220030, г.Минск, ул. Володарского, 16 +375 17 365 46 94 для слабовидящих
БЕЛ РУС ENG
Навіны выдавецтва "Беларуская энцыклапедыя імя Петрруся Броўкі".

Адзін з самых запатрабаваных сёння кірункаў у кнігавыданні — навукова-папулярная літаратура. Асаблівы ж попыт у гэтай галіне — на дзіцячыя кнігі. Пачаўшы колькі гадоў таму выдаваць серыі «Беларуская дзіцячая энцыклапедыя», «Маленькі прафесар», «Самыя-самыя», «Таямніцы беларускай мовы», «Гісторыя для школьнікаў», «Вялікія і знакамітыя людзі беларускай зямлі» і іншыя, выдавецтва «Беларуская энцыклапедыя імя Петруся Броўкі» нібы зазірнула на колькі гадоў наперад і ў выніку апынулася ў авангардзе кнігавыдавецкіх трэндаў. Пра здзейсненае і запланаванае — гутарка з дырэктарам выдавецтва Вольгай Ванінай.

— Вольга Уладзіміраўна, ці не кожнае сучаснае дзіця мае сёння мабільныя прыстасаванні, камп’ютары, можа зайсці ў Інтэрнэт і імгненна атрымаць адказ на пытанне. Дык для каго і дзеля чаго выдавецтва выпускае пазнавальную літаратуру?

— Адразу зазначу, што наша выдавецтва перш-наперш выпускае ўсё ж «дарослую» літаратуру. Дзіцячая — дадатковы клопат з некалькіх нагод. Першая і найгалоўнейшая: мы дбаем пра выхаванне абазнанага, удумлівага чытача. Для чытання «дарослай» літаратуры — у тым ліку і энцыклапедычнай — трэба быць належным чынам падрыхтаваным. Калі не займацца з дзецьмі, адкуль узяць такога чытача пасля? Таму наш калектыў свядома выконвае і своеасаблівую выхаваўчую работу.

Што да Інтэрнэту — так, там багата інфармацыі, але не кожны ўмее яе знайсці, яшчэ больш складана — ацаніць праўдзівасць і якасць. Нашы выданні адмыслова адаптаваны для дзіцячага ўспрымання, напісаны простай мовай, змястоўна і яскрава праілюстраваны, увесь матэрыял праходзіць шматступеньчатую сістэму праверкі.

— Калі сур’ёзныя навуковыя рэдактары правяраюць і вывяраюць пададзеныя факты, сапраўды, кнігі маюць знак якасці...

— Так, толькі ўзважаная і правераная інфармацыя! Па-першае, з намі супрацоўнічаюць прафесіяналы сваёй справы: гісторыкі, географы, батанікі, заолагі, культуролагі, этнографы, лінгвісты ды іншыя вучоныя і спецыялісты з Акадэміі навук, універсітэтаў, розных арганізацый. Яны ведаюць сваю справу, свой прадмет, умеюць даходліва і кампетэнтна пра яго расказаць.

Па-другое, у нашым выдавецтве ў якасці навуковых рэдактараў працуюць гісторыкі і біёлагі, літаратуразнаўцы і філолагі. Іх задача ў тым, каб нават у стылістычна гладка пададзены тэкст не трапілі сэнсавыя, фактычныя памылкі. Таму ўсё вычытваецца і звяраецца з сур’ёзнымі першакрыніцамі, спецыяльнымі даведнікамі, энцыклапедыямі. Так што смела чытайце нашы дзіцячыя кнігі і спасылайцеся на іх, рыхтуючы выступленні і рэфераты.

— Калі меркаваць па фарматах вашых дзіцячых выданняў, заўважна, што спачатку прадумваецца мэтавая аўдыторыя, ступень падрыхтаванасці юнага чытача да ўспрымання інфармацыі…

— У нас ёсць дзіцячыя серыі розных фарматаў. З больш салідных — «Беларуская дзіцячая энцыклапедыя», якую ахвотна набываюць бібліятэкі. А вось з кніжкамі-«малюткамі» (напрыклад, серыі «Маленькі прафесар», «Самыя-самыя») лягчэй працаваць на сустрэчах з чытачамі. Кожная кніга закрывае канкрэтную тэму, многія з якіх уваходзяць у школьную праграму. Такім чынам, гэтыя серыі даюць дадатковы матэрыял малодшым школьнікам, дапамагаюць вучыцца, могуць выкарыстоўвацца для падрыхтоўкі паведамленняў. А калі вам ці вашаму дзіцяці пашчасціць сустрэцца з аўтарам кнігі на мерапрыемстве ў бібліятэцы, школе або кніжнай выстаўцы, абавязкова вазьміце аўтограф! Кніга з дарчым надпісам аўтара становіцца непаўторнай.

— Культура камунікацыі публікі і аўтара — сапраўды надзвычай важны складнік на сустрэчах з чытачамі.

— Думаю, гэта частка агульнай культуры. Прыкра назіраць, як дзеці бягуць да аўтара па аўтограф з паперкамі, вырванымі з нататнікаў. А вось кніга застанецца і будзе напамінам пра падзею, а праз многа гадоў — і пра само дзяцінства.

— Выдавецтва сканцэнтравана на выданні пазнавальных кніг для дзяцей. А ці плануеце што з мастацкай літаратуры?

— Мы заўжды выдаём пэўную колькасць мастацкіх кніг — прозы і паэзіі. «Беларускія пісьменнікі — дзецям», «Кнігі нашага дзяцінства» — гэтыя серыі вядомыя і любімыя нашымі чытачамі. Да кніжнага кірмашу падрыхтавалі выданне казак Уладзіміра Караткевіча ў серыі «Кнігі нашага дзяцінства». Малюнкі адмыслова ствараюцца ў рэалістычным стылі, як аздабляліся найлепшыя дзіцячыя кнігі часоў нашага дзяцінства. У гэтай серыі, што напаўняецца творамі прызнаных класікаў, сёлета плануецца выхад некалькіх кніг, у тым ліку творы Змітрака Бядулі і Кандрата Крапівы.

— Шмат увагі выдавецтва надае гістарычным кнігам для школьнікаў. Чым парадуеце чытачоў у бліжэйшы час?

— Працягнем серыю «Гісторыя для школьнікаў», адрасаваную навучэнцам пачатковай і сярэдняй школы. Для самых маленькіх чытачоў плануем выдаваць кнігі навукова-мастацкія. Тут рэальныя факты, неабходныя для засваення, «загорнутыя» ў займальны сюжэт. Так, напрыклад, хутка пабачыць свет кніга «Пуговка. История одного зайчика» Ларысы Сперанскай. Гэта гісторыя пра цацачнага зайчыка, якога набылі ў краме яшчэ да рэвалюцыі. Разам з героем казкі чытачы «пражывуць» падзеі рэвалюцыйнага часу, грамадзянскай, а затым і Вялікай Айчыннай войнаў. Усе ведаюць, наколькі важны для дзіцячай аўдыторыі эмацыянальны складнік у падачы інфармацыі. Дзякуючы яму ў разы ўзмацняецца пазнавальны, і — што асабліва важна — выхаваўчы складнікі такіх кніг.

— Колькі слоў для аўтараў. Кожнае выдавецтва мае сваю спецыфіку, свой фармат. Перавагу якой дзіцячай літаратуры аддае «БелЭН»?

— Мы найперш зацікаўлены ў яскравых, захапляльна напісаных навукова-папулярных і мастацка-пазнавальных тэкстах. У нас ёсць пастаянныя аўтары, з якімі мы ахвотна супрацоўнічаем, але будзем рады знайсці і новыя імёны.

— Плёну выдавецтву і — новых кніг!

Гутарыла Алена МАСЛА

Інфармацыя падрыхтавана па матэрыялах Выдавецкага дома “Звязда”.

Кнігі выдавецтва "Беларуская энцыклапедыя імя Петруся Броўкі" можна набыць у гандлёвых кропках "Белсаюздрук".