220030, г.Минск, ул. Володарского, 16 +375 17 365 46 94 для слабовидящих
БЕЛ РУС ENG
Паэт, драматург, перакладчык, публіцыст... Ч

Народны паэт Беларусі Янка Купала нарадзіўся 7 ліпеня 1882 г. у фальварку Вязынка каля Радашковіч (сёння Маладзечанскі раён Мінскай вобласці). Сапраўднае імя класіка беларускай літаратуры - Іван Дамінікавіч Луцэвіч.

Будучы пісьменнік паходзіў з сям’і збяднелай шляхты, якая не змагла даказаць сваё шляхецкае паходжанне. Яго бацькі на той час ужо належалі да саслоўя мяшчан. Сям'я Луцэвічаў з'яўлялася арандатарамі зямлі і жыла за кошт вядзення сельскай гаспадаркі.

У 1898 годзе Янка Купала скончыў Бяларуцкае народнае вучылішча. Пасля смерці бацькі ў 1902 годзе працаваў на асабістай гаспадарцы, а затым у розны час займаўся разнастайнымі відамі дзейнасці: працаваў хатнім настаўнікам, пісарам у судовага следчага ў Радашковічах, малодшым прыказчыкам у маёнтку Беліца ў памешчыка Караля Свяцкага ў Сенненскім павеце Магілеўскай губерніі, быў практыкантам і памочнікам вінакура на броварах у памешчыцкіх маёнтках.

У 1908—1909 гг. ён працаваў у газеце «Наша ніва» і адначасова ў бібліятэцы Б. Л. Даніловіча ў Вільні. У кастрычніку 1913 г. пісьменнік зноў пераехаў у Вільню, дзе з'яўляўся супрацоўнікам «Беларускага выдавецкага таварыства» і рэдактарам газеты «Наша ніва» з 1914 года па 1915 год.

З набліжэннем фронту ён накіраваўся ў эвакуацыю і ў верасні 1915 года пераехаў у Маскву, дзе вучыўся ў народным універсітэце імя А. Л. Шаняўскага. У студзені 1916 года быў прызваны ў арміію і служыў у дарожна-будаўнічым атрадзе шляхоў зносін у Мінску, Полацку, Смаленску.

У ліпені 1918 Янка Купала атрымаў пасаду агента па забеспячэнні харчамі Заходняй вобласці. Разам з М. Гарэцкім быў слухачом факультэта гісторыі мастацтваў Смаленскага аддзялення Маскоўскага археалагічнага інстытута, а ў студзені 1919, пасля абвяшчэння БССР, пераехаў на сталае жыхарства ў Мінск.

У беларускай сталіцы Купала працаваў загадчыкам бібліятэкі пры Беларускай хатцы, рэдагаваў часопіс «Рунь» (1920) і «Вольны сцяг» (1920-1922). 3 пачатку 1921 ён з'яўляўся намеснікам загадчыка літаратурна-выдавецкага аддзела Наркамасветы БССР, уваходзіў у склад Акададэмічнай камісіі Акадэмічнага цэнтра Наркамасветы БССР па ўкладанні і апрацоўцы беларускай тэрміналогіі, быў членам навукова-рэдакцыйнай калегіі Наркамасветы БССР, якая разглядала прадстаўленыя да друку творы.

Янка Купала быў адным з ініцыятараў стварэння Беларускага драматычнага тэатра ў 1920 годзе, БДУ, Інбелкульта, літаратурнага аб'яднання «Полымя».

Вялікая Айчынная вайна заспела яго ў Каўнасе. У першыя дні вайны ў Мінску згарэлі яго архіў і бібліятэка. 30 чэрвеня 1941 з дачы ў Ляўках Янка Купала выехаў у Маскву. 3 лістапада 1941 ён жыў у пас. Пячышчы каля Казані. 3 самага пачатку вайны Я. Купала актыўна ўключыўся ў барацьбу. Як член прэзідыума Усеславянскага антыфашысцкага камітэта выступаў на антыфашысцкіх мітынгах, падпісаў адозву да братоў-славян з заклікам узняцца на вызваленчую барацьбу супраць фашызму

18 чэрвеня 1942 Я. Купала прыехаў у Маскву і праз 10 дзён трагічна загінуў у гасцініцы «Масква» пры нявысветленых абставінах — упаў у лесвічны пралёт з 10 паверха.

Першыя свае творы Янка Купала пачаў пісаць у 1903 годзе на польскай мове. Але ўжо ў 1904 годзе з'явіўся першы беларускі верш «Мая доля». Першы беларускі верш «Мужык» быў надрукаваны ў мінская газеце «Северо-Западный край", 15 мая 1905 года. Далей Купала пачаў пісаць толькі па-беларуску.

Янка Купала з'яўляецца аўтарам зборнікаў паэзіі: «Жалейка» (1908), «Гусляр» (1910), «Шляхам жыцця» (1913), «Спадчына» (1922) і інш., паэм «Курган» (1910), «На Куццю» (1911), «На Дзяды» (1912), «Бандароўна», «Магіла льва», «Яна і я» (усе — 1913), «Безназоўнае» (1924), «Тарасова доля» (1939)

Кожнаму са школьнае пары вядомы яго п'есы «Паўлінка» (1912), «Прымакі», «Раскіданае гняздо» (абедзве 1913), «Тутэйшыя» (1922).

Янка Купала рабіў таксама пераклады на беларускую мову твораў замежных пісьменнікаў. Ён пераклаў на беларускую мову «Слова аб палку Ігаравым», творы А. Міцкевіча, А. Пушкіна, Т. Шаўчэнкі.

Сёння Янка Купала па праву лічыцца адным з заснавальнікаў сучаснай беларускай літаратуры.

 

Кнігі класікаў беларускай літаратуры, а таксама сучасных беларускіх пісьменнікаў можна набыць у гандлёвых аб'ектах РУП "Белсаюздрук".