220030, г.Минск, ул. Володарского, 16 +375 17 365 46 94 souzpechat@tut.by для слабовидящих
БЕЛ РУС ENG
Народныя традыцыі ў сучаснай беларускай архітэктуры.

У гэтым годзе выдавецтва «Беларусь» выпусціла чарговую кнігу свайго пастаяннага аўтара – беларускага вучонага-мастацтвазнаўцы, этнолага, доктара мастацтвазнаўства, прафесара Яўгена Міхайлавіча Сахуты – «Беларускі народны архітэктурны дэкор». Выданне расказвае пра дэкор традыцыйнага, пераважна драўлянага, жылля беларусаў, гістарычныя абставіны яго развіцця, эвалюцыю на працягу ХIХ – ХХ стагоддзяў, мастацкія асаблівасці, рэгіянальныя і лакальныя адметнасці. Прадстаўляем вашай увазе інтэрв’ю з аўтарам кнігі.

 

                                                           

 

— Добры дзень, Яўген Міхайлавіч! Віншуем Вас з выхадам кнігі! На яе вокладцы мы бачым цікавыя фрагменты дэкору беларускага народнага жылля, а ў самім выданні іх сотні. Нагадайце нам, калі ласка, што ўяўляе сабой дэкор тыповай беларускай хаты?

— Калі гаварыць пра традыцыйнае жыллё беларусаў, скажам, стогадовай даўнасці, то нейкага адмысловага дэкору, як мы гэта звычайна разумеем, можна і не ўбачыць. Але нельга не звярнуць увагу на канструкцыйную логіку збудаванняў, гарманічнасць і прадуманасць аб’ёмаў, арыгінальнасць пластычнага вырашэння асобных дэталей і кампанентаў: стойкі, апоры, падкоса, кансолі, вуглавых выступаў, канцоў бэлек і інш. Гэта не толькі чыстая практычнасць, але і несумненная дэкаратыўнасць, хоць нашы продкі-будаўнікі на гэта наўрад ці звярталі ўвагу. А вось пазней, у сувязі з грамадска-эканамічнымі змяненнямі, з павелічэннем памераў жылля, сталі задумвацца. Разнастайныя дэкаратыўныя дэталі і цэлыя карункавыя кампазіцыі аздобілі вокны, шчыты, падстрэшкі, ганкі, нават брамы і весніцы агароджаў. А гэта ўжо яркае сведчанне імкнення чалавека аздобіць свой побыт.

 

          

Дэкор жылля. Пералёўка Веткаўскага раёна. Ілюстрацыя з кнігі «Беларускі народны архітэктурны дэкор» Я.М.Сахуты

 

— У кнізе Вы гаворыце пра тое, што беларускі народны архітэктурны дэкор — практычна не даследаваны від народнай мастацкай творчасці. Чаму, на Ваш погляд, гэта з’ява традыцыйнага мастацтва раней не заўважалася даследчыкамі, а сёння патрабуе тэрміновай увагі?

— Прычын тут шмат. Думаецца, першая і галоўная – адносна позняе ажыўленне беларускай этнаграфічнай і мастацтвазнаўчай навукі. Традыцыйнай мастацкай культурай і яе набыткамі даследчыкі актыўна заняліся толькі недзе ў другой палове мінулага стагоддзя, пры гэтым першачарговую ўвагу звярнулі на тыя яе віды, якім пагражала хуткае знікненне – напрыклад, фальклор. А што хата? Прастаяла сто гадоў, ацалела ў вайну – пастаіць і яшчэ, ужо не кажучы пра пасляваенныя пабудовы. Але апошнім часам мы спахапіліся: нельга адкладваць! Вёска або занепадае, або інтэнсіўна перабудоўваецца, і ў тым, і ў другім выпадку традыцыйныя ўзоры народнага дойлідства разам з іх дэкорам знікаюць назаўсёды ці непазнавальна мяняюць свой выгляд. Тое, што мы яшчэ можам пабачыць сёння – заўтра ўжо не пабачым…

 

         

Я.М.Сахута з удзельнікамі вясельнага абраду на фестывалі традыцыйнай культуры Палесся, г.Пінск, 2012

— У кнігу «Беларускі народны архітэктурны дэкор» увайшлі матэрыялы, якія Вы збіралі болей за 40 гадоў Вашай навукова-даследчыцкай дзейнасці. Напэўна, Вы ездзілі ў экспедыцыі?

— У свой час экспедыцыйная дзейнасць у нашым акадэмічным інстытуце была вельмі актыўнай. Але, зноў жа, я спяшаўся даследаваць перш за ўсё тыя віды традыцыйных мастацкіх рамёстваў, якія занепадалі ці знікалі на вачах, хоць, вядома ж, адначасова фіксаваў і ўзоры архітэктурнага дэкору. Мне яшчэ пашчасціла пабачыць традыцыйныя палескія вёскі з чаротавымі стрэхамі. Эх, мець бы тады такую фотатэхніку, як сёння!..

Асноўная ж частка матэрыялу сабрана ў апошняе дзесяцігоддзе. Праўда, з экспедыцыямі сёння праблематычна, даводзіцца выкарыстоўваць розныя іншыя магчымасці. Напрыклад, ад’язджаю электрычкай кіламетраў на сто-дзвесце ад сталіцы і бадзяюся дзень па бліжэйшых вёсках. Вядома ж, і ўспамінаў шмат, і розных здарэнняў хапала, і цікавых сустрэч – ці ж усе згадаеш? Галоўнае ж – асалода ад вандровак па розных мясцінах і паселішчах нашай Беларусі.

 

                   

У экспедыцыі на Віцебшчыне. 1984

 

— Яўген Міхайлавіч, ці знайшлі Вы самы «ідэальны» ўзор беларускай хаты падчас сваіх вандровак? Ці не яна гэта ў цэнтры вокладкі выдання? Раскажыце пра яе падрабязней...

— На вокладцы – проста адзін з узораў пасляваеннага жылля, які, на думку мастака, найлепш падыходзіў для «твару» выдання. У нейкім сэнсе яго можна лічыць «ідэальным» для пэўнага рэгіёна, у дадзеным выпадку Бабруйшчыны, у іншых жа кутках Беларусі ўзорнымі для мясцовага люду будуць лічыцца пабудовы хоць у цэлым і падобныя, але ўсё ж крыху іншыя – і па канструкцыі, і па характары дэкору.

— Інфармацыя пра беларускі архітэктурны дэкор у Вашай кнізе падзелена па лакальных раёнах. Па якім прынцыпе Вы сістэматызавалі матэрыял? Наколькі цяжка гэта было зрабіць?

— Калі дэкор жылля на пэўнай тэрыторыі вызначаецца нейкімі характэрнымі, адметнымі, непаўторнымі мясцовымі рысамі – гэта і ёсць асноўная падстава для вылучэння лакальнага раёна. Маючы багаты ілюстрацыйны матэрыял, рабіць гэта няцяжка: групуй яго як хочаш. Але бывае і нялёгка: некаторыя адметнасці дэкору могуць фіксавацца толькі ў адным паселішчы, іншыя – сустракацца ў розных кутках Беларусі і нават за яе межамі. Так што на бясспрэчнасць прапанаванага раяніравання дэкору прэтэндаваць не збіраюся.

— Колькі працэнтаў назапашанага матэрыялу ўвайшло ў кнігу?

— Недзе дзясятая частка. У час вандровак па даследчыцкай звычцы фіксуеш усё вартае ўвагі, бо заўтра гэта ўжо наўрад ці ўбачыш, а для выдання адбіраеш самае характэрнае.

— У якіх кутках Беларусі можна пабачыць самыя незвычайныя хаты – як у канструкцыйных, так і ў дэкаратыўных адносінах?

— У адносінах да традыцыйнай культуры гаварыць пра незвычайнасць не выпадае: усё рабілася ў адпаведнасці з мясцовымі традыцыямі і густамі, а яны ў кожным рэгіёне – звычайныя для мясцовага люду, адпрацаваныя і адшліфаваныя за многія стагоддзі. Незвычайнасць – з’ява апошняга часу, яе праявы адзінкавыя, нетрадыцыйныя. Напрыклад, давялося бачыць хату, ад падмурка да вільчыка аздобленую арнаментальнымі і сюжэтнымі кампазіцыямі з… рознакаляровых закрутак ад пластыкавых бутэлек! Арыгінальны прыклад сучаснай народнай творчасці, але ж – нетрадыцыйны і ў кнігу, зразумела, не ўвайшоў.

— Скажыце, ці захаваліся яшчэ месцы ў Мінску, дзе можна пабачыць беларускія хаты з традыцыйным архітэктурным дэкорам?

— Яшчэ зусім нядаўна цэлыя кварталы драўлянага жылля з характэрным дэкорам можна было бачыць на Грушаўцы. Даволі цэласны ансамбль ацалеў у Паўночным завулку, асобныя цікавыя пабудовы трапляюцца ў розных кутках прыватнага сектара сталіцы, але іх колькасць змяншаецца на вачах. А шкада…

— Адзін з самых прыгожых элементаў дэкору беларускай хаты — гэта ажурныя ліштвы. Дзе ў нашай краіне можна знайсці самыя прыгожыя?

— Звычайнага аматара прыгажосці ў захапленне прывядуць, пэўна, ліштвы-кароны жылля на Веткаўшчыне ці ў Гомелі, дзе драўляным ажурам, ды яшчэ і расфарбаваным, яно можа быць укрыта цалкам. Для мяне ж прыгожымі могуць быць на першы погляд сціплыя, але дасканалыя ў канструкцыйна-дэкаратыўных адносінах ліштвы ў любым кутку нашага краю – скажам, на Браслаўшчыне або Піншчыне. Прыгажосць не абавязкова вызначаецца багаццем ажурнага дэкору.

Інфармацыя падрыхтавана па матэрыялахa выдавецтва «Беларусь».

 

Кнігі выдавецтва "Беларусь" можна набыць  у гандлёвых аб'ектах РУП "Белсаюздрук".