220030, г.Минск, ул. Володарского, 16 +375 17 365 46 94 для слабовидящих
БЕЛ РУС ENG
Сёння 90 гадоў з дня нараджэння Уладзіміра Караткевіча.

26 лістапада 2020 спаўняецца 90 гадоў з дня нараджэння класіка беларускай літаратуры Уладзіміра Сямёнавіча Караткевіча. Яго творы карыстаюцца вялікай папулярнасцю сярод чытачоў і ў пакупнікоў. І не дзіва. Уладзімір Караткевіч праз свае творы здолеў абудзіць народную памяць, годнасць беларусаў, пашану да нашага гістарычнага мінулага, роднай мовы. Як пісьменнік ён пранікаў у дух эпохі, паказваў колішняе жыццё, не змяняючы яго, з пазіцыі сучасных рэалій. На сёння ўжо выдадзены 8-томны збор твораў Караткевіча, у працэсе выдання знаходзіцца збор у 25 тамах, выходзяць кнігі ўспамінаў пра пісьменніка. Але, на жаль, пакуль не існавала паўнавартаснага энцыклапедычнага выдання аб гэтай выбітнай асобе, у якім можна было б знайсці адразу інфармацыю пра творы пісьменніка, яго акружэнне, сяброў, тых, хто аказаў уплыў на яго творчасць, а таксама пра сучасных паэтаў і празаікаў, мастакоў, якіх натхняюць творы Караткевіча.

Энцыклапедычны даведнік «Уладзімір Караткевіч» павінен запоўніць гэту нішу. Пад адной вокладкай змешчана каля тысячы артыкулаў, якія тычацца жыцця і творчасці пісьменніка. Яны прысвечаны блізкім і родным, людзям, якія мелі стасункі з ім, даследавалі і даследуюць яго літаратурную дзейнасць, а таксама тым, для каго постаць і творчасць класіка сталі сапраўднай крыніцай натхнення. Увайшлі ў даведнік і літаратуразнаўчыя артыкулы па раманах і аповесцях, найбольш значных нарысах У.Караткевіча, падрабязна разглядаюцца мастацкія сродкі, якія выкарыстоўваў майстар, апісваюцца месцы, дзе бываў Караткевіч, сустракаўся са сваімі сябрамі, натхняўся на новыя творы. Некаторыя артыкулы ў будучыні могуць стаць паўнавартаснай тэмай для абароны кандыдацкіх і доктарскіх дысертацый, студэнты змогуць выкарыстаць для напісання курсавой працы, настаўнікі знойдуць шмат карыснай інфармацыі для падрыхтоўкі ўрокаў, а вучні — дадатковы матэрыял для атрымання высокай адзнакі.

Дарэчы, выдавецтва «Беларуская Энцыклапедыя iмя Петруся Броўкi» ўжо мае вопыт падрыхтоўкі такіх кніг. Некалькі гадоў таму была падрыхтавана трохтомная персанальная энцыклапедыя “Янка Купала”, якраз да 135-годдзя з дня нараджэння класіка. Выданне было ўхвалена чытачамі і ў 2019 годзе атрымала Гран-пры XVI Міжнароднага конкурсу дзяржаў-удзельніц СНД «Мастацтва кнігі».

У падрыхтоўцы энцыклапедычнага даведніка «Уладзімір Караткевіч» узялі ўдзел навукоўцы вядучых ВНУ краіны, Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва, супрацоўнікі Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, журналісты-краязнаўцы Уладзімір Барысенка, Сяргей Галоўка і іншыя У даведніку будзе змешчана шмат ілюстрацый. Гэта фотаздымкі з архіваў Беларусі і асабістых архіваў нашых аўтараў, рэпрадукцыі жывапісных і графічных работ, прысвечаных асобе У.Караткевіча, звязаныя з мясцінамі, дзе ён бываў.

Энцыклапедычны даведнік «Уладзімір Караткевіч» — своеасаблівая шчырая падзяка класіку беларускай літаратуры, творчасць якога, як зазначыў у свой час А.Адамовіч, запоўніла «прорву паміж дзіцячай, нават маладзёжнай аўдыторыяй, і літаратурай для дарослых» і які сам «заняўся сур’ёзна тым, што зрабіў у Англіі Вальтэр Скот, у Расіі Лажэчнікаў і Загоскін».

Інфармацыя падрыхтавана па матэрыялах выдавецтва «Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі».