Яна — паэтка, пісьменніца, даследчыца, фалькларыстка, аўтарка шэрага кніг («Яблыкі», «Наш дом», «Там, дзе сэрца»), а да таго ж лаўрэат Нацыянальнай літаратурнай прэміі. Але гэта ўсё фармальнасці, бо ў яе творах вы акунецеся ў магію і шчырасць у розных формах, жанрах і відах. Дзе шукаць беларускую міфалогію, як выйсці за межы кнігі, расказала суразмоўніца.
— Сацыяльныя сеткі часта вельмі добра характарызуюць чалавека. Ваша старонка сустракае надпісам: «Тэксты. Малюнкі. Кепскія жарты». Чаму менавіта так?
— Справа ў тым, што калі стварала «прэзентацыйную» старонку колькі часу таму, вырашыла: для наведвальнікаў варта пакінуць нейкія ўмоўныя маркеры. Каб ведалі, чаго чакаць, і не пужаліся. Ну і, паколькі ад пачатку меркавала, што выкладваць буду сваю творчасць — тэксты і малюнкі, так і напісала. А кепскія жарты — так бы мовіць, прыемны бонус. І стан душы.
— На вашай старонцы часам з’яўляюцца фотаздымкі, якія адразу выклікаюць усмешку. Там вы з дапамогай плюшавай цацкі ката-авакада паўтараеце матывы карцін Пабла Пікаса, Дыега Веласкеса і г. д. Як да вас прыйшла задума такога постмадэрнісцкага пераасэнсавання мастацтва?
— Насамрэч, яна не мая. Падчас каранціну і самаізаляцыі амстэрдамскі Рэйксмузей запусціў арт-чэлендж з капіраваннем твораў мастацтва любымі даступнымі сродкамі (хэштэг #tussenkunstenquarantaіne). Да акцыі падключыліся інтэрнэт-карыстальнікі з усяго свету, бо акцыя цудоўная: аддаецца даніна павагі майстрам жывапісу і адначасна ў людзей з’явілася аддушына. А гэта было важна.
— Цікавая ідэя! Зыходзячы з назваў дзвюх вашых кніг, у вас, здаецца, такіх багата. Празаічны зборнік «Наш дом» (2018) і лірычны «Там, дзе сэрца» (2020) разам утвараюць каламбур і як бы дыпціх. Як вам такое прыдумалася?
— Гэта сапраўды дыпціх, калі можна так іх назваць. У «Дом» першапачаткова меліся пайсці вершы, цэлы блок. Але кнігі ў выдавецтвах праходзяць шэраг пераўтварэнняў, і блок, які мне дужа падабаўся, выпаў. А творы засталіся, цягам часу дапісваліся новыя. І, у рэшце рэшт, утварылі новую кнігу, маленькую. Але генетычна звязаную з папярэдняй. Датычна назваў — мне заўжды хацелася, каб у чытача была магчымасць «выйсці за межы». Нават — за межы кнігі. Каб творчасць аўтара ўяўлялася нечым цэласным, звязаным. Наш дом там, дзе сэрца, мне падаецца.
— Не выпадкова, што паэзія змешчана пад назвай больш эмацыянальнай (сэрца як крыніца пачуццяў), а проза пад больш прыземленай і фундаментальнай (дом як сімвал асновы, упарадкавання)?
— Тэхнічна «Там, дзе сэрца» — не зусім зборнік паэзіі, бо вершы чаргуюцца з кароткімі лірычнымі замалёўкамі ў прозе. І, зноў жа, канцэпцыя кнігі — гэта суладдзе прозы і верша. Як у японскіх майстроў хайку, што былі аматары даць да трохрадкоўя празаічнае тлумачэнне. Так і тут: адно што прамога тлумачэння няма, ёсць сугучны па настраёвасці абразок. Проза, як і паэзія, бывае розная. І фундаментальная, і не дужа. І гэта добра, бо літаратура павінна адгукацца на патрэбы чалавека.
— У часопісе «Бярозка» вы ведзяце цыкл літаратурных майстар-класаў. Напрыклад, «Як напісаць раман за пяць крокаў». Існуюць універсальныя схемы, каб напісаць варты твор?
— Так, «бярозкаўцы», якіх шчыра люблю як сяброў і творцаў, прапанавалі паўдзельнічаць у іх «майстар-класным» праекце, куды яны прыцягваюць больш-менш спрактыкаваных аўтараў часопіса. На той момант я якраз закончыла свой першы вялікі (праўда вялікі — 1,5 мільёна знакаў) раман і займела сякі-такі вопыт. Зразумела, што ўніверсальнай схемы, якая пасавала б усім і кожнаму, няма, і гэта, уласна, і даводжу ў першай публікацыі з серыі. Але падказаць, як структураваць свой час, як аперыраваць словам і складнікамі мастацкага свету, — гэта, на маю думку, цалкам магчыма. А яшчэ трэба працаваць. Шмат. Без гэтага ніяк.
— У вашых творах шмат адсылак да міфалогіі і казак. Як вы збіраеце чароўныя вобразы і матывы?
— Увогуле, па спецыяльнасці я фалькларыст, даследчык. Пэўны час працавала ў Вучэбна-навуковай лабараторыі беларускага фальклору ў БДУ (дарэчы, адзінай такой у краіне). А міфалогіяй цікаўлюся з маленства — хоць хто ў свой час не зачытваўся пераказам старажытнагрэчаскіх міфаў ад Мікалая Куна. Беларускую ж міфалогію люблю шчырай і трапяткой любоўю. Напэўна, дзякуючы Баршчэўскаму і Караткевічу. Ну і, канешне, дзякуючы беларускім казкам, якія таксама любіла чытаць у маленстве. Што да літаратуры, дык заўжды згадваю як прыклад адзін выпадак. Студэнткаю другога курса напісала артыкул пра вобраз Кашчэя Бессмяротнага ў беларускіх казках (параўноўваючы яго з Вотанам-Одзінам са скандынаўскай міфалогіі).
А праз дзесяць гадоў назапашаныя веды «пераварыліся» ўжо ў творчую інтэрпрэтацыю вобраза — у аповесці фэнтэзі. Неяк так яно працуе, мусіць.
— Ці можна вас назваць летуценніцай?
— Напэўна, не болей за каго-небудзь яшчэ. Як і ўсе, люблю марыць, а часам і падурэць. Але ёсць шэраг рэчаў, да якіх заўжды стаўлюся сур'ёзна. Да якіх, мабыць, і нельга ставіцца несур'ёзна. Да творчасці, скажам, у якую трэба ўкладацца напоўніцу. Да кахання. Да сямейнага ачага — дома. Да дома ў больш шырокім, агульным разуменні — Радзімы.
Ну і фэнтэзі, па вялікім рахунку, няхай і забаўляльны, але не летуценны жанр. Забаўляючы, тут можна многае сказаць — і многае даць чытачу. З самым падступным пісьменніцкім разлікам.
— У інтэрв'ю Навуму Гальпяровічу вы сказалі, што больш чым пісаць, любіце толькі маляваць. Адчуваеце перш за ўсё сябе мастачкай, нягледзячы на тое, што лаўрэатка Нацыянальнай літаратурнай прэміі?
— Не, я зусім не мастак. Не прафесійны дакладна. Аматар памаляваць — гэта ёсць. Проста, як і літаратурныя студыі, маляванне прыносіць мне асалоду, падбадзёрвае. Дапамагае разгрузіць галаву. А часам дапамагае парадаваць блізкіх і сяброў. Таму — так, люблю маляваць.
— У часопісе да вашых твораў змяшчаюцца і ілюстрацыі. А вы малюеце сваіх герояў?
— О, у «Бярозцы» зараз маю аповесць «Першая песня» ілюстрыруе — як і раман «Век людзей» у «Маладосці» — мастачка Валерыя Дзяткова, яна ж Бестрамвайнасць. Звяла нас некалі агульная сяброўка, намесніца галоўнага рэдактара часопіса Света Курганава. І аказалася, што стылістыка, у якой Валерыя бачыць тэксты, вельмі мне блізкая. Менавіта Валерыя стварыла «партрэтную» ілюстрацыю для зборніка «Там, дзе сэрца», і ёй жа належыць дызайн рэкламных картак для гэтай кнігі. Валерыя малайчына, адным словам.
Я сама рабіла шэраг малюнкаў да публікацый, напрыклад, у «Маладосці», і сваіх, і чужых. Мне ўвогуле заўжды прасцей візуалізаваць персанажаў і свет вакол іх. Як толькі ўбачу — «ідзе». І ўсё складваецца.
— Аднойчы я брала інтэрв'ю ў Алеся Бадака пра конкурс «Першацвет». І калі папрасіла згадаць найбольш выдатных удзельнікаў, «надзей беларускай літаратуры», першым імем, якое ён назваў, было ваша. А як вы ставіцеся да крытыкі сваіх твораў?
— Мне, безумоўна, прыемна, што Алесь Мікалаевіч прыгадаў маё імя ў шэрагу першых. Датычна надзей беларускай літаратуры — пачакаем яшчэ хоць бы гадоў пяць, пабачым, што атрымаецца ды напішацца. Крытыка ж — гэта нармальная з'ява, як мне падаецца. Дасканаласці не існуе, і таму хораша, калі нехта можа паказаць табе на твае хібы. Скажам, я нядаўна заканчвала новую аповесць, і мой каханы чалавек рабіў вялікую справу: вычытваў кожны раздзел, пазначаючы, што яго насцярожвае або напружвае. Шчыра магу сказаць: так працаваць куды прасцей, тэкст на выхадзе значна лепшы.
Напэўна, усялякай крытыкі хапала, усяго і не прыгадаць. Можа, Пушкін казаў правільна: «хвалу и клевету приемли равнодушно». Што камусьці падабаецца, не пад густ іншаму, і наадварот. Таму дагадзіць усім і ўсім спадабацца немагчыма. Што магчыма — дык гэта працаваць над сабою і над тэкстамі. Адпрацоўваць уласны стыль, уласнае майстэрства. Быць сабою.
— Дарэчы, а каго з сучасных літаратараў лічыце найбольш выдатнымі, магчыма, будучымі класікамі?
— Калі шчыра, ніколі дужа не задумвалася пра такую катэгорыю. Думаю, нават самым геніяльным творцам не варта спяшацца «бранзавець» і трапляць у яе.
А ўвогуле, у нас ёсць шмат таленавітай моладзі — мне пашчасціла працаваць з многімі з іх, калі была рэдактарам у «Маладосці». І сёння, калі бяру іх кнігі ў рукі, адчуваю гонар. Таму што яны ўсе розныя, адметныя, з уласнымі галасамі. Гэта крута. Яны крутыя.
— Яшчэ Алесь Бадак тады адзначыў, што ў літаратуру пачало прыходзіць надзвычай шмат дзяўчат. Вы, як сучасная пісьменніца, як думаеце, з чым гэта звязана?
— З тым, напэўна, што дзяўчаты, як і хлопцы, таксама пішуць. А некаторыя яшчэ і някепска пішуць. Ну і з цягам часу мяняюцца прыярытэты: цяпер жанчына, якая хоча нечага дамагчыся ў творчасці, у кар'еры, не выклікае такога здзіўлення. Не толькі «Kіnder, Küche, Kіrche» на павестцы дня. Ва ўсіх свае мары, ва ўсіх ёсць магчымасці для рэалізацыі сябе як асобы. Магчымасць выбіраць.
— На сайце Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі ў вас ёсць «Блог прафесійнага чытача». Але да таго ж вы і прафесійная літаратарка. Як ацэньваеце кнігу: усё ж як чытач ці як творца?
— «Блог» ад пачатку задумваўся як шэраг чытацкіх уражанняў ад розных кніг. Без маралізатарства, без навязвання сваіх ацэнак. Проста пункт погляду, меркаванне, з якім можна пагадзіцца або не пагадзіцца. І мне гэта падабаецца, таму што для «Блога» магу перачытваць кнігі не па-рэдактарску, наўскос, а ў сваю асалоду, смакуючы. Мая мэта — найперш прыцягнуць увагу да кнігі і падштурхнуць наведвальнікаў сайта да чытання. А што яны вынесуць з таго чытання — ужо іх асабістая справа.
Што наконт водгукаў на Караткевіча, дык ён заўсёды актуальны. Люблю яго і карыстаюся магчымасцю рэкламаваць як толькі можна. Да таго ж, юбілейны год. Словам, хто-хто, а Караткевіч заслугоўвае ўвагі.
Інфармацыя падрыхтавана па матэрыялах Выдавецкага дома “Звязда”.
Кнігі беларускіх класікаў, а таксама сучасных піьменнікаў можна набыць у гандлёвых аб'ектах РУП "Белсаюздрук".