220030, г.Минск, ул. Володарского, 16 +375 17 365 46 94 для слабовидящих
БЕЛ РУС ENG
Выстава, прысвечаная жыццю і творчасці Уладзіміра Караткевіча.

У чытальнай зале рэдкіх кніг і рукапісаў Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Якуба Коласа НАН Беларусі разгорнута юбілейная экпазіцыя “Сын Зямлі пад белымі крыламі”, прымеркаваная да 90-годдзя з дня нараджэння Уладзіміра Караткевіча – славутага беларускага пісьменніка, паэта, празаіка, публіцыста, драматурга, перакладчыка, сцэнарыста, чалавека неардынарнага, надзеленага рознымі талентамі, сапрўднага сына сваёй Бацькаўшчыны.

                       

Цэнтральная навуковая бібліятэка НАН Беларусі з’яўляецца захавальніцай самай вялікай часткі дакументальнай спадчыны пісьменніка.

Арганізававаная выстава дае надведвальнікам унікальную магчымасць зазірнуць у святая святых – творчую лабараторыю У. Караткевіча, адчуць атмасферу, у якой нараджаліся героі будучых яго раманаў, аповесцей, апавяданняў, што так палюбіліся чытачам і ўвайшлі ў залаты фонд беларускай і сусветнай літаратуры.

Дакументы з асабістага архіва У. Караткевіча адлюстроўваюць асноўныя этапы яго жыцця і творчасці. Кожны з іх уяўляе сабой сапраўдны рарытэт, нясе сваю асабістую аўру, з’яўляецца сведкам творчага працэса, распавядае пра гісторыю стварэння таго ці іншага твору.

Сярод экспанатаў – чарнавікі, аўтографы паэтычных твораў: ад першай публікацыі вершаў у газеце “Ленінскі прызыў” да апошняй – верша, прысвечанага Васілю Быкаву, рукапісы твораў 1950-х гг. з цікавымі малюнкамі пісьменніка, раманаў “Каласы пад сярпом тваім”, “Хрыстос прызямліўся ў Гародні”, “Чорны замак Альшанскі”, шматлікіх аповясцей і апавяданняў, эсэ, казак.

    

Асобныя тэматычныя блокі ствараюць уяўленне пра У. Караткевіча як драматурга, кінасцэнарыста. На выстаўцы можна пазнаёміцца з рукапісамі п’ес “Маці ўрагану”, “Калыска чатырох чараўніц”, “Кастусь Каліноўскі”, афішай прэм’еры згаданага спектакля, пастаўленага ў Беларускім дзяржаўным акадэмічным тэатры імя Я. Коласа, з аўтографамі ўдзельнікаў спектакля.

Кінематаграфічную дзейнасць У. Караткевіча адлюстроўваюць сцэнарыі мастацкіх фільмаў, фатаграфіі асобных кадраў з кінафільмаў, сярод якіх – “Хрыстос прызямліўся ў Гародні”.

Выклікаюць цікавасць дакументы часоў вучобы У. Караткевіча ў Кіеўскім дзяржаўным універсітэце, запісныя кніжкі, узоры перапіскі.

Сярод выяўленчых дакументаў дэманструюцца цікавыя і рэдкія фотаздымкі з сямейнага альбома Караткевічаў, малюнкі пісьменніка на гістарычныя тэмы, ілюстрацыі да ўласных твороў, яго самадастатковыя эцюды, падпісаныя “УК”, а таксама партрэтныя замалёўкі, сяброўскія шаржы на У. Караткевіча, выкананыя рознымі асобамі.

У асобным раздзеле экспазіцыі сабрана амаль уся друкаваная спадчына пісьменніка – ад першых прыжыццёвых выданняў паэтычных зборнікаў да салідных збораў твораў, а таксама кніг, што былі выдадзены ўжо пасля смерці У. Караткевіча. Асобныя блокі прысвечаны перакладам твораў пісьменніка на розныя мовы народаў свету, даследаванням навукоўцаў аб жыцці і творчасці пісьменніка, успамінам сяброў, сваякоў, літаратараў, мастакоў, артыстаў, кнігі з дарчымі надпісамі.

Запрашаем наведаць экспазіцыю ў Цэнтральнай навуковай бібліятэцы НАН Беларусі па адрасе: Мінск, вул. Сурганава, 15, чытальная зала рэдкіх кніг і рукапісаў, п. 601.

Выстаўка будзе працаваць да 31 снежня 2020 года.

 

Інфармацыя падрыхтавана па матэрыялах НББ.