пяцярых (!) мужоў. Мабыць, ведала нейкія надзвычай моцныя прысушкі. А вось міфалагічныя, казачныя сюжэты і варыянты, якія пачуў яшчэ недзе ў 3—5-гадовым узросце, найперш, ад мамы і дзядулі — гэта нібыта рэальныя гісторыі пра чараўніцтва вужоў, пра смяротную небяспеку мядзянак (сліўняў, слямнёў) — увогуле неядавітых стварэнняў, але затое шчодра ўзнагароджаных народнымі дарадцамі такімі фантастычнымі здольнасцямі. Наша вёска знаходзіцца на Палессі, сярод былых балот, таму гадаў людзям заўсёды даводзілася бачыць шмат, бо з «імі жылі-пажывалі…»

 

 

Рэдактар кнігі "МІфалогія роднага краю" Настасся Галкоўская

— У канцы Вашай кнігі вялізны спіс літаратурных крыніц. Колькі часу спатрэбілася Вам на іх вывучэнне і падрыхтоўку кнігі?

— У мяне ў самога надзвычай багатая бібліятэка, якую збіраю ўсё сваё жыццё. Дадайце сюды шматгадовую працу са спецыяльнай літаратурай, калі не было сваіх кніг, з фальклорнымі і міфалагічнымі зборнікамі. Так і фарміраваўся спіс літаратуры, пастаянна павялічваўся, узмацняліся пэўныя пазіцыі і гэтак далей. Для мяне гэта звычайны працоўны рытм: чытаеш, выпісваеш, занатоўваеш, запамінаеш, параўноўваеш, аналізуеш, сістэматызуеш, нешта адкідваеш, бо ці паўтараецца, ці састарэла або не падыходзіць для маёй творчай канцэпцыі. Дарэчы, за той час, калі выйшла кніга, змог бы зараз дадаць яшчэ добры дзясятак пазіцый літаратуры. Аказваецца, добра, што некалі навучыўся ўважліва чытаць.

— Назавіце Вашы любімыя ўрыўкі ці главы ў кнізе?

— Я ніколі не падзяляю кнігі на любімыя і нелюбімыя. Маю на ўвазе свае... Усё ж праходзіць цераз уласную галаву і душу. Таму нешта атрымліваецца лепей, нешта — моцна, а нейкая частка — яўна патрабуе дапаўнення. Не буду вам гаварыць, якая. Лепей скажу, што асабліва прыцягваюць архетыпы звяроў і птушак, а яшчэ дэманалагічны рад персанажаў беларускай міфалогіі. А чым горшыя сюжэты пра Светабудову, ці пра вярхоўных язычніцкіх багоў і бостваў?

Заўсёды хочацца ахапіць як мага болей, увабраць усё да драбнічкі... Але праходзіць час і абавязкова з’яўляецца нешта новае, цікавае, якое ўвёў бы ў кнігу, але ж ужо пазнавата…

— Мне вельмі падабаецца загадкавая выява вужа са скарбам на вокладцы. Хто яе прыдумаў?

— Вужа ў кароне змясціў на вокладцы не я. Гэта прапанова мастацкай рэдакцыі выдавецтва «Беларусь», а я ўхваліў гэту задумку, бо яна па-сапраўднаму акцэнтуе ўвагу на адным з самых дзівосных і захапляльных сюжэтаў нацыянальнай міфалогіі.

У нашых суседзяў няма такога персанажа. Хіба толькі ў літоўцаў, ды і то там гэта не Цар-вуж, а каралеўна Эгле (Эль), але, праўда, у іх ёсць музей, прысвечаны гэтай міфічнай істоце. А прыгадайце літаратурныя апрацоўкі гэтага сюжэту А.Баршчэўскім і М.Багдановічам. Ды яшчэ і сёння па палескіх вёсках можна многае пачуць адносна чароўных уласцівасцей і магчымасцей вужоў. Гэты аспект надзвычай трывалы і жывучы. Таму выбар такой выявы для вокладкі даволі ўдалы, і я нават не думаў прапаноўваць нешта іншае.

— У Вашай кнізе гаворыцца, што ў беларускай міфалогіі ёсць шмат незразумелага для сучаснікаў, а вялікі пласт інфармацыі страчаны. Як Вы лічыце, прыкладна які аб’ём беларускіх міфалагічных уяўленняў згублены назаўсёды?

— Гэта не той выпадак, дзе на дапамогу могуць прыйсці звычайныя матэматычныя падлікі. Проста, калі пісаў кнігу, то выразна бачыў і адчуваў, што існуюць цэлыя «белыя пляміны», якія мне выпадала замяшчаць паралелямі з суседніх міфалогій (а то і з не вельмі блізкіх), разважаннямі, і толькі тады супакойваўся, калі бачыў, што атрымлівалася раўнюткае «палатно» ў выкладваемым матэрыяле.

Асабліва многа страцілі мы, калі трапілі пад прыгнёт царызму, а потым – калі савецкая ўлада надзвычай актыўна і зацята змагалася з цемрашальствам і забабоннасцю. Да гэтага часу так і не змог зразумець, а чаму ж найбагацейшая народная міфалогія трапіла ў гэты «закляты» ланцуг... трапіла і выйшла з велізарнымі стратамі... На вялікі жаль, ужо з незапаўняльнымі і нават не з замяняльнымі на сённяшні дзень. Інтуіцыя ў любой справе — рэч добрая, але лепей бы існавала тое, першастваральнае.

— Скажыце, у якой з абласцей Беларусі міфалогія захавалася лепш за ўсё, а ў якой горш за ўсё і чаму?

— Асабліва трэба вылучаць беларускае Палессе, якое акадэмік М.І.Талстой любіў называць «калыскай чалавецтва». Менавіта туды ён і сам пастаянна накіроўваўся са сваімі шматлікімі экспедыцыямі. Калі ж браць нейкія паасобныя сюжэты, то я такога падзелу, такой градацыі, ніколі не праводзіў. Навошта мне гэта было рабіць, калі я запісваў фальклор паўсюдна па Беларусі?

Шкада толькі, што амаль не засталося аўтэнтычных носьбітаў беларускай міфалогіі, вусна-паэтычнай творчасці. Яны сышлі ў «лепшы» свет, пакінуўшы пасля сябе такую цудоўную скарбонку. Матэрыялам гэтым неабходна ашчадна і беражліва карыстацца, каб чаго не згубіць, бо і так ужо шмат страчана. Сёння нават папулярныя яшчэ некалькі дзесяцігоддзяў таму фальклорныя экспедыцыі амаль не прыносяць значнай навуковай карысці. Няма ад каго запісваць. Таму даводзіцца пастаянна пераключацца на нейкія здробненыя матывы, сюжэты, аспекты, каб паспець дапоўніць іх, бо неўзабаве знікне і гэта. Такая рэальнасць сучаснага жыцця, якое ў адвечную духоўную спадчыну беларусаў (ды хіба толькі іх!) унесла многа адмоўнага.

— Прывядзіце прыклад, якую з загадак беларускай міфалогіі Вы асабліва хацелі б разгадаць, калі б была такая магчымасць?

— Калі б на самай справе была такая магчымасць, то хацеў бы апынуцца ў часе стварэння нашымі продкамі ўсеагульнай карціны Светабудовы. Ведаеце — чаму? Каб пераканацца ў тым, ці не надта многа я нафантазіраваў, напрыцягваў пабочнага матэрыялу і ці ўсё гэта адпавядала б іхнім традыцыйным поглядам...

На вялікі жаль, такой магчымасці ў мяне не будзе. Я гэта добра ўсведамляю, але, паўтаруся, калі б яна з’явілася, то ішоў бы менавіта ў гэтым накірунку. Убачыўшы, прачуўшы, усвядоміўшы тыя сюжэты намнога прасцей і лягчэй было б асвятляць іншыя бакі нашай міфалогіі і фальклору...

— Што трэба зрабіць, каб нашы патомкі добра ведалі беларускую міфалогію?

— Папулярызаваць фальклор, міфалогію, увогуле духоўную культуру беларусаў. Падаваць запісы фалькларыстаў у «перакладзе» на сучасную мову для большай зразумеласці і даходлівасці, каб гэта маглі тлумачыць у садках і ў школах, у ВНУ, але ні ў якім разе не апускацца да празмернага спрашчэння адвечных персанажаў і вобразаў, што адбываецца зараз у кожнай сітуацыі, якая падыходзіць для нейкага святкавання, а часам амаль што кожны дзень.

Нашы сучаснікі, пераказваючы ці паказваючы нейкі абрад, дзеянне, персанаж, вобраз любяць паўтараць, нібы беручы ў сведкі ўсемагутную вярхоўную сілу, што «так і было…» Часта, на вялікі жаль, вельмі часта даводзіцца назіраць і слухаць незвычайную дурноту. Вось яе і трэба называць прымхамі і цемрашальствам, а не тое, чаму пакланяліся нашы слаўныя продкі. Люблю я іх і паважаю, таму і пішу пра іх заўсёды з пачуццём адказнасці і асаблівага гонару. У школьных праграмах — прабел па гэтай тэме. Зараз выйшлі новыя падручнікі па гісторыі і там міфалогіі, хутчэй за ўсё, не знойдзецца месца, а шкада.

— Не маглі б Вы для досведу нашых чытачоў, якія яшчэ толькі хочуць пачаць сваё знаёмства з беларускай міфалогіяй, назваць своеасаблівую міфалагічную візітную картку кожнай з абласцей Беларусі — іх галоўную легенду, міфічнага героя ці з’яву?

— На такое пытанне я звычайна адказваю сваім пытаннем: «А ў вас што, і чарцей няма?..» Найбольш прасунутыя адразу пачынаюць усміхацца і супакойваюцца (відаць, у памяці пачынаюць пералічваць чарцей), а тыя, каго можна аднесці да не вельмі ўважлівых слухачоў, просяць патлумачыць больш падрабязна. Увогуле, то я такога б не рабіў. Ну, сустракаюцца надзвычай папулярныя легенды пра Менеска, пра Машэку, а як тады быць з Віцебскам, Брэстам, Гародняй, Гомелем, іншымі гарадамі і мясцовасцямі. Няхай лепей гэтыя легенды і паданні будуць усебеларускімі. Толькі, каб не прыдуманымі, прымусова ўведзенымі і гэтак далей. Няма ўсеагульных, «буйных» легендаў і паданняў, то абавязкова знойдуцца мясцовыя варыянты і сюжэты, паасобныя тапанімічныя цікавыя гісторыі, неабходна запісваць і захоўваць, папулярызаваць іх. Даследаванне міфалогіі і фальклору — гэта надта складаная задача, а не так, як некаму можа падацца, што падскочыў і ўсё адразу вырашыў. Далёка не так...

— У адным са сваіх інтэрв’ю Вы сказалі, што вандроўкі па родным краі і фальклорна-этнаграфічныя экспедыцыі для Вас не толькі творчая праца, але і цудоўны адпачынак. Ці ёсць яшчэ куткі Беларусі, куды б Вы яшчэ хацелі адправіцца ў экспедыцыю?

— Я зараз падарожнічаю толькі па Піншчыне і Закарпацці ў час свайго афіцыйнага адпачынку. На болей не стае часу і сілы. Таму ў большасці выпадкаў мае падарожжы сёння — гэта «палёты» ў памяці, у разважаннях, ва ўспамінах, у тым, што было, праз што давялося прайсці і з якімі стратамі ці набыткамі адтуль вярнуцца і гэтак далей. Але гэта вельмі ўдзячная, для мяне ў прыватнасці, справа... Магу вярнуцца на дзясяткі гадоў назад, пагаманіць з людзьмі, якіх даўно няма, пачуць іхнія галасы і аповеды. Дзе яшчэ можна такое сустрэць?

Рукапісы і свае зборы аддаю ў фонды Бабруйскага гарадскога краязнаўчага музея, пару разоў аддаваў у Музей гісторыі беларускай літаратуры. Раптам некалі нехта захоча ўбачыць, паглядзець, а то і пачытаць тое, чым я займаўся. Усю Беларусь ведаю як свае пяць пальцаў і таму асаблівых адкрыццяў не чакаю, акрамя расчараванняў — што не сустрэну сваіх былых суразмоўцаў-інфарматараў.

— Паважаны Аляксей Міхайлавіч, дзякуй вялікі за Вашы адказы! Зычым Вам шмат натхнення, энергіі і сіл, а таксама новых адкрыццяў у Вашай дзейнасці!

Інфармацыя падрыхтавана па матэрыялах выдавецтва «Беларусь».

 

Кнігу "Міфалогія роднага краю" А.М.Ненадаўца можна набыць у гандлёвых кропках РУП "Белсаюздук".