220030, г.Минск, ул. Володарского, 16 +375 17 365 46 94 для слабовидящих
БЕЛ РУС ENG
Новы праект выдавецтва "Мастацкая літаратура".

Выдавецтва «Мастацкая лiтаратура» не перастае здзiўляць новымi кнiжнымi праектамi, новымi iдэямi, якiя вартыя ўвагi, як мне падаецца, кожнага чытача нашай краiны, хто бачыць асалоду ў чытаннi на роднай беларускай мове. Здаецца, зусiм нядаўна пачала выходзiць анталогiя казак з розных нацыянальных лiтаратур свету, з розных фальклорных скарбонак у дванаццацi тамах — «Дванаццаць месяцаў», а вось ужо i новы праект прапануюць беларускiя выдаўцы. Пра гэта i пойдзе наша размова з дырэктарам выдавецтва — вядомым пiсьменнiкам, лаўрэатам многiх прэстыжных лiтаратурных прэмiй Беларусi i Расii Алесем Бадаком.

— Алесь Мiкалаевiч, ведаю, што збiраецеся выдаваць адмысловую бiблiятэку класiкi...

— Выдавецтва «Мастацкая лiтаратура» распачынае кнiжны праект «Народная бiблiятэка», у вынiку якога будзе выдадзена цэлая бiблiятэчка выбраных твораў беларускiх класiкаў. Iдэя праекта заключаецца ў тым, што змест кнiг складуць творы, якiя прапануюць уключыць самi чытачы...

— Няўжо такая зваротная сувязь можа быць аб'ектыўная?..

— Мы перакананы ў тым, што якраз такая сувязь i стане аб'ектыўнай адзнакай таго, што ж запатрабавана чытачом... Свае меркаваннi адносна вартасцяў класiчнай лiтаратуры выкладуць настаўнiкi, студэнты, ды, канешне ж, пiсьменнiкi, навукоўцы, бiблiятэкары i г. д. Праз сацыяльныя сеткi мы неўзабаве пачнём iнтэрнэт-галасаванне, удзельнiчаць у якiм зможа кожны, хто пажадае. Будзем рады, калi iнфармацыйную падтрымку нам акажа «Выдавецкi дом «Звязда», вакол выданняў якога гуртуюцца шматлiкiя творчыя сiлы i звычайныя чытачы, якiя цiкавяцца беларускай лiтаратурай.

Дзякуючы гэтай акцыi можна будзе зрабiць выснову, якiя творы айчыннай класiкi сёння, часам нават праз сто i больш гадоў пасля свайго напiсання, карыстаюцца любоўю беларусаў. А заадно звярнуць увагу на гэтыя творы тых чытачоў — як беларускiх, так i замежных, — хто на сённяшнi дзень не вельмi лёгка арыентуецца ў нашым багатым i разнастайным прыгожым пiсьменстве.

— Тут, сапраўды, вы кiруецеся кнiгагандлёвым маркетынгам... Час паказвае, што ў многiх выпадках да знаёмства з класiкай прыходзяць i новыя чытачы...

— Ёсць нават такая статыстыка. Лiчыцца, што не менш як трыццаць працэнтаў чытачоў якраз тыя, хто выбiрае кнiгi ў кнiгарнi цi бiблiятэцы дзякуючы чыiмсьцi падказкам i чужым арыенцiрам. Мне здаецца, што ў дачыненнi да беларускай лiтаратуры такi працэнт яшчэ вышэйшы.

— Хоць добра было б правесцi сапраўднае сацыялагiчнае даследаванне адносна таго, якiя кнiгi выбiраюць айчынныя чытачы. Ёсць, праўда, рэйтынгi, якiя штомесяц складаюць у ААТ «Белкнiга». I на крайнi выпадак мы ведаем, якiя кнiгi беларускай вытворчасцi, якiя кнiгi на беларускай мове найболей набываюць беларусы...

— I я заўсёды з вялiкай цiкавасцю праглядаю гэтыя рэйтынгi, за падрыхтоўку якiх надзвычай удзячны супрацоўнiкам «Белкнiгi». Усё ж такi важна ведаць, што найболей часта купляюць у 101 iх кнiгарнi. Але ж, сапраўды, патрэбна болей грунтоўнае даследаванне, калi хочаце, чытацкага попыту. Якiя iнстытуты за гэта гатовы ўзяцца — асабiста я не ведаю...

Другая мэта «Народнай бiблiятэкi» — даведацца, з якiх iмёнаў, на думку нашых сучаснiкаў, сёння павiнен складаццца наш класiчны лiтаратурны пантэон, каго сёння беларусы лiчаць класiкамi, якiх варта хоць зрэдку перачытваць. Мне здаецца, што вынiкi такога народнага галасавання будуць цiкавыя ўсiм — не толькi звычайным чытачам, а таксама нашым лiтаратуразнаўцам, выкладчыкам.

— Цi не пахiснуцца пэўныя асновы ўяўленняў пра класiку, якiя ствараюцца ў нашай свядомасцi, пачынаючы ад школьных падручнiкаў?..

— Не магу пагадзiцца з такiм меркаваннем. Стварэнне «Народнай бiблiятэкi» на аснове рэальных чытацкiх зацiкаўленняў — гэта нi ў якiм разе не жаданне нейкiм чынам прарэвiзаваць нашу класiку: паўтаруся, размова iдзе пра iмкненне зразумець, хто i што сёння карыстаецца народнай любоўю. Калiсьцi беларускiя сяляне, сучаснiкi Францiшка Багушэвiча, хавалi яго кнiгi за абразамi, а калi ён памёр, чатырнаццаць кiламетраў пры вялiкiм веснавым разводдзi неслi на сваiх плячах цела нябожчыка, каб перадаць яго роднай зямлi. Канешне, сёння творы Багушэвiча не карыстаюцца такой папулярнасцю, як тады, але праз гэта яны не сталi менш класiчнымi. Таму iх праходзяць у школе, у гуманiтарных ВНУ, што абсалютна справядлiва. Але мне здаецца, што ў нашым жаданнi паказаць нейкiя лiтаратурныя арыенцiры, не абмяжоўваючыся толькi школьнай цi ўнiверсiтэцкай праграмай, таксама ёсць свая логiка i патрэба. Гэта датычыцца i iмёнаў, i канкрэтных твораў. Адна справа, калi гаворка iдзе пра Iвана Мележа: зразумела, што пераважная большасць чытачоў сваiм любiмым творам назаве «Людзей на балоце». А задайце тое ж пытанне ў дачыненнi да творчасцi Максiма Гарэцкага, Кузьмы Чорнага — я думаю, прадказаць вынiкi апытання тут будзе нашмат складаней. Ды я не спяшаўся б рабiць нейкiя дакладныя прагнозы i ў дачыненнi да твораў Iвана Шамякiна альбо Васiля Быкава.

— З чаго пачнецца «Народная бiблiятэка»?..

— Першымi кнiгамi выбраных твораў у нас выйдуць том Максiма Багдановiча i двухтомнiкi Янкi Купалы i Якуба Коласа. Тут, думаю, нi ў кога пярэчанняў не будзе: гэта, як кажуць расiяне пра Пушкiна, «наша ўсё».

Мы будзем старацца, каб гэта былi падарункавыя iлюстраваныя выданнi, выкананыя ў адным мастацкiм стылi, з арыгiнальным дызайнам i не вельмi дарагiя. Выданнi, якiя не сорамна падарыць, у тым лiку замежным гасцям: найперш нашым замежным суайчыннiкам.

— Тады, вiдавочна, трэба будзе дбаць i пра iстотныя тыражы...

— Так. I ў гэтым вельмi спадзяёмся на ўсю чытацкую супольнасць, на яе адкрытыя i шчырыя меркаваннi.

Інфармацыя падрыхтавана па матэрыялах Выдавецкага дома «Звязда».

 

Кнігі выдавецкага "Мастацкая літаратура" можна набыць у  гандлёвых аб'ектах РУП "Белсаюздрук".