220030, г.Минск, ул. Володарского, 16 +375 17 365 46 94 для слабовидящих
БЕЛ РУС ENG
Падарожжа па родным краі.

Зусім нядаўна выдавецтва «Беларусь» выпусціла новы фотаальбом вядомага майстра мастацкай фатаграфіі Анатоля Клешчука на трох мовах — беларускай, рускай і англійскай. Прапануем вам інтэрв’ю з фотажурналістам — аўтарам выдання «Пад небам Беларусі» (2019).

Фотажурналіст Анатоль Кляшчук нарадзіўся 21 кастрычніка 1957 года на Случчыне Мінскай вобласці. Выпускнік факультэта журналістыкі БДУ (1986). Фотарэпарцёр старэйшай беларускай газеты «Звязда» (з 1993), загадчык аддзела фотаілюстрацый (з 2007). Адзін з заснавальнікаў і сябра Беларускага грамадскага аб’яднання фатографаў (з 2004). Аўтар шэрагу фотаальбомаў і праектаў. Аўтар фотавыставак, у тым ліку ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі (2006), штаб-кватэры Арганізацыі Аб’яднаных Нацый (Нью-Ёрк, 2001, 2006), Палацы Нацый (Жэнева, 2003), будынку Еўрапарламента (Брусель, 2001, 2006), галерэі Willy-Brandt-Haus (2006) і Бундэстагу (2011; абедзве – Берлін). Узнагароды: спецыяльная прэмія Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у галіне журналістыкі (2001), званне «Лепшы фотамастак кнігі» на нацыянальных конкурсах «Мастацтва кнігі» (2009 і 2016), знак «Выдатнік друку Беларусі» (2012), Ганаровая грамата Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь (2017) і Ганаровая грамата Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь (2007).

                                        

— Добры дзень, Анатоль! Віншуем Вас з новым цудоўным фотаальбомам, на старонках якога наша Беларусь уяўляецца казачнай краінай...

- Добры дзень, шчыра дзякую за віншаванне! Казачная краіна?! Так яно і ёсць. У альбоме сканцэнтравана вялікая колькасць унікальных беларускіх краявідаў, знятых з лепшых ракурсаў!

— Вы выдалі ўжо шэраг такіх выданняў, у тым ліку некалькі пад гэтай жа назвай — «Пад небам Беларусі». Чым апошні фотаальбом (2019) падобны да папярэдніх і чым адрозніваецца ад іх?

— У першую чаргу, падобны назвай, колькасцю старонак, модулем пабудовы і раздзеламі, якія па-ранейшаму чаргуюцца ў адпаведнасці з порамі году. Гэта датычыцца падабенства. А вось наконт адрознення — тут шмат новага. Я імкнуўся зрабіць новы альбом. У кожным наступным выданні мяняў ілюстрацыі на вокладках, таксама і на старонках. У трэцім выданні (2007) быў напісаны новы ўступны тэкст. У гэтым і тэкст, і фатаграфіі, і вокладка, і нават эпіграф — усё новае!

Хто памятае папярэднія альбомы «Пад небам Беларусі», напэўна, узгадаюць, што пад кожным здымкам была змешчана малюсенькая спрошчаная карта з абрысамі нашай краіны, і на ёй кропкамі было пазначана прыблізнае месца здымкаў. У той час гэта было своеасаблівае ноу-хау ў кніжным афармленні (дарэчы, гэтую манеру пазней убачыў і ў альбомах іншых аўтараў — відаць, перанялі!). Цяпер гэтай дызайнерскай «фішкі» няма і жадання яе паўтараць не ўзнікала.

Гэтым разам пабудова размяшчэння фатаграфій на старонках і разваротах іншая: па-першае, з’явілася шмат вялікіх здымкаў, па-другое, здымкі часта ідуць пад абрэз.

Альбом пачынаецца не з зімы, як было ў ранейшых, а з вясны, што цалкам лагічна: вясною абуджаецца прырода, нашыя продкі пачыналі год таксама ў гэту пару. Ва ўступным тэксце я падкрэсліў гэтую матывацыю, а таксама патлумачыў, чаму кожны раздзел альбома пачынаецца з дарожнага сюжэта: ва ўсе часы дарога застаецца асаблівым філасофскім сімвалам, з яе, дарогі, пачынаецца любое падарожжа і нават новы дзень...

Яшчэ адно адрозненне: трэцяя мова — руская, бо альбом зацікавіў нашых усходніх суседзяў. Можна было б падумаць і пра нямецкую мову, і кітайскую. Спадзяюся, у наступных выданнях гэту акалічнасць можна ўлічыць.

Наконт фармату... Мне хацелася захаваць яго ранейшым, як кажуць, адзін у адзін, але па тэхналагічных прычынах альбом стаў вузейшы на два сантыметры і вышэйшы на паўсантыметра. Спадзяюся, гэта не адштурхне ад яго тых чытачоў, якія памятаюць папярэднія выданні.

 

                     Фатограф Анатоль Кляшчук падчас працы на возеры Сялява (Крупскі раён)

    

— Як доўга Вы працавалі над стварэннем гэтага фотаальбома?

— І доўга, і зусім коратка. Як паглядзець! Мне паведамілі летась, што альбом запланаваны і што рукапіс і вёрстку неабходна здаць у вытворчасць ў канцы восені. Тэрмін неверагодна кароткі. Але ў маім архіве ўжо была назапашана дастатковая колькасць сюжэтаў ландшафтна-пейзажнай тэматыкі, і я спакойна ўзяўся за працу.

Патлумачу, з часу выхаду апошняга альбома прайшло дванаццаць гадоў, але на працягу гэтага часу я па-ранейшаму вандраваў і здымаў, назіраў за прыродай, не стамляўся шукаць адметнае ў вясковым побыце. Прычым за гэты час, акрамя працы ў штодзёнай газеце «Звязда», я паспеў падрыхтаваць і іншыя альбомы — «Беларусь. Зямля Песняроў» (2012) і «Карагод беларускіх абрадаў» (2015) (абодва выйшлі ў выдавецтве «Беларусь»). Таму гэты альбом, можна сказаць, чакаў мяне, заставалася толькі сесці за камп’ютар і рабіць адбор, каб вызначыць 200 самых змястоўных і мастацкіх сюжетаў, з якіх у альбом патрапілі толькі 115 (у ранейшых альбомах было змешчана па 140 фота).

Больш складана было з тэкстам. У сярэдзіне верасня я спецыяльна ўзяў адпачынак і з’ехаў у вёску, каб пабыць аднаму: спадзяваўся, што «спаткаю» натхненне (як жа без яго?), хуценька прыдумаю назвы пад фатаграфіямі і, як заўсёды ў гэты час, адпраўлюся на восеньскі фотапленэр. Але гэта былі толькі мары. «Не ўсё тое збываецца, на што чалавек спадзяваецца» — гэта пра мяне.Толькі праз два тыдні я намацаў тэму і пачуў голас душы... Адным словам, палову кастрычніка і ўвесь лістапад-месяц я працаваў над тэкстамі і назвамі. Дзякуй літаратурнаму рэдактару выдавецва «Беларусь» Таццяне Мартыненка, якая далікатна выпраўляла мае памылкі і моўныя хібы, знаходзіла прыгожыя эпітэты і бліскучыя параўнанні. Супрацоўнічаць з Таццянай Рыгораўнай было сапраўднай асалодай!

Гэтак жа магу сказаць і пра перакладчыцу тэксту на англійскую мову Алену Таболіч, якая тэхнічны пераклад ператварыла ў творчы працэс. І пра дызайнера Алену Бужынскую — мастака з выключным бачаннем і цудоўным густам, і пра мастацкага рэдактара Віктара Загародняга, адказнага за падрыхтоўку ілюстрацый да друку. А таксама і пра іншых супрацоўнікаў — тэхнічнага рэдактара Святлану Печанёву і карэктара Алесю Даўгушову, дзякуючы якім альбом своечасова патрапіў у друкарню.

  

   Рэдактар выдання Таццяна Мартыненка і перакладчыца Алена Таболіч падчас абмеркавання фотаальбома «Пад небам  Беларусі» 

 

— Ілюстрацыі ў Вашым фотаальбоме размеркаваны па порах года, а якая Ваша самая любімая пара? А ў якую найбольш складана фатаграфаваць?

— Няпростае пытанне. Любімая пара тая, у якой жыву зараз! Усё залежыць ад стану надвор’я і ад стану душы. Вядома, бываюць вельмі маляўнічыя станы, а бываюць і зусім «ніякія», як сёлетняя зіма.

Восень чаруе сваімі незвычайнымі фарбамі (дзякуй богу, што Беларусь знаходзіцца ва ўмераным кліматычным поясе). У вясны свая непаўторная пара квецені. І залатая восень, і майскія «шлюбныя» сады — сапраўдны цуд нашай прыроды. Злавіць імгненні, калі прырода шыкуе і адкрываецца ва ўсёй сваёй красе, — вялікая ўдача для фотамастака (без удачы ў нашай справе не абысціся).

І ўсё ж такі, калі ў восеньскай прыгажосці падсвядома адчуваеш сум развітання і настальгію аб мінулых днях, мяне адольвае журботны стан. Іншы настрой увесну: ты поўны сіл, цябе радуе ўсё навокал, усё бачыцца ў светлых фарбах! Таму больш за ўсё чакаю вясновую пару.

Наконт складанасці... Хутчэй гэта датычыцца зімы з моцнымі маразамі. Перажываеш, каб не замерзла і не сапсавалася фотаапаратура, каб раніцай завёўся аўтамабіль. Пільна і асцярожна крочыш, каб не трапіць у якую палонку на рэчцы альбо на балоце ці іншую небяспеку. У нас зіма па-ранейшаму асацыюецца з экстрэмальнай парой. І калі летам можна пераначаваць на беразе возера ці ракі ў палатцы альбо ў аўтамабіле, зімою гэтага лепш не рабіць.

— Ва ўступным артыкуле Вы ўзгадваеце сваё дзяцінства на рацэ Случ, што на Случчыне, і прызнаецеся гэтым мясцінам у вялікай любові. Што характэрна для краявідаў гэтага рэгіёна?

— Для кожнага куток маленства самы дарагі, і ўспаміны пра яго грэюць сэрца і душу ўсё жыццё. І кожны мой аднагодак гэта пацвердзіць!

Случчына — край раўнінны, пераважаюць вялікія палеткі, лясныя масівы толькі на поўначы і на ўсходзе раёна. Няма гэткіх пагоркаў, як на Лагойчшыне, і азёраў, як на Браслаўшчыне, але свая прыгажосць і адметнасць ёсць. Жоўтыя рапсавыя палі вясною, хлебныя бяскрайнія палі летам, утульныя дагледжаныя вёскі, захаваная культавая архітэктура — заўсёды. Яны таксама радуюць вока.

На жаль, майго любімага куточка на беразе Случы ўжо не знойдзеш, бо побач пабудаваны жылы мікрараён для сям’яў ваенаслужачых, да таго ж і меліярацыя зрабіла сваю справу і «пясчанка» памяняла сваё аблічча. Так і хочацца сказаць: «Няма таго, што раньш было!» Але ў маёй памяці, у маіх уяўленнях рэчка дзяцінства па-ранейшаму жыве і красуе.

Інтэрв'ю поўнасцю можна прачытаць на сайце выдавецтва "Беларусь".

Інфармацыя падрыхтавана па матэрыялах выдавецтва«Беларусь».