220030, г.Минск, ул. Володарского, 16 +375 17 327 46 94 souzpechat@tut.by для слабовидящих
БЕЛ РУС ENG
Раскрыццё загадак і таямніц.

Лета. Самы час пагружацца ў розныя таямніцы і прагна шукаць адказы…

З чэрвеньскага нумара «Маладосць» прапануе чытачам інтэлектуальнае і графічнае ўвасабленне абсалютна новай ідэі — аўтарскі праект Змітра Кузменкі “Е-закладкі”, візуалізаваны Ганнай Кірэенка.

Гэта і сапраўды закладкі. Аўтар праекта прапануе наведваць электронныя базы, віртуальныя бібліятэкі, якія захоўваюць рарытэты, пераведзеныя ў лічбавы фармат і даступныя “не толькі даследчыкам з сур’ёзных навуковых інстытутаў”, а такія, якімі “можа карыстацца кожны жыхар планеты. Цалкам бясплатна”.

Чытачам "Маладосці” ў кожным нумары прапанавана закладка, самая звычайная знешне, але, па-першае, “імянная” — бо мае на сабе назву адпаведнага сайта, а па-другое, жывая, актыўная — бо ўтрымлівае кюар-код для пераходу непасрэдна да рарытэтаў.

Першы выпуск рубрыкі прадстаўляе «Скруткі Мёртвага мора» — скруткі з тэкстамі кніг Старога Запавету, знойдзеныя ў 1947 годзе каля руін паселішча Кумран. Двухтысячагадовыя манускрыпты можна ўбачыць у любы час у выглядзе фатаграфічных выяў. Гэта і інфрачырвоныя негатывы 1950-х гадоў, і сучасныя каляровыя здымкі высокага распазнавання, што дазваляе ўбачыць любую дэталь. “У многіх выпадках працаваць з такой лічбавай копіяй нават больш зручна, чым з цьмяным і крохкім арыгіналам”, — піша аўтар праекта Зміцер Кузменка.

Другі выпуск, у ліпенньскі нумар, таксама падрыхтаваны ўжо. Закладка адсылае чытача ў Бібліятэку рэдкіх кніг і рукапісаў Бейнеке Ельскага ўніверсітэта, дзе захоўваецца дзіўны кодэкс XV стагоддзя, сакрэты якога дагэтуль не можа раскрыць ніхто, — рукапіс Войніча.

Але сэнс і значэнне рубрыкі не толькі ў тым, каб пагружаць чытача ў загадкі. Праект ствараўся з матывацыйнай мэтай. “Колькі такіх рарытэтаў дагэтуль хавае ў сабе наша беларуская зямля? А колькі іх загінула? Полацкі летапіс, ненадрукаваныя пераклады Францішка Скарыны, беларускія вершы Адама Міцкевіча, рукапісы Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча... Колькі неацэнных пергаментных скруткаў і папяровых аркушаў было выкінута ў агонь з шляхецкіх ды манастырскіх куфраў? Знесена з гарышчаў і ўжыта на распал ці самакруткі...” — дзеліцца аўтар сваімі перажываннямі.

Яго мара — айчынны партал такога кшталту, “з паўнавартаснымі перакладнымі версіямі на англійскай, французскай, нямецкай мовах... Неістотна, як ён будзе называцца, — проста «Спадчына Беларусі» ці неяк больш арыгінальна і сімвалічна. Галоўнае, што ў яго межах у бездакорных лічбавых копіях будуць прадстаўлены і даступныя для вывучэння найвыдатнейшыя помнікі беларускай старажытнасці і новага часу. Сапраўдныя кутнія камяні беларускай нацыі. Рукапісныя. Друкаваныя. Выяўленчыя... Гэты партал мог бы таксама стаць пляцоўкай для віртуальнай рэстытуцыі гістарычных каштоўнасцей, вывезеных у розныя часы за межы Беларусі”.

Зміцер Кузменка ўпэўнены, што мы на такое здольныя, што рупліва зберагаць і карпатліва вывучаць свае каштоўнасці і з гонарам прэзентаваць іх астатняму свету мы таксама можам. У тым фармаце, які пасля таксама трапіць у е-закладкі.

Інфармацыя падрыхтавана па матэрыялах часопіса «Маладосць».

 

Часопіс "Маладосць" можна набыць у гандлёых аб'ектах РУП "Белсаюздрук".