220030, г.Минск, ул. Володарского, 16 +375 17 327 46 94 souzpechat@tut.by для слабовидящих
БЕЛ РУС ENG
Малая радзіма.

Вольга Iванова. Лiпляны. Бiяграфiя i штодзённасць беларускай вёскi. Мiнск, Галiяфы, 2019

У Год малой радзiмы з’явiлася незвычайная кнiга: яна прысвечана гiсторыi адной беларускай вёскi i складаецца ў асноўным з вусных гiсторый яе жыхароў. Iнiцыятарам выдання стаў ураджэнец Лiплянаў Iгар Жабароўскi, здзейснiла яго гiсторык i архiвазнаўца Вольга Iванова.

У кнiзе — успамiны 22 жыхароў i ўраджэнцаў Лiплянаў, а таксама нататкi этнографаў пра Усходняе Палессе, iнвентары вёскi Лiпляны розных гадоў ды iншыя гiстарычныя дакументы. А яшчэ — слоўнiк лiплянскай лексiкi, дзе можна даведацца, што фанабэрыстага чалавека ў вёсцы назавуць «гойны», а прыбрацца да свята значыць «прыхахулiцца». Як вядома, сапраўдная гiсторыя якраз i складаецца з гiсторый «маленькiх людзей», на баку iх — праўда калектыўнай памяцi.

Немагчыма застацца абыякавым, калi чытаеш, як падчас вайны Лiпляны палiлi, як жыхары хавалiся ў лесе i балотах, маленькiя дзеткi гублялiся… Пра трагiчны лёс яўрэйскай сям’i Готлiбаў, расстралянай фашысцкiмi акупантамi. Народная памяць захавала гiсторыю пра незвычайную прыгажосць адной з дачок гаспадара сям’i — Ханы.

Але калектыўная памяць — гэта i цудоўная гiсторыя пра людскую дабрыню i каханне. Вольга Iванова як прыклад прыводзiць гiсторыю Марыi i Iвана Ласёў, якiя пражылi разам доўгае жыццё. Калi запiсвалiся ўспамiны Iвана Лася, Марыi ўжо не было на свеце. «Каб i дзвесце гадоў жыў, жонкi сваёй нiколi не пакiнуў бы. Так яна мне падабалася», — прызнаваўся вясковец. Паказваў яе фота, што ляжала ў кiшэнi, i падораную яму на вяселле насоўку, вышытую жонкай. Тую насоўку праз некалькi гадоў па запавеце паклалi яму ў труну. Менавiта хата Iвана i Марыi Ласёў i тая вясельная насоўка — на вокладцы i форзацах кнiгi пра Лiпляны.

Асноўнай рысай характару вяскоўцаў даследчыца называе любоў i павагу да працы, гаспадарлiвасць, а яшчэ душэўнасць. Думаецца, кожны знойдзе ў гэтай кнiзе нешта блiзкае, тым больш да кнiгi прыкладаецца дыск з 40‑хвiлiнным фiльмам пра вёску, дзе можна паслухаць, як лiплянцы спяваюць, гутараць, жартуюць.

Людміла Рублеўская

Інфармацыя падрыхтавана па матэрыялах “СБ. Беларусь сегодня”.

 

У гандлёвых кропках РУП "Белсаюздрук" можна набыць выданні, прысвечаныя рэгіёнам Беларусі.