Інерцыя, паўтарэнне, прырода
Восень і вясна — супрацьлеглыя паравіны года, станы прыроды. Палярныя і вельмі падобныя ў сваёй палярнасці, бо і тая, і тая — час пераходу, замірання перад новым, чаканне або адраджэння, або ўпадзення ў доўгі сон.
Дзясяты нумар «Маладосці» бярэ на сябе адказнасць заявіць, што экзістэнцыялізм памёр, бо замест восені прыйшла вясна, замест страху і адзіноты прыходзіць супрацьлеглае.
У раздзеле калумністыкі, што адкрывае нумар, — Яўген Скібскі, Сяргей Шаматульскі, Таня Скарынкіна і Дзмітрый Шулюк. Тэкст апошняга вылучаецца сярод іншых кампазіцыйна і найбольш адпавядае зададзенаму «экзістэнцыяльнаму» настрою. Ён распавядае пра клікуш — вядомых са старажытнасці вар’ятаў, па ўказцы якіх людзі станавіліся ахвярамі закона. Аўтар шукае праявы гэтага феномена ў сучасным свеце і, на жаль, знаходзіць. Урывачнасць, «кадравасць» аповеду, рэфрэн з радкамі з песні Аляксандра Вярцінскага надаюць тэксту вар’яцкі настрой. І ад гэтага змест яго падаецца яшчэ страшнейшым у сваёй актуальнасці.
Паэтычны складнік кастрычніцкага нумара мае відавочныя агульныя рысы. Тут падабраліся аўтары, больш схільныя да вольных формаў верша. Ва ўсіх трох заўважная ўрывачнасць і рэзкасць аповеду, але ў змесце — апісальнасць, прыродная і «сезонная» вобразнасць, зацікаўленасць у тэмах Бога і чалавечых пачуццяў. Ёсць і агульная спрэчная ўласцівасць — імкненне выказвацца «непаэтычнай» мовай, называць пачуцці сваімі канкрэтнымі імёнамі, не прыхоўваючы іх у метафары. Перавага абстрактных назоўнікаў у тэксце выклікае пачуццё недарэчнасці, калі не выглядае відавочным аўтарскім прыёмам.
Творы Алізы Хаэмэт, Касі Іофе і Дзмітрыя Рубіна ствараюць агульны аднародны ўзор паэзіі ў дзясятым нумары «Маладосці». Тэматычная адпаведнасць зададзенаму ў пачатку вектару — экзістэнцыялізм і яго пераадоленне — выклікае падазрэнне, што вершы падабраныя невыпадкова.
Проза ў гэтым нумары прадстаўлена творамі Кірыла Стаселькі, Сяргея Календы і ўжо традыцыйнай часткай — працягам рамана Маргарыты Латышкевіч «Век людзей».
Персанажы Кірыла Стаселькі з дзіўнымі імёнамі і Сяргея Календы — са звычайнымі вырашаюць унутраныя пытанні віны і міласэрнасці, жорсткасці і апантанасці. Абодва апавяданні насычаны дыялогамі. Яны хаатычныя, доўгія і не ўносяць яснасці ў падзеі твора, хутчэй ствараюць фонавы шум, які пасяляецца ў чытацкай галаве і прымушае ўявіць свет твора з усёй дакладнасцю. Тэксты аб’ядноўвае даследаванне пачуцця інерцыі, але пры падабенстве настрою яны атрымліваюцца розныя за кошт аўтарскай стылістыкі.
З замежнай літаратуры ў нумары прадстаўлены пераклады Говарда Лаўкрафта, Джозэфа Джэйкабса, Юліяна Тувіма, Казімежа Бурната і Ежы Плесняровіча.
Літаратурная частка кастрычніцкай «Маладосці» атрымліваецца рознабаковым даследаваннем экзістэнцыяльнага існавання чалавека, але каб расчытаць абяцанае пераадоленне, смерць экзістэнцыялізму ў змесце твораў, трэба дастаткова моцна напружыць фантазію і здольнасць да пошукаў глыбіннага сэнсу. Пошук вясны ў восені стваральнікі часопіса пакідаюць чытачам.
У празе вечнага мая
Урыўкам пад назвай «Кастрычнік» з паэмы «Каляндар» («Месяцеслов») Ізяслава Катлярова пачынаецца новы нумар «Нёмана» — чытач атрымае асалоду ад задумлівых восеньскіх напеваў. Між тым у творы няма шматлікіх апісанняў, звыклых эпітэтаў і метафар, слоў з выразнай эмацыянальнай афарбоўкай, уласцівых прысвечаным пэўнай пары года вершам. Перагортваючы каляндар, Ізяслаў Катляроў пералічвае імёны святых і звязаныя з імі памятныя даты, але не забывае і пра постаць лірычнага героя, які час ад часу выказвае свае думкі і штосьці каменціруе. Нярэдка яго пасылы даволі складана дэкадзіраваць у дадзеным паэтычным тэксце:
«На Евлампия рога месяца
кажут на ту сторону,
откуда быть ветрам…» —
прочту и снова соглашусь,
хоть для сомнений лишь гожусь.
Живу потерею в потерю
и верю в то, чему не верю.
Ці:
«Параскева Пятница
страстям Христа причастница…»
Сергий, Яков и Фома,
что-то вновь от Ерофея…
В жизни только жизнь сама,
а живу я, не умея.
Сам ропщу иль все мы ропщем?
Жить своим или всеобщим?
Пристыдит месяцеслов, — прячу отклик или зов?
У процівагу папярэдняму твору — вянок санетаў Міколы Шабовіча «Пакуль світае неба цішынёй...» у перакладзе з беларускай мовы Глеба Пудава. Як і заўсёды, аўтар апявае сваю музу — жанчыну, якая гэтым разам паўстае ва ўспамінах як школьніца-дзяўчо. «И пусть снежинки в волосах искрятся, // Грез молодых не будем мы стесняться — // Они как будто животворный сок», — прамаўляе лірычны герой, звяртаючыся да каханай юнацтва, запэўніваючы, што і зараз яна: а) прыгожая; b) маладая; c) яе погляд вельмі спакуслівы. Відавочна, яго абсалютна не цікавіць «яна сённяшняя» (ды і вобраз яе, маладой, падаецца даволі абстрактна) — думкамі паэт у мінулым, у празе вечнага мая, які можа прынесці з сабой жанчына. Што наўзамен аддасць мужчына, невядома.
Завяршае паэтычную частку «Асенні калейдаскоп», у якім прадстаўлены вершы Яўгеніі Барысёнак і Лёлі Багдановіч. У суцэльнай стэрэатыпнасці вобразнай палітры падборкі найбольш удалым падаецца верш «Хто ведае» («Как знать») Яўгеніі Барысёнак, дзе аўтар у немудрагелістых выразах імкнецца асэнсаваць свет і сваё месца ў ім, схапіць момант і зафіксаваць сябе ў гэты прамежак часу.
Складзеная з мініяцюр аповесць Алеся Камароўскага «Заварожаны мяч» (пераклад з беларускай зрабіла Крысціна Барысенка) — адмысловае прысвячэнне беларускаму футболу, што ў цэлым нечакана для сучаснай айчыннай літаратуры. Твор можа прыйсціся даспадобы аматарам гэтага віду спорту, але раўнадушнага да ўсялякага тыпу спаборніцтваў чытача не зацікавяць нават рамантычныя атрыбуты апавядання кшталту хвалюючага гулу трыбун ці чуллівай гісторыі пра трэнера. Тым больш што ў сюжэтным ды ідэйным плане аповесць даволі звычайная. Нетрывіяльнай яе робяць шматлікія адступленні, адно з якіх — пра чэрвеньскую навальніцу і дуб: як метафара жыцця і смерці.
Даволі змястоўныя ўспаміны Мікалая Чаркашына пра малую радзіму пад назвай «Гайда ў Смаргонь!» Гэта падрабязныя замалёўкі, дзе распавядаецца пра агульную гісторыю горада і асабістую гісторыю чалавека, якому давялося жыць тут некалькі гадоў. Апісваючы шматлікія асаблівасці дзяцінства ў Смарогоні, аўтар засяроджвае ўвагу чытача на галоўным: «Школа і вуліца. Ды хіба магла канкурыраваць жаласная правінцыйная, з аблезлымі чучаламі птушак і пыльным глобусам школа з вялікай акадэміяй Вуліцы, Горада, Ракі, Лесу... Сапраўднае пазнанне жыцця пачыналася адразу ж, ледзь звінеў апошні званок». Твор, цікавай часткай якога стала параўнанне сучаснага горада з вобразам ва ўяўленні, — чуллівы зварот да мінулага, калі дрэвы былі вялікімі… Ці не кожнаму, незалежна ад падзей, непарыўна звязаных з дзяцінствам, час ад часу хочацца вярнуцца туды, да ранняй вясны, калі нават да мая яшчэ далёка?
«Нізка лістоты з недапісанай восені»
Падборкай вершаў Міколы Маляўкі пад назвай «У лепшы час» пачынаецца кастрычніцкае «Полымя». Матывы гуманізму, дабра, пераасэнсаванне сябе ў прыналежнасці да сваёй зямлі і праз гэта — сусвету ў цэлым — галоўнае ў паэзіі Міколы Маляўкі. Праз вобразнасць (традыцыйную, але ў высокамастацкім выкананні) яго творы нясуць святло і пэўную надзею для чалавека, вяртаюць тое найлепшае, што ёсць у душы кожнага — магчыма, пад напластаваннем будзённасці і шматлікіх турбот, але, тым не менш, здольнае ў самы складаны, «лепшы час» выбліснуць жыватворнай зорачкай:
Месячная ноч — і конь пасецца.
Як чужы, адзін.
Стомлены, прыйшоў да нас, здаецца,
Ён адтуль, з былін.
Ружавее небасхіл на ўсходзе.
Ціхі свет, як храм.
Не ўяўляю, у якім стагоддзі
Я, паўночнік, сам...
<…> Месячная ноч — і конь пасецца.
Свой ён, не чужы.
Сэрца б’ецца не ў грудзях, здаецца,
А ў маёй душы.
Неверагодна ўніверсальнай, напоўненай шматлікімі сэнсамі, кожны з якіх выглядвае з-пад покрыва папярэдняга, альбо, нібы меньшая матрошка, хаваецца ў большай, падаецца нізка вершаў Ганны Комар «Няісныя іерогліфы». Вобразнасць гэтай паэткі прарастае праз усё, што яе акаляе, набывае рысы ірэальнасці, сюррэалістычнасці, тагасветнай містыкі: складана паглыбляцца ў яе, каб раптоўна вочы ў вочы не сутыкнуцца з «пачварынкамі», зарытымі на дне ўласнай падсвядомасці, і яшчэ больш складана «выплыць», дастаўшы ўяўнага дна: магчыма, яно не захоча адпускаць...
нізка лістоты
з недапісанай восені
абвілася вакол ствала маёй шыі
клякоча і чмякае
пад нагамі
грыбнымі шапачкамі —
успаміны
болем зноў набрыняў мох
Пэўнай процівагай ужо згаданым аўтарам выступае Генрых Тарасевіч з падборкай вершаў «Спазнаць сябе»: ані тут няяснасцей, ані патаемных алюзій, ані падвойных сэнсаў. Усё проста і зразумела ў паэзіі Г. Тарасевіча: у сэнсе наяўнасці патрэбнай кожнаму ў пэўны час парады яе таксама можна разглядаць як спробу ўніверсальнасці:
...І таму на белым свеце
Проста трэба годна жыць
І на стомленай планеце
Зла нікому не чаніць.
Дык парадуемся шчыра
Поспехам, што сёння ёсць...
Хай гучыць у сэрцы ліра
І ўбуджае весялосць!
— заклікае аўтар, і падобна на тое, што аспрэчваць ці дыскусіраваць і ўдакладняць ісціну тут няма ні нагоды, ні патрэбы, ні, галоўнае, сэнсу.
Дарма што герой Людмілы Рублеўскай ужо стары і шмат хто ў яго ўзросце пачуваўся б нямоглым, але толькі не ён: апошняя старонка заключнай часткі прыгодніцкага і фантасмагарычнага рамана «Авантуры Вырвіча, Лёдніка і Чорнай Меланхоліі» перагорнута (здавалася б, Бутрыму можна спакойна праляжаць на печы рэшту дзён), але ў летапісе гэтай прагнай, упартай да жыцця, невынішчальнай, як дзьмухавец на агародзе, асобы пачынаецца... новы этап! «...Усё адно трэба было жыць, як жылі будучыя яблыкі ў абляцелых кветках, кнігі ў спісаных, скрэмзаных аркушах рукапісаў, як жыве Беларусь у скамечаных, выпакутаваных лёсах сваіх дзяцей», — гэтае перакананне — той нязломны ўнутраны стрыжань, які «трымае» Лёдніка ад пачатку яго эпапеі. А завяршэння эпапеі не прадбачыцца, бо ў вобразе галоўнага героя — увесь беларускі народ.
Апавяданні Дар’і Давыдзенкі, пераствораныя з рускай мовы па-беларуску Арынай Гардзей, уражваюць. Першае з іх, «Мая каралева», падаецца алегарычнай казкай, другое, — «Саня» — фантасмагорыяй з элементамі хорару (і, дарэчы, магло б паслужыць для стварэння адпаведнага кінасцэнарыя). Незашмальцаваныя думкі і разважанні, яркія карцінкі, створаныя маладой пісьменніцай, — вось што кранае найперш.
Твор пад назвай «Прамовы Вафтрудніра», пераствораны са старажытнаісландскай мовы Яўгенам Папакулем, у рубрыцы «Галасы свету» знаёміць са светам скандынаўскай міфалогіі. Аснова сюжэта твора — спаборніцтва ў мудрасці паміж Одзінам і турсам Вафтруднірам.
Інфармацыя падрыхтавана па матэрыялах Выдавецкага дома "Звязда"
Беларускія літаратурныя часопісы, а таксама іншыя выданні Выдавецкага дома "Звязда" можна набыць у гандлёвых аб'ектах РУП "Белсаюздрук".