220030, г.Минск, ул. Володарского, 16 +375 17 365 46 94 для слабовидящих
БЕЛ РУС ENG
Да юбілея літаратурнага часопіса.

У снежні 1945 года пабачыў свет першы нумар літаратурна-мастацкага і грамадска-публіцыстычнага беларускага выдання на рускай мове — часопіса «Нёман». 75-гадовы юбілей знакамітага выдання ў краіне не адзначалі ў сувязі з пандэміяй, але каб згадаць адметныя моманты з гісторыі часопіса, мы звярнуліся да яго галоўных рэдактараў, два з якіх узначальвалі рэдакцыю ў мінулым і адзін — цяпер.

Алесь ЖУК:

«Клопат застаецца нязменны»

                         

Беларускі рускамоўны часопіс «Нёман» бярэ свае вытокі з альманаха «Отчизна», які пачаў выдавацца ў 1945 годзе, а з 1947-га як часопіс «Советская Отчизна» выходзіў адзін раз на два месяцы. З 1960-га пераймяноўваецца ў «Неман», з 1988-га назва пішацца ў беларускай транскрыпцыі — «Нёман». Славу ва ўсесаюзнага чытача «Нёман» займеў у бытнасць яго рэдактарам Андрэя Макаёнка пасля надрука вання перакладу Габрыэля Маркеса «Восень патрыярха», але адной публікацыяй часопіс не стаў бы фактычна ўсе саюзным, каб не друкаваў рэгулярна пераклады белару скай літаратуры на рускую мову (а беларуская проза па сваёй значнасці па праве лічылася адной з самых высока мастацкіх, і паэзія была годнай, і драматургія праслаўле на імёнамі Макаёнка і Дударава). Не забываў часопіс і пра найлепшыя здабыткі замежнай літаратуры, таму і чытаўся без перабольшвання ад Брэста да Курылаў (так тады гаварылася ў дачыненні да часопіса і па-за межамі Беларусі).

Тыраж маскоўскага часопіса «Дружба народов» быў 200 тысяч экзэмпляраў, і «Нёман» яму не саступаў. Таму на старонках часопіса можна было прачытаць адметныя матэрыялы, а ў рэдакцыі сустрэць надзвычай цікавых людзей.

Так, аднойчы пад канец рабочага дня да мяне зайшоў пажылы моцны мужчына і назваўся палкоўнікам ваеннай контрразведкі ў адстаўцы. Яшчэ цікавейшым быў той факт, што палкоўнік дзесьці сямнаццаць гадоў кіраваў службай бяспекі закрытага гарадка атамшчыкаў «Арзамас-16».

Сярод яго падапечных былі такія свяцілы, як Андрэй Сахараў, Якаў Зяльдовіч і яшчэ не адзін дзясятак сусветна вядомых вучоных. Я назваў толькі Сахарава і Зяльдовіча, бо пра іх будзе гаворка.

Мужчына прысеў да стала, дастаў з дыпламата кнігу ўспамінаў пра Андрэя Сахарава, багата ілюстраваную фотаздымкамі, і невялікую папку. Пра Сахарава тады ўжо можна было пісаць станоўча, з’явілася цікавасць да яго асобы.

— У адстаўцы вырашыў заняцца пісьменніцтвам. З многімі цікавымі людзьмі ўсё ж давялося быць. А хто такі Якаў Зяльдовіч, ведаеце?

Я ведаў, што Зяльдовіч ураджэнец Беларусі, фізіктэарэтык, вучоны з сусветным імем, найбуйнейшы тэарэтык пасля Ландау…

Палкоўнік у знак згоды кіўнуў галавой і дадаў, што яшчэ і вынаходнік і ведае толк у ракетным канструяванні. — А вось мой нарыс пра Зяльдовіча. І ў «Знамени», і «Октябре», і «Нашем современнике» знайшлі прычыны адмовіць мне ў публікацыі.

— Ну дык папрасілі б дапамогі ў сваіх уплывовых калег з дзяржбяспекі. Няўжо і яны не дапамаглі?! Палкоўнік усміхнуўся:

— Дапамаглі! Яны расказалі, што ёсць такі часопіс «Нёман» у Мінску, і параілі звярнуцца да вас…

Нарыс я пачытаў за ноч. Палкоўнік не толькі добра ведаў рускую мову, але і, відавочна, меў літаратурныя задаткі, і асоба Зяльдовіча была ім прадстаўлена цікава. Мае маскоўскія калегі заварочвалі рукапіс хутчэй за ўсё таму, што Зяльдовіч быў Зяльдовічам. Помнік тройчы Герою Сацыялістычнай Працы, вядомаму вучонаму крамлёўскія кіраўнікі ўсталявалі на тэрыторыі беларускай Акадэміі навук, з якой Зяльдовіч ніякіх стасункаў не меў.

Калі галоўным рэдактарам «Нёмана» стаў Анатоль Кудравец, ён дамогся павелічэння аб’ёму нумароў, каляровых уклеек, каб прадстаўляць за межамі рэспублікі не толькі літаратуру, але і выяўленчае мастацтва, замацаваў напісанне назвы часопіса згодна з беларускай арфаэпіяй: «Нёман». Стала за часопісам замацаваўся і двухсоттысячны тыраж.

Але новы век і новыя павевы няўмольна ўнеслі свае змены і ў дачыненні да маскоўскіх літаратурных часопісаў, зменшыўшы іх тыражы з соцень тысяч да тысяч. Тое ж адбылося і з «Нёманам».

Але клопат у яго застаецца ранейшы — даносіць да рускамоўнага беларускага чытача найлепшыя творы нашых пісьменнікаў.

Алесь БАДАК:

«Зблізку і на адлегласці»

             

Сваю працу ў «Нёмане» мне згадваць заўсёды прыемна. У творчым калектыве вельмі важна, каб побач былі аднадумцы. Нармальна, калі два чалавекі выпадкова сустрэліся ў кнігарні і пры гаворцы іх літаратурныя густы зусім не супалі, але на працы мы ўсе разам робім адзін часопіс, які павінен падабацца кожнаму супрацоўніку, бо калі ты не задаволены агульным вынікам зробленага месяц, паўгода, год, то непазбежна з’яўляецца абыякавасць да працы. Таму, калі, напрыклад, Алег Аляксеевіч Ждан казаў на планёрцы, што яму прыслалі ці прынеслі цікавую аповесць альбо апавяданне, я не сумняваўся, што так яно і ёсць.

Не ведаю, як цяпер, а тады паток патэнцыяльных і нярэдка зусім невядомых аўтараў быў вельмі вялікі, і часам з ходу разабрацца ў вартасцях твора было не так і проста. Памятаю, адзін аўтар прынёс мне цэлую падборку сваіх вершаў. Было ў іх нейкае свежае зерне, але крыху бянтэжыла, што гэты невядомы творца раскідвае па радках знакі прыпынку сапраўды як сейбіт — зерне: куды ўпадзе, там і добра. Я вырашыў далікатна звярнуць яго ўвагу на гэтую праблему: як сведчыць гісторыя літаратуры, многія славутыя пісьменнікі не дужа добра ведалі законы пунктуацыі. Але аўтар тут жа збіў з панталыку сваім прызнаннем: «Я ведаю законы пунктуацыі, аднак спецыяльна вось так расстаўляю знакі прыпынку». Ён прыгадаў славутую лесвічку Маякоўскага, якая паказвае чытачу, дзе, па задуме аўтара, трэба рабіць дадатковыя паўзы, што не выдзяляюцца знакамі прыпынку. Але паўтараць Маякоўскага майму госцю не хацелася — хацелася ў вершаскладанні нечага новага. І ён вырашыў пазначаць важныя ў яго разуменні дадатковыя паўзы абсалютна лішнімі з пункту гледжання пунктуацыі коскамі. Наша размова доўжылася, можа, з гадзіну, час ад часу пераходзячы на павышаныя таны. Я з сумам былога рэдактара аддзела паэзіі «Нёмана», якога незадоўга да гэтай гісторыі не стала і якому, напэўна, хапіла б і дзесяці хвілін, каб пачаць і закончыць размову з настойлівым аўтарам. Нарэшце мы развіталіся, застаючыся кожны пры сваёй думцы.

І толькі тут мне прыйшло ў галаву: а што б я адказаў свайму наведвальніку, калі б у якасці чарговага аргумента на карысць сваёй «правільнасці» ён прывёў прыклад тых вершаў, якія сёння, часам і ў «Нёмане», друкуюцца ўвогуле без знакаў прыпынку?! Прызнаюся, аргументаванага адказу на гэтае пытанне ў мяне няма і цяпер. Дарэчы, дзякуючы Юрыю Сапажкову адбылося і маё, і ўсёй тагачаснай рэдакцыі «Нёмана» знаёмства з Яўгенам Еўтушэнкам. Юрый Міхайлавіч быў неверагодным прыхільнікам творчасці гэтага паэта і, калі даведаўся, што Еўтушэнка прыехаў на «Славянскі базар у Віцебску», на сваёй машыне за трыста кіламетраў ад Мінска кінуўся на сустрэчу з кумірам, чыю паэму «Под кожей статуи Свободы» ў 1970 годзе, кажуць, адмовіліся друкаваць тоўстыя расійскія часопісы і асмеліўся толькі наш «Нёман». Сустрэча не толькі адбылася: Юрый Сапажкоў дамовіўся з Еўтушэнкам пра яго выданне кнігі ў нас — у РВУ «Літаратура і мастацтва». Кніга выйшла, і Еўтушэнка сам прыехаў падпісаць дамову. Мы накрылі стол, і госць пасядзеў з намі з паўгадзіны ці крыху больш. Праўда, размова ў асноўным вялася вакол ганарару, аўтарскіх экзэмпляраў. На той час бясплатныя аўтарскія экзэмпляры ўжо не выдаваліся, што ў Еўтушэнкі выклікала непрыхаваную незадаволенасць, і гэта, здаецца, крыху збянтэжыла і Юрыя Сапажкова. Я ж пасля той сустрэчы ўспомніў вядомую фразу: вялікіх трэба любіць на адлегласці. Зрэшты, не ведаю, ці мая любоў да «Нёмана» і нёманаўцаў на адлегласці вырасла. Мне здаецца, што я іх заўсёды аднолькава вельмі любіў і люблю.

Юлія АЛЕЙЧАНКА:

«Знаёмства з працягам»

           

Знаёмства з «Нёманам» у мяне атрымалася знакавым. І з працягам. Тут я пачынала свой шлях літаратурнага рэдактара. На пятым курсе прыйшла працаваць у аддзел сусветнай літаратуры (фактычна — часопіс у часопісе).

Сур’ёзныя перакладныя творы… Тэставым заданнем была рэдактура цэлага рамана. Адказнасці дадавала і тое, што пасадзілі мяне за камп’ютар былога рэдактара аддзела — легендарнага Юрыя Сапажкова, які незадоўга да майго прыходу пайшоў з жыцця… Статус самай маладой у калектыве бянтэжыў нядоўга. Шчырая сяброўская атмасфера і падтрымка хутка далі свой плён. Аднак беларуская стыхія клікала ўсё мацней — праз паўгода я ўжо рэдагавала вершы ў «Полымі».

Вяртанне ў «Нёман» праз пяць гадоў у якасці галоўнага рэдактара было, шчыра кажучы, рашэннем няпростым. Як беларускі філолаг, да мозгу касцей залучаны ў беларускамоўную стыхію, я бачыла ў гэтым пэўную небяспеку. Цяпер, жартуючы, кажу чытачам, каб не злавалі, калі «налягаю» на пераклады з беларускай… Аднак менавіта ў гэтым і бачыцца важная асветніцкая і ў добрым сэнсе прапагандысцкая функцыя прадстаўлення беларускай літаратуры (класічнай і сучаснай) на шырокіх абшарах рускамоўных тэрыторый ва ўсім свеце. Нярэдкімі з’яўляюцца гісторыі перакладу беларускіх аўтараў на нацыянальныя мовы праз цікавасць ад прачытання іх на старонках «Нёмана» па-руску. Ды і ўсталяванне выразнай беларускай арыентацыі ў рускамоўным часопісе Беларусі — функцыя не менш важная. Многія нашы сучаснікі рускамоўныя, але і яны з’яўляюцца носьбітамі беларускай нацыянальнай і культурнай ідэі. Пісаць нашы аўтары павінны пра Беларусь, вербальна фарміруючы яе яскравы вобраз. Безумоўна, ніхто не адмяняў пры гэтым актуальнай тэмы міжнацыянальных кантактаў. 75-гадовы «Нёман» сёння мае малады твар. У бягучым годзе на вокладках часопіса прадстаўлены муралы сучасных беларускіх мастакоў, часцей з’яўляюцца публікацыі маладых аўтараў (Цімура Вычужаніна, Данііла Арыянава і інш.), пабачылі свет і разважанні колішніх школьнікаў пра свет будучыні з аднайменнага праекта. Аднаўляюцца старыя і з’яўляюцца новыя рубрыкі. Спадзяюся, што і з захаваннем традыцый мы спраўляемся, аддаючы вялікія часопісныя плошчы аўтарам знаёмым і горача любімым даўнімі сябрамі «Нёмана».

Вельмі цешыць, калі атрымліваем зваротную сувязь ад чытачоў. Справа ў тым, што «Нёман» традыцыйна мае моцны публіцыстычны блок, дзе часта друкуюцца дыскусійныя калялітаратурныя, філасофскія, сацыялагічныя матэрыялы. Прыемна атрымліваць лісты і ў папяровых канвертах, і па электроннай пошце. Прыемна, калі чытачы і развіваюць думку аўтара артыкула, і рашуча не пагаджаюцца, бо гэта жывая чалавечая рэакцыя. Часам такія думкі мы змяшчаем у рубрыцы «З пошты часопіса». Ды і ўвогуле, унікальная магчымасць — мець справу з такімі рэдкімі ў наш час праявамі эпісталярнага жанру ў яго першапачатковым, класічным значэнні. Аўтары «Нёмана» не згубілі ўменне пісаць «шляхетныя» лісты. Безумоўна, іх трэба архівіраваць, каб потым даць шчодрую глебу для даследчыкаў. Дасылаюць у «Нёман» самаробныя паштоўкі, дыскі. А нядаўна ў рэдакцыю прынеслі пасылку з любоўна захутанымі… журавінамі. Напэўна, гэта самы кранальны «зварот», які мне даводзілася атрымліваць. Ягады прыехалі ажно з Брэстчыны…

Інфармацыя падрыхтавана па матэрыялах Выдавецкага дома "Звязда"

 

Часопіс "Нёман" можна набыць у гандлёвых аб'ектах РУП "Белсаюздрук".