Фестываль «Кнiжныя сустрэчы ў Мiрскiм замку», якi пройдзе ў музеi «Замкавы комплекс «Мiр» 20 чэрвеня ў фармаце анлайн‑рэжыма, уключае цэлы шэраг прэзентацый, круглых сталоў i выставак.
Адна з ix — «Беларускi экслiбрыс: ад БССР да незалежнай Беларусi». Расказвае даследчык айчыннага экслiбрыса мастацтвазнаўца Ала Змiева:
— Мастацкiм куратарам выстаўкi кнiжнага знака ў Мiры выступае графiк, аўтар экслiбрысаў Вольга Крупянкова. Па‑першае, праз выстаўку, якую, безумоўна, мы шырока пакажам у iнтэрнэт‑прасторы, хацелася б нагадаць пра багатыя традыцыi беларускага бiблiяфiльства ў XIX — XX стагоддзях. Па‑другое, вельмi хочацца паказаць выдатных мастакоў, якiя выяўлялiся менавiта праз экслiбрыс.
Як шмат кнiжных знакаў будзе прадстаўлена на выстаўцы?
— Роўна 100! Гэта i працы Анатоля Тычыны, Яўгена Цiхановiча, Арлена Кашкурэвiча, Георгiя Паплаўскага, Мiкалая Лазавога, Мiколы Селешчука, Мiколы Рыжага, Уладзiмiра i Мiхаiла Басалыгаў, Генадзя Грака, Уладзiмiра Правiдохiна…
— Уражлiвы збор iмёнаў!..
— А дадайце да iх яшчэ i Юрыя Якавенку, Рамана Сустава, Вольгу Крупянкову, Таццяну Сiплевiч, Ганну Цiханаву! Эстампы выкананы ў розных графiчных тэхнiках: афорт, лiтаграфiя, ксiлаграфiя, лiнагравюра. Творы, якiя прыедуць у Мiр агульнай экспазiцыяй, — з розных прыватных калекцый. У тым лiку — з калекцыi вядомага беларускага збiральнiка экслiбрысаў Алега Судлянкова. На выстаўцы мы пакажам i айчынныя кнiжныя выданнi, якiя прысвечаны беларускаму экслiбрысу.
Нацыянальная бiблiятэка Беларусi разгорне ў Мiры выстаўку краязнаўчай, асветнiцкай, рэгiёназнаўчай лiтаратуры, якая прыйшла да чытача ў 2018 — 2020 гадах. Пройдуць у замку i выстаўка «500 год беларускаму кнiгадрукаванню», выстаўка эстонскай i беларускай кнiжнай графiкi.
Мяркуецца, што асобна прадставяць здабыткi мастацкага перакладу. У анлайн‑рэжыме сакратар Саюза пiсьменнiкаў Расii, выпускнiк Лiтаратурнага iнстытута iмя М.Горкага ўраджэнец Магiлёўшчыны паэт Валерый Казакоў пазнаёмiць са сваёй кнiгай «Флейта травы», у якой яго вершы пераўвасобiлi на беларускую мову Алесь Бадак, Янка Лайкоў, Вiктар Шнiп, Юлiя Алейчанка, Таццяна Сiвец.
Нагадаем, што фестываль «Кнiжныя сустрэчы ў Мiрскiм замку», якi быў заснаваны ў 2019 годзе, праводзiцца Мiнiстэрствам iнфармацыi i Мiнiстэрствам культуры пры падтрымцы Гродзенскага аблвыканкама i Карэлiцкага райвыканкама.
— Мне бачыцца, што такое свята стане добрай традыцыяй на Гродзеншчыне, — разважае дырэктар музея «Замкавы комплекс «Мiр» Аляксандр Лойка. — З Мiрам i яго ваколiцамi звязаны цiкавыя з’явы гiсторыi беларускай культуры. Карэлiччыну можна смела называць лiтаратурным, мастацкiм гняздом Беларусi. Тут выпеставаўся талент народнага пiсьменнiка Беларусi Янкi Брыля. Адсюль легендарны лiтаратуразнаўца i партызан Уладзiмiр Калеснiк. Непадалёк — Стаўбцоўшчына, авеяная iмем народнага Песняра Беларусi Якуба Коласа.
Сярод незвычайных мерапрыемстваў фестывалю — выстаўка ўнiкальных экслiбрысаў з розных прыватных калекцый.
Сярод тых, хто спрычынiўся да арганiзацыi першага фестываля ў 2019 годзе, — Вiктар Лiсковiч, старшыня Пастаяннай камiсii па адукацыi, навуцы, культуры i сацыяльным развiццi Савета Рэспублiкi Нацыянальнага сходу Рэспублiкi Беларусь.
— Мы выпусцiлi на Гродзеншчыне цэлую серыю асветнiцкiх выданняў, якiя паказваюць сацыяльнае, эканамiчнае развiццё краю, чалавека працы ва ўсёй яго красе, — дзелiцца развагамi Вiктар Андрэевiч. — I прыемна, што радзiмазнаўчае кнiжнае свята звязана з Мiрам, Карэлiччынай, Гродзеншчынай. Ведаю, што i праект «У пошуках страчанага» лаўрэата прэмii Прэзiдэнта Рэспублiкi Беларусь «За духоўнае адраджэнне» Уладзiмiра Лiхадзедава будзе прэзентаваны на фестывалi. А як жа iначай? Гродзенцы падтрымалi збiральнiка, краязнаўцу i выдалi яго альбомы, якiя праз старыя паштоўкi расказваюць пра Слонiм, Гродна, Навагрудак, Смаргонь.
Інфармацыя падрыхтавана па матэрыялах “СБ. Беларусь сегодня”.