220030, г.Минск, ул. Володарского, 16 +375 17 365 46 94 для слабовидящих
БЕЛ РУС ENG
Кнігі для дзяцей па-беларуску.

У выдавецтве «Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі» выйшла новая кніга беларускага паэта Віктара Кажуры «Слоўца да слоўца: амонімы для пачатковай школы», якая адрасуецца дзецям малодшага школьнага ўзросту.

Багацце нашай мовы, якое называецца лексікай, – невычэрпная крыніца, што дорыць словы-самацветы для стварэння незвычайных карцін, замалёвак, прыгод. Толькі варта вельмі ўважліва ставіцца да слова.

У кнізе сабраны невялічкія рыфмаванкі, якія дапамогуць пазнаёміцца, зразумець і засвоіць раздзел лексікі, які вывучае амонімы, – словы, што гучаць аднолькава, але маюць рознае значэнне.

Пасля знаёмства з кнігай дзецям прапануецца стварыць уласныя замалёўкі-рыфмаванкі з самастойна адшуканымі амонімамі.

Малюнкі-ілюстрацыі да кнігі падрыхтаваны мастачкай Таццянай Пінчук.

        

У 2020 годзе выдавецтвам «Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі» таксама выпушчаны яшчэ дзве кнігі Віктара Кажуры.

«ПАКАЦІЛАСЯ СОНЕЙКА… ВЕРШЫ І ЗАГАДКІ ПРА МЕСЯЦЫ ГОДА»

Кожная пара года непаўторная. Зімой – гэта танец сняжынак, вясной – першыя падснежнікі і прылёт птушак, летам – яркае сонейка і салодкія ягады, а восенню – шматкаляровае ўбранне прыроды. Па-свойму ўнікальныя і 12 месяцаў, з якіх складаюцца чатыры пары года. На старонках маляўнічага выдання змешчаны вершы, прымаўкі і загадкі пра месяцы года, а таксама займальныя заданні.

        

Кніга «Пакацілася сонейка… Вершы і загадкі пра месяцы года» ўключана ў спіс твораў для пазакласнага чытання ў 4-м класе ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі з беларускай і рускай мовамі навучання па вучэбным прадмеце «Літаратурнае чытанне», рэкамендаваных вучэбнай праграмай.

«АЗБУКА Ў ЗАГАДКАХ»

Кніга адрасуецца дзецям малодшага школьнага ўзросту і прапануецца для выкарыстання на ўроках беларускай мовы ў пачатковых класах агульнаадукацыйных школ. «Азбука ў загадках» – гэта захапляльны свет, населены разнастайнымі раслінамі і жывёламі, прыгожымі прыроднымі з’явамі і казачнымі героямі. Што ні старонка – то новыя загадкі, якія пачынаюцца на пэўную літару. А ў якасці падказак выкарыстоўваюцца лексічныя значэнні слоў. Адгадкі таксама ёсць, але назіральнаму чытачу не абавязкова падглядваць у іх: адказы схаваны ў маляўнічых выявах, падрыхтаваных маладой мастачкай Марыяй Мароз.

          

Матэрыял кнігі не толькі мастацка-пазнавальны, але і навучальна-развіваючы, бо дазваляе паўтараць і замацоўваць веданне беларускага алфавіта, узбагачае лексічны запас вучня, выпрацоўвае навыкі перакладу з беларускай мовы на рускую, развівае паэтычна-творчыя здольнасці дзіцяці, дапамагае адчуваць рытм вершаваных радкоў, падбіраць неабходныя словы-рыфмы, садзейнічае развіццю каліграфічных уменняў на ўроках чыстапісання, можа выкарыстоўвацца падчас вывучэння тэмы «Склад. Падзел слоў на склад».

Інфармацыя падрыхтавана па матэрыялах выдавецтва «Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі».

 

Кнігі выдавецтва «Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі» можна набыць у гандлёвых кропках РУП "Белсаюздрук".