Патрыярх беларускага авангарду, дзядуля мінскага андэграўнду, парушальнік спакою, падзвіжнік дзіцячай творчасці, выдатная асоба 1970—1990-х гадоў... Усе гэтыя словы часцей за ўсё выкарыстоўваюць мастацтвазнаўцы і журналісты для характарыстыкі мастака Віталя Чарнабрысава, якому 15 снежня споўнілася 80 гадоў.
З імем Чарнабрысава звязваюць нараджэнне альтэрнатыўнага мастацкага руху ў Мінску і Беларусі ў канцы 1960-х гадоў. Першы чысты і паслядоўны прадстаўнік андэграўнду — фанатык-адзіночка, дзівак-стоік, сапраўдны маргінальны мастак сутарэнняў. Год, праведзены ў Каўнасе ў тэхнікуме прыкладнога мастацтва імя Жукаса (1966), толькі ўмацаваў жаданне працаваць самастойна. 1967 год стаў пачаткам ягонай творчасці. У 1968 годзе мастак упершыню павёз свае творы на так званую кватэрную выстаўку ў Ленінград — сталіцу андэграўнду. Піцер прыняў Чарнабрысава і назаўсёды пазбавіў яго комплексу непаўнавартаснасці аматара. Пытанне мастацкай адукацыі ніколі не ставілася ў андэграўндзе на першы план. Ацэньвалі найперш мастацкую арыгінальнасць. «Карціны Чарнабрысава пахнуць зямлёй і агародам, чаго ў піцерскім мастацтве даўно няма», — напісаў у каталогу яго сябар, пецярбургскі мастак і мастацтвазнаўца Міхаіл Іваноў.
Амаль два дзесяцігоддзі ён жыў на два гарады — Мінск і Ленінград, тры-чатыры разы на год ездзіў туды да сяброў. Функцыі гарадоў выразна дзяліліся: Піцер — горад творчых зносін і натхнення, Мінск — работы і самаадукацыі, пасля — «горад, для якога я нешта зрабіў». У Піцеры прапанавалі выстаўку ў музеі Фёдара Дастаеўскага, калекцыянеры пачалі набываць яго творы па 25-30 савецкіх рублёў за палатно (эцюд Канстанціна Сомава ў піцерскім антыкварыяце каштаваў тады 40 рублёў). Тым не менш у Мінску як мастака яго ведалі толькі блізкія сябры: Кірушчанка, Хобатаў, Маціевіч, Арцімовіч, Давідзенка, Хмызнікаў, якія былі частымі гасцямі ў двухпакаёўцы на вуліцы Якуба Коласа (цяпер — Лагойскі тракт), дзе заўсёды, карыстаючыся цярплівасцю інтэлігентных бацькоў, «таўклася» мастацкая тусоўка. Чарнабрысаў, як магніт, прыцягваў маладых мастакоў, меў для іх рэпутацыю своеасаблівага «гуру». Вабіла цэласнасць яго жыццёвай праграмы: ён не спакушаўся на прынады афіцыёзу — кар'еру, славу, грошы. Да апошняга ўвогуле ставіўся як да сродку «імгненнага «кайфу» і ўмудраўся жыць пры мінімальнай іх колькасці. Для астатніх ён быў хутчэй не мастаком, а прапагандыстам яскравага дзіцячага фармалізму.
Яшчэ ў 1968 годзе Віталь, як і многія мастакі, пачаў весці дзіцячую студыю — пры ЖЭСе Савецкага раёна. Дзеці для яго стаяць побач з любімымі Пікасо, Руо, Клее: «Якая розніца, колькі каму гадоў — 4 ці 80, калі ўсе мы — мастакі». Чарнабрысаў вучыў на найлепшых прыкладах народнага мастацтва. Дзеці ў яго студыі малявалі на шпалерах і распісвалі пад'езды. Праз студыю Віталя Чарнабрысава за два дзесяцігоддзі прайшло каля 3000 дзяцей!
Да канца 1990-х Чарнабрысаў цалкам адпавядаў уяўленню аб «мастаку сутарэнняў»: працаваў начным ахоўнікам, пажарным у Мастацкім музеі, потым дворнікам у Палацы мастацтваў. У мастацкае жыццё ўвайшоў як адзін з заснавальнікаў мастацкага аб'яднання «БЛО». У 1980-я меў устойлівую рэпутацыю адыёзнай фігуры — удзельніка тайных піцерскіх багемных тусовак, авангардыста і хіпі. Дапамагалі гэтаму ўяўленню касцюмы ў стылі «мілітары» колеру хакі, якія ён закупляў адразу некалькі і насіў доўгія гады (зручная ўніформа піцерскага аб'яднання маладых мастакоў «Міцькі»), заплечнік, набіты кніжкамі.
Зараз пра Віталя Чарнабрысава здымаюцца фільмы, тэлевізійныя перадачы, наладжваюцца яго выстаўкі, выходзяць кнігі. У 2010 годзе прайшла першая персанальная выстава ў галерэі «Вільнюс», затым у галерэях Шчамялёва і «Ў».
Ён падараваў 27 твораў мастацкаму музею, у якім працаваў амаль 23 гады, яшчэ з часоў легендарнай Аладавай. Ездзіў у экспедыцыі па Беларусі, выконваў бясконцую мужчынскую работу, якой хапае ў музеі: грузіў, вешаў карціны, цягаў скульптуры... Дарэчы, Аладава аднойчы вырашыла «прасунуць» — прапанавала паступаць у «Рэпінку» — Акадэмію мастацтваў у Ленінградзе. Віталь быў сур'ёзна напалоханы і неяк адгаварыўся: «Мне гэта непатрэбна...»
Манера яго жывапісу вызначылася адразу і не мянялася дзесяцігоддзямі. Экзатычна-вобразны тэатральны свет карцін Чарнабрысава сонечны, цёплы і іранічны, як мудрая народная казка. Ён населены вольнымі цыганамі, якія крадуць коней і нават месяц з неба; жыццярадаснымі цыганкамі; тоўстымі гетманамі з булавамі і маленькімі актрысамі-лялькамі ў пышных крыналінах з веерамі і чырвонымі ружамі; аголенымі вясёлымі Пенелопамі, якія ляжаць у чаканні Адысея. Але ёсць і адваротны бок: бязногія інваліды ў самаробных вазках; маленькія людзі ў хісткіх лодках, якія з адчаем змагаюцца з жахлівымі хвалямі акіяна; старыя з кульбачкамі (гэта тэма апошняга часу, калі самому стала цяжка хадзіць з-за траўмы нагі). Раўнавага свету.
Карнавальнасць, тэатральны пачатак творчасці Чарнабрысава ідуць ад захаплення Пікасо; бясконцае самакатаванне пераробкамі і паляпшэннямі — ад любімага Руо. Дух іроніі і самапародыі пранізвае творчасць Чарнабрысава. Тут ён выступае тыповым рамантыкам і адначасова інсітным мастаком. Як і народныя прымітывісты, часта ўжывае ў жывапісе малярныя фарбы і сланечнікавы алей (які ў безграшоўе ідзе па назначэнні). Часта маляваў паўзверх купленых танных рэпрадукцый у залачоных рамах, не надаючы ўвагі плямам ад фарбаў на раме — тыповая брутальная эстэтыка майстроў андэграўнду як рэакцыя на залакіраванае афіцыйнае мастацтва музеяў. Ад прымітыву, лубка ідуць і шматлікія заклікі — тэкставыя надпісы на яго карцінах: «Не біце птушак!», «Хутчэй ліся, лёгкае алегра!».
Незлічоная серыя яго аўтапартрэтаў (больш за 300). Яны вылучаюцца асаблівай энергетыкай і з'яўляюцца маніфестам творцы: «Аўтапартрэт з Сакратам і птушкай», «Аўтапартрэт у вобразе цыгана», «Аўтапартрэт з анёлам, які трубіць», «Атурэчаны аўтапартрэт»... Гарачы, напружаны, крыху скошаны позірк. Чорныя плямы пад вачыма. Нязменная «беламорына» ў роце. Патрабавальнасць да свету. Неўтаймаваная сіла і энергія. Для яго аўтапартрэт — і нарцысава люстэрка, і маскарад, і споведзь, і мара, і проста штодзённы экзерсіс. Чарнабрысаў — моцны каларыст. Часам яго аўтапартрэты набліжаюцца да знакамітых суцінскіх: той жа гратэск, цяга да жорсткага самапазнання.
Жывапіс Чарнабрысава, дынамічны, пастозны, пластычны, злеплены з густога, смачнага шматфарбавага рэчыва, вызначаюць як экспрэсіяністычны. «Я — вангогісты Гаген!» — сказаў неяк ён пра сябе.
Няспешнага, асцярожнага падыходу патрабуе работа з камянямі: «Камень хацелася рэзаць з дзяцінства. Я ж у Цянь-Шанях (у Фрунзе. — Аўт.) нарадзіўся, а горы — вялікая справа». Чарнабрысаў працуе толькі з цвёрдымі пародамі — гранітам, базальтам, кавалкамі мармуру. Матэрыял шукае паўсюль і знаходзіць як грыбы: «Ідзеш па горадзе і збіраеш у мяшок... Асабліва яны прыгожыя пасля дажджу, яны тады больш характэрнымі робяцца».
Камяні Чарнабрысава — гэта гульня асацыяцый, культуралагічных адсылак. Перад тым, як увасобіць у камені вобраз, мастак доўга прыглядаецца да яго, круціць у руках. Затым — мінімальная апрацоўка толькі ўручную. Пасля доўгай карпатлівай работы з'яўляюцца абліччы — паганскія, асірыйскія, егіпецкія... Вялікія камяні Чарнабрысаў апрацоўвае і ставіць усюды, дзе да іх праявяць цікавасць, маленькія — раздае знаёмым, каб захаваліся. Так паступова з'явіліся «сады камянёў» Чарнабрысава ў Гомелі, Дзяржынску, Смілавічах. Чарнабрысаў увогуле лёгка развітваецца з творамі, не шкадуе іх для падарункаў.
«Ён адзін з нямногіх, хто жыў так, як хацеў», — гавораць пра яго сябры. Ён быў і застаецца адной з найцікавейшых асоб горада, а яго кватэра-майстэрня, у якой застыў час, — своеасаблівым музеем мінскага нонканфармізму.
Інфармацыя падрыхтавана па матэрыялах Выдавецкага дома "Звязда"
У гандлёвых аб'ектах РУП "Белсаюздрук" можна набыць выданні пра жыццё і творчасць беларускіх і замежных мастакоў.