У выдавецтве «Беларусь» выйшаў мастацкі альбом «Ларыса Журавовіч». Невялікі памерам, ён усё ж бачыцца вызначальнай, характэрнай падзеяй.
Па-першае, прысвечаны творчасці таленавітага жывапісца з «правінцыйнай прапіскай»: Ларыса Журавовіч, якая нарадзілася ў 1965 годзе ў Бялынічах, на Магілёўшчыне, у сваім родным паселішчы і сёння жыве і працуе. Па-другое, альбом ні ў якім разе не з’яўляецца справаздачай «за ўсё творчае жыццё». На старонках мастацкага выдання рэпрадукцыі работ Л.Журавовіч выступаюць як адлюстраванне скіраванасці яе творчасці. Сама мастачка адносна гэтага заўважае ва ўступным артыкуле да альбома: «Перада мной заўсёды была задача: захаваць у работах свет беларускай вёскі такім, якім я ведаю яго з дзяцінства, якім люблю — прыгожым і гарманічным, дзіўным і непаўторным, з надзвычай сціплымі, сумленнымі і мудрымі людзьмі». І гэтая задача аказалася пад сілу аўтару мноства работ, сабраных цяпер разам.
«Нацюрморт з малаком», якім пачынаецца ў кнізе дыялог з аматарамі выяўленчага мастацтва, «Блакітнае рэшата», «Партрэт мамы ў сінім», «Нацюрморт з агуркамі», «Нацюрморт са слівамі» — усе гэтыя работы задаюць настрой, выбудоўваюць мост паміж аўтарам і гледачом. Гэты раздзел рэпрадукцый завяршае лаканічны, але вельмі выразны ў ацэнках артыкул мастацтвазнаўцы Наталлі Шаранговіч «Нацюрморт — паэзія ў надзённым».
Важкім этапам у сучаснай творчасці Ларысы Журавовіч з’яўляюцца работы, прысвечаныя Бялыніцкаму краю, яго ваколіцам. Гэта менавіта іх мае на ўвазе мастацтвазнаўца Святлана Стронгіна, якая ў альбоме выступае з артыкулам «Захаванне для будучыні». Чытаем адну з яе высноў: «...Карціны набылі гістарычны сэнс і значнасць. Яны сведчаць пра знакавасць жыцця беларускай вёскі. У работах Журавовіч адчуваецца павеў рэтраспектывізму, сыход у свет “старых дзядоў”. Работы мастачкі здаюцца нам адначасова і жывымі, і музейнымі, быццам закансерваванымі для будучыні». І далей: «У пейзажных творах Ларыса Журавовіч імкнецца перадаць сваё адчуванне прыроды, стану і працэсаў, якія адбываюцца ў ёй, як высокую паэзію, што яднае яе з Сусветам».
Альбом таленавітай творцы з Бялыніч (пра такіх звычайна гавораць: «геній месца») Ларысы Журавовіч падказвае і выдаўцам, і, вядома, мастацтвазнаўцам: наспела выключная патрэба паказаць многіх мастакоў, якія апантана, настойліва ствараюць партрэт сучаснасці ў прасторах і па-за межамі сталіцы.
Інфармацыя падрыхтавана па матэрыялах часопіса ЛіМ.
Кнігі выдавецтва "Беларусь" можна набыць у гандлёвых аб'ектах РУП "Белсаюздрук".