220030, г.Минск, ул. Володарского, 16 +375 17 365 46 94 для слабовидящих
БЕЛ РУС ENG
Размова з намеснікам Міністра інфармацыі Ігарам Бузоўскім пра рэаліі беларускага кнігавыдання.

Кнігавыданне, вядома ж, нельга лічыць чыста вытворчай сферай. У гэтым працэсе закладзены і прысутнічае важкі гуманітарны складнік. У Беларусі кнігавыдавецкай справе заўсёды надавалася асаблівая ўвага. Нядзіўна, калі ўлічваць, што менавіта выхадзец з тутэйшых мясцін знакаміты Францыск Скарына некалі праславіўся на ўсю Еўропу сваім майстэрствам першадрукара. Хіба можна абрываць такую ўражлівую сувязь часоў?! Але адна справа ганарыцца няхай і слаўным, але мінулым, і зусім іншая — падтрымліваць традыцыю высокай планкай сучасных дасягненняў.

Пра сённяшнія рэаліі беларускага кнігавыдання — у размове з намеснікам Міністра інфармацыі Ігарам Бузоўскім, які непасрэдна курыруе гэтую галіну.

  

— Перш за ўсё, з вашай дапамогай давайце ўдакладнім: што сабой уяўляе ў сучаснай Беларусі такая галіна як кнігавыданне? Наколькі яна значная для грамадства, для краіны?

— Мяркую, што пераацаніць сёння сэнс такіх паняццяў як «кнігавыданне» і «кнігараспаўсюджванне» немагчыма, гэта два неаддзельныя складнікі, праз якія даводзіцца да спажыўца сацыяльна-значны прадукт — кніга, без чаго ў прынцыпе, вобразна кажучы, як без хлеба, без вады, сучаснае грамадства існаваць не можа. Нягледзячы на ўдасканаленне тэхналогій, на імклівае развіццё камп’ютарызацыі, інфармацыйных сетак, кніга застаецца вельмі сур’ёзным захавальнікам гістарычнай спадчыны і традыцый народа, важкім інструментам уплыву на фарміраванне такіх паняццяў як дзяржаўнасць, культура, менталітэт. Яна па-ранейшаму адыгрывае значную ролю ва многіх сферах жыццядзейнасці чалавека. Але я хацеў бы асабліва падкрэсліць, што нельга пераацаніць значэнне тых умоў, якія створаны і ствараюцца нашай дзяржавай для кнігавыдання і кнігараспаўсюджвання. Калі аналізаваць тое, што робіцца ў гэтым рэчышчы, то варта адзначыць стварэнне і развіццё гандлёвай сеткі «Белкніга», дзе заўсёды разам з камерцыйнай кнігай прысутнічае сацыяльна-значная літаратура. Менавіта сацыяльна-значная літаратура з’яўляецца неад’емнай часткай кнігавыдання, якое каардынуецца, у тым ліку, Міністэрствам інфармацыі. Гэта тычыцца, у першую чаргу, нашых дзяржаўных выдавецтваў, якія забяспечваюць не толькі кнігай, якая, скажам так, камерцыйная, але і той, якая выхоўвае, якая спрыяе стварэнню ментальнасці, дазваляе фарміравацца грамадству як адзінаму арганізму. Несумненна, заўсёды ўзнікае шмат пытанняў, нямала цяжкасцяў, звязаных з пэўным узроўнем падтрымкі такіх суб’ектаў гаспадарання на даволі канкурэнтным полі кнігавыдання і кнігараспаўсюджвання непасрэдна на кніжным рынку Беларусі. Не ў апошнюю чаргу — па прычыне таго, што ў нас адзіная рынкавая прастора з Расійскай Федэрацыяй. А канкурыраваць з расійскімі выдавецтвамі, скажу прама, вельмі і вельмі складана. Гэта пры тым, што сёння проста неабходна выданне кніг, якія абавязкова павінны быць даступныя ў грамадстве. Хоць усведамленне іх важнасці можа прыйсці не адразу — праз дзесяць, дваццаць гадоў, магчыма, толькі праз стагоддзе. Але такія кнігі павінны быць. Я з задавальненнем магу сказаць, што яны ў нас выдаюцца, яны ёсць, і дастойна папаўняюць дзяржаўную скарбонку кніг.

Штогод беларускія кнігі — сярод прызёраў міжнародных конкурсаў, у прыватнасці, конкурсу дзяржаў — удзельніц СНД «Мастацтва кнігі». Беларускія кнігавыдаўцы стабільна атрымліваюць Гран-пры гэтага конкурсу ўжо на працягу многіх гадоў. Адным словам, мы захавалі і імкнемся прымнажаць тыя напрацоўкі, якія былі зробленыя раней у няпростых эканамічных умовах. І гэта ўдаецца рабіць.

— Якая ўвогуле структура галіны? Хто ў большай ступені выступае ў якасці выдаўцоў і друкароў кніжнай прадукцыі: дзяржаўныя ўстановы ці, магчыма, прадстаўнікі бізнесу?

— Сёння ў Беларусі зарэгістравана 185 паліграфічных прадпрыемстваў, з якіх 53 друкарні — дзяржаўныя: 12 рэспубліканскіх і 27 камунальных унітарных прадпрыемстваў, 14 дзяржаўных установў, у тым ліку 11 ВНУ. Гэта калі казаць пра паліграфічную структуру.

Бізнес прадстаўлены ў асноўным рознымі акцыянернымі таварыствамі (99 арганізацый) і прыватнымі ўнітарнымі прадпрыемствамі — 31 арганізацыя. Працуюць на рынку таксама індывідуальныя прадпрымальнікі і грамадскія арганізацыі.

Як бачна, бізнес на беларускім рынку паліграфічных паслуг прысутнічае досыць шырока. Інакш кажучы, праца тут вядзецца сумесная і мы зацікаўлены ў тым, каб у ёй і надалей прымалі ўдзел суб’екты гаспадарання розных форм уласнасці.

Дарэчы, на пачатак ліпеня гэтага года ў Дзяржаўным рэестры выдаўцоў, вытворцаў і распаўсюджвальнікаў друкаванай прадукцыі было зарэгістравана ў якасці выдаўцоў 520 суб’ектаў гаспадарання, у якасці распаўсюджвальнікаў — 1911. Гэта досыць вялікая сетка, унушальны механізм, што, у сваю чаргу, дае добрыя магчымасці на гэтай ніве ў маштабах краіны.

Між іншым, тут нельга не сказаць аб дзяржаўных выдавецтвах, якія працуюць у непасрэднай сувязі з Міністэрствам інфармацыі. Гэта выдавецтвы «Беларусь» і «Мастацкая літаратура», дзе сёння ёсць нямала спецыялістаў з багатым вопытам работы ў сваёй сферы. Выдавецтва «Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі» выпускае эксклюзіўныя, сапраўды ўнікальныя кнігі. Варта казаць і аб значнай ролі выдавецтваў «Народная асвета», «Вышэйшая школа», супрацоўнікі якіх рупяцца над падрыхтоўкай і выданнем літаратуры для ўстаноў адукацыі. Нельга не згадаць рэдакцыйна-выдавецкую ўстанову «Выдавецкі дом «Звязда», дзе паспяхова рэалізуюцца адметныя сацыяльныя кніжныя праекты. Усё гэта — адзіны арганізм, які дазваляе нам працаваць над выкананнем тых задач, што стаяць перад дзяржавай па кнігавыданні.

— Цікава, якога кшталту літаратура — вучэбная, мастацкая, метадычная, краязнаўчая — сёння найбольш запатрабаваная?

— Найбольшым попытам карыстаецца, зразумела, вучэбна-метадычная літаратура. У яе самая вялікая ўдзельная вага продажу: 46 працэнтаў. Гэтая лічба, магчыма, нават заніжаная, калі разважаць пра тое, што падпадае пад такі крытэрый. Ёсць дзелавая літаратура, якую ў пэўнай ступені таксама можна аднесці да вучэбна-метадычнай, бо яна нярэдка выкарыстоўваецца ў адукацыйных мэтах. А дзелавая літаратура, між іншым, у тэматычнай структуры продажу кніжнай прадукцыі складае 17 працэнтаў. Далей ідзе мастацкая літаратура — 15 працэнтаў, дзіцячая — 12, літаратура прыкладнога характару — 6 працэнтаў, іншая — 4. Па водгуках прадаўцоў кніжнай прадукцыі, тых, хто непасрэдна ўдзельнічае ў камунікацыях з пакупнікамі, вялікая цікавасць па-ранейшаму захоўваецца да літаратуры па самаразвіццю. Такі інтарэс чытачоў выкліканы рознымі прычынамі, тым не менш, — гэта факт.

- А калі паставіць пытанне інакш: што больш выгадна выдаваць з улікам запатрабаванасці таго ці іншага віду друкаванай прадукцыі?

— Складана адназначна сказаць, што больш выгадна. Пачнем з таго, што ёсць затратны складнік кнігі. Ён можа быць вельмі розным. Кніга — досыць спецыфічны тавар. Ёсць выдаткі на кантэнт. Калі спецыялісты рыхтуюць кніжную прадукцыю — гэта і ганарары, набыццё правоў і многае іншае. Але ж ёсць выдаткі іншага парадку. Напрыклад, на прасоўванне прадукта. Разгледзім такую сітуацыю. Мы сёння, магчыма, не ўкладваючы вялікіх рэсурсаў у кнігу, па нейкіх прычынах, не зразумелых для непрафесіяналаў, хутка яе прадаем. Што гэта за выданне? Гэта — кніга, якая мае імя. Прыгадаем, напрыклад, што сёлета юбілей вядомага беларускага літаратара Уладзіміра Караткевіча. Яшчэ летась мы заўважылі, што гэта быў самы прадаваемы беларускі аўтар, калі так можна сказаць. Не з прычыны таго, што кнігі Караткевіча — заўсёды вельмі цікавыя, гэта — бясспрэчна. Але не менш важна, што гэта Імя. Для кнігавыдаўцоў заўсёды важна выкарыстоўваць спадарожныя інфармацыйныя працэсы, якія звязаны з тымі ж юбілейнымі датамі. Тым не менш, ва ўсё трэба ўкладвацца і, само сабой, карыстацца гэтым.

Ці яшчэ прыклад. Адно з недзяржаўных выдавецтваў дасягнула поспеху, выдаўшы на беларускай мове папулярны дзіцячы твор пра Гары Потэра. Кніга добра разыходзіцца. Чаму? Вельмі цікавыя тэксты? Так. Таму што яны надрукаваныя на беларускай мове? У тым ліку. Але ільвіную долю поспеху выдаўцам прыносіць і імя, і ўвогуле прасоўванне гэтага праекта. Самі выдаўцы ў яго ўкладваюцца часткова, але атрымліваюць дывідэнды з нагоды праведзенай ранейшай працы праваўладальніка.

Таму ацэнка даецца выдавецтвамі па кожнаму канкрэтнаму выпадку. Ёсць паспяховыя праекты з вялікімі запытамі ў далейшым на перавыданне твору. Але і ёсць кнігі, здавалася б, выйгрышныя, тым не менш доўга стаяць на паліцах. Паўтаруся: як правіла, самы паспяховы і самы прадаваемы кніжны праект — добрая кніга, у якой акумуляваны прафесійны, якасны падыход да справы, пачынаючы ад аўтарскай працы і заканчваючы паліграфічнай работай.

— Якія беларускія выдавецтвы сёння найбольш прыкметныя на рынку? Чым тлумачыцца іх пераважнае становішча перад іншымі суб’ектамі гаспадарання ў галіне?

— Вядома ж, ёсць свае лідары, у тым ліку, на пляцоўцы кнігавыдання Беларусі. У краіне даволі высокі попыт на кнігі, бо ў нас — чытаючая нацыя, у нас людзі чытаюць, нягледзячы на тыя тэндэнцыі, якія апошнім часам назіраюцца. Падзенне чытацкага попыту да кнігі ў нас не такое ўжо пікіруючае, як распісваюць ва ўсім свеце. Што адпаведна дае магчымасць вызначацца лідарам на ніве кнігавыдання, атрымліваць пры гэтым творчыя перамогі. Таму што кніга — гэта заўсёды пэўная радасць ад зносін паміж яе аўтарам і людзьмі, якія чытаюць, а потым удзячна адклікаюцца аб прачытаным.

Што тычыцца рэзюмуючых ацэнак, то ў сферы выдання вучэбнай літаратуры лідарам з’яўляецца выдавецтва «Аверсэв». Тут працуе прафесійны калектыў, які фактычна выконвае заказ на навучальную літаратуру для сістэмы адукацыі краіны. Выдавецтва атрымала досыць высокія ацэначныя катэгорыі не толькі ў спецыялістаў, але і добрыя водгукі ва ўсіх, хто карыстаецца гэтай літаратурай: у школьнікаў, навучэнцаў, студэнтаў, педагогаў. Мне таксама прыемна адзначыць, што нашы дзяржаўныя выдавецтвы, такія як «Народная асвета», «Вышэйшая школа» — гэта тыя арганізацыі, якія з’яўляюцца, у тым ліку, таксама лідарамі і ў выданні вучэбнай літаратуры, і ў падрыхтоўцы ў цэлым таго прадукту, які сёння запатрабаваны на беларускім рынку.

Калі ж гаворку весці пра літаратуру не толькі вучэбную, але і іншых фарматаў, якую мы можам убачыць на паліцах нашых кнігарняў, то тут лідарам з’яўляецца выдавецтва «Папуры». Яно працуе вельмі цікава ў самых розных катэгорыях: і па такім кірунку як «Дзелавая літаратура», і па выданні мастацкай літаратуры. У выдавецтва нямала праектаў, якія дазваляюць падтрымліваць і аўтарскія калектывы, і тых аўтараў, якія толькі пачынаюць рабіць, што называецца, спробу пяра. Тут і перавыданне кніг, якія цікавыя чытачу ў перакладзе на беларускую, рускую мовы.

Варта абавязкова падкрэсліць, што выдавецтвы рознай формы ўласнасці знаходзяць баланс, а ў канкурыруючым асяроддзі — кожны сваю нішу. Важна і тое, што дзяржава сёння падтрымлівае сацыяльна-значную літаратуру, калектывы дзяржаўных выдавецтваў. Выкажу сваё цвёрдае перакананне: у чыстую камерцыю кнігу пераводзіць нельга. Яна павінна далёка не ў апошнюю чаргу выконваць сацыяльны заказ і дзяржавы, і людзей, якія жывуць у гэтай дзяржаве.

— Не цяжка прадбачыць, што лідарам у краіне па канцэнтрацыі выдавецкай дзейнасці з’яўляецца Мінск. А якія рэгіёны акрамя сталіцы вы маглі б яшчэ вылучыць па гэтым паказчыку?

   

— Як я ўжо казаў вышэй, на сённяшні дзень у Міністэрстве інфармацыі зарэгістравана 185 паліграфічных прадпрыемстваў. Гэта не значыць, што ўсе яны працуюць у выдавецкай сферы ў нейкім вялікім фармаце. Але яны зарэгістраваныя, а значыць, маюць права на такога роду дзейнасць. Натуральна, асноўная колькасць паліграфічных прадпрыемстваў размешчана ў цэнтральным рэгіёне краіны — 117 у горадзе Мінску і 19 — у Мінскай вобласці. У Гомельскай вобласці працуе 14 друкарняў — гэта другі паказчык па маштабу паліграфічнай дзейнасці. У Гродзенскай і Брэсцкай абласцях — па 13 прадпрыемстваў. Менш развітая паліграфічная галіна ў Віцебскай і Магілёўскай абласцях — па 7 друкарняў у кожнай.

Хацелася б адзначыць, што дзяржаўная паліграфія прадстаўлена ў рэгіёнах на добрым узроўні. Разам з абласнымі друкарнямі ў Брэсце, Віцебску, Гродне, Магілёве, камунальным прадпрыемствам «Палесдрук» у Гомелі параўнальна буйныя дзяржаўныя друкарні працуюць у Пінску, Лідзе, Полацку, Наваполацку, Мазыры, Бабруйску, Жлобіне. Што характэрна, сёння ўсе гэтыя прадпрыемствы ў стане забяспечыць ва ўмовах адчувальнай канкурэнцыі на рынку паліграфічных паслуг выпуск якаснай прадукцыі. Нягледзячы на, магчыма, невялікія інвестыцыйныя ўкладанні, тут па традыцыі працуюць высокакласныя спецыялісты. Менавіта прафесіяналы дазваляюць даваць фору новым прадпрыемствам, якія спрабуюць набываць сучаснае паліграфічнае абсталяванне. Зрэшты, яно даволі дарагое. Па гэтай прычыне сур’ёзныя рыўкі тут — вельмі складаная справа. Сапраўды, стаўка робіцца на мадэрнізацыю, але ў першую чаргу, на прафесіяналаў.

— А як дзяржава рэгулюе такую сферу як кнігавыданне? Ці існуюць абмежаванні на заняткі падобнага роду дзейнасцю?

— Улічваючы высокую сацыяльную значнасць друкаваных сродкаў масавай інфармацыі, кніжнай прадукцыі для фарміравання культурных каштоўнасцяў, менталітэту і нават стратэгіі развіцця грамадства — гэта даволі сур’ёзны інструментарый. Таму на дзяржаўным узроўні надаецца значная ўвага рэгуляванню выдавецкай і паліграфічнай дзейнасці. У прыватнасці, Указам Прэзідэнта ад 1 верасня 2010 года ліцэнзуецца выраб друкаваных сродкаў масавай інфармацыі, газет і часопісаў. У адпаведнасці з нормамі Закона «Аб выдавецкай дзейнасці ў Рэспубліцы Беларусь» таксама ажыццяўляецца рэгістрацыя выдаўцоў, вытворцаў і распаўсюджвальнікаў кніг, брашур, паштовак, плакатаў.

— Якія асноўныя тэндэнцыі апошняга часу ў сферы вытворчасці кніг і іншых друкаваных выданняў вы адзначылі б? У якой меры лічбавыя тэхналогіі сёння ўплываюць на гэты працэс?

— Час не стаіць на месцы. Мы таксама адзначаем цікавасць, якая ёсць да электронных сродкаў масавай інфармацыі, да таго ж друкаванага слова, але ўжо ў электронным фармаце. Гэта і электронная кніга, і інтэрнэт, і аўдыё. Але калі гаворым пра падобнага роду тэндэнцыі, заўсёды неабходна адзначаць тое, у якіх памерах адбываюцца такія змены: палова чытачоў сышла ў інтэрнэт, перайшла на электронную кнігу ці ўсе 90 працэнтаў? Не, як правіла, гэта нязначныя працэнты, але яны падвоіліся. Было 4, стала 8. Так, мы адзначаем, што цікавасць узрастае, цікавасць ёсць, але па-ранейшаму да кнігі друкаванай, да папяровай кнігі таксама захоўваецца інтарэс. Людзі хочуць бачыць, трымаць у руках кнігу. Тактыльнае адчуванне, зручнасць — яны выпрацаваны стагоддзямі. Я ўпэўнены, дадзеная тэндэнцыя будзе захоўвацца. І не па прычыне нашых жаданняў альбо камерцыйных інтарэсаў прадпрыемстваў, а па прычыне таго, што на самой справе гэта ўнікальная з’ява, гэта ўнікальны аб’ект. Кніга — здабытак чалавецтва. І дынаміка, я ўпэўнены, неўзабаве, у тым ліку і ў нас, пачне мяняцца. Сусветная тэндэнцыя ўжо сведчыць пра адваротнае: падзенне попыту на папяровую кнігу, якое назіралася ў многіх краінах свету, пачынае выраўноўвацца. Так, тэндэнцыя кнігавыдання, з аднаго боку, перажывае і ў нас, у Беларусі, пэўныя выпрабаванні новымі тэхналогіямі: зручнасцю паслухаць і пачытаць у інтэрнэце, магчымасцю на планшэце ўбачыць электронную кнігу, спампаваць яе, тым не менш, паўтаруся: цікавасць да традыцыйнай, друкаванай кнігі застаецца.

Што тычыцца кнігавыдання. Безумоўна, мы сёння адчуваем сур’ёзную канкурэнцыю ў сувязі з глабалізацыяй эканомікі, сутыкаемся з вялізнай перавагай, якая ёсць у буйных карпарацый для распаўсюджвання рэкламы нейкага аднаго аўтара. Хочам мы ці не, але з гэтым трэба лічыцца.

Ёсць пытанні, якія звязаны з паліграфічнымі магчымасцямі. Калі не мадэрнізаваць, не праводзіць абнаўленне тэхнікі, якая друкуе якасную кнігу, калі не берагчы друкароў-прафесіяналаў, якія ўмеюць друкаваць такую кнігу, мы адстанем. Як вынік такой сумнай перспектывы — будзем вымушаныя проста купляць чужую кнігу. Таму важна не спыніць працэс кнігавыдання ў краіне пры любых умовах. Вось чаму сёння ў Беларусі надаецца вялікая ўвага абнаўленню паліграфічнай галіны, дзе флагманам справядліва лічыцца ААТ «Паліграфкамбінат імя Якуба Коласа».

Несумненна, кніга па-ранейшаму застаецца таварам, запатрабаваным на рынку. У кожнай рынкавай сістэме з цягам часу адбываюцца пэўныя змены, не стаў выключэннем і рынак кніжнай прадукцыі. Развіццё тэхнікі ў спалучэнні з працэсамі, што маюць месца ў самім кнігавыданні — скарачэнне накладаў, паляпшэнне якасці і павышэнне мастацкага аздаблення друкаванай прадукцыі — спрыялі актыўнаму ўкараненню лічбавых тэхналогій у выдавецкай справе. Прынамсі, ужо некалькі апошніх дзесяцігоддзяў працэс выдавецка-рэдакцыйнай падрыхтоўкі выданняў немагчыма ўявіць без выкарыстання камп’ютарных тэхналогій, а лічбавыя друкаваныя машыны дазваляюць выпускаць ілюстраваныя выданні невялікімі накладамі.

— І ўсё ж, калі звярнуцца да дзейнасці дзяржаўных выдавецтваў, то, як па-вашаму, ці не наспела неабходнасць іх пэўнага рэфармавання? Калі так, то ў якім кірунку, у якім ключы павінна ісці гэтае рэфармаванне?

— Калі мы не будзем задумвацца аб удасканальванні працы, а таксама аб працэсах рэфармавання, рэарганізацыі, то ў бліжэйшы час страцім напрацаваныя пазіцыі, якія дазваляюць нам пакуль упэўнена адчуваць сябе ў няпростым канкурэнтным асяроддзі. Як толькі перастанем разважаць на гэтую тэму і дзейнічаць, у нас адразу пачнуцца праблемы: сучасныя патрабаванні да паліграфіі, да выдавецкай справы ў цэлым вельмі высокія.

Але пры гэтым мы разумеем, што неабходна патанніць кнігу. Нам варта рабіць усё, каб кніга была цікавая, каб аўтары прапаноўвалі выдавецтвам добрыя творы, каб гэтыя творы мелі станоўчы водгук у чытачоў і былі даступнымі. Менавіта па гэтай прычыне мы думаем пра тое, якім чынам можна змяняць структурна творчыя калектывы. Сёння мы робім акцэнт на працу менеджменту выдавецтваў, не толькі на аўтарскую ці на рэдактарскую працу, але і на працу па эфектыўным прасоўванні кнігі. Вось чаму змяняюцца і штатныя фарматы, і штатныя расклады.

Калі казаць аб фарматах па выдавецтвах, то ёсць, у тым ліку, думкі па іх узбуйненні. Пакуль прадпрыемства працуе паспяхова і прыбыткова — гэта адна гісторыя. Нездарма кажуць: не трэба сунуць палку ў кола, калі яно рухаецца і рухае ўвесь механізм. Напэўна, гэта лагічна і правільна. Але там, дзе ўзнікаюць пэўныя праблемы эканамічнага характару, мы шукаем рашэнні па ўдасканаленні гэтых структур. У тым ліку, вядуцца перамовы з выдавецтвамі па магчымых кансалідацыях намаганняў, магчымых аб’яднаннях, магчымых працэсах, звязаных са змяненнем формы ўласнасці альбо напрамкаў іх дзейнасці.

— Як глядзяцца беларускія кнігавыдаўцы ў прафесійным дачыненні на фоне суседзяў? Наколькі ў цэлым высокі іх міжнародны статус?

   

- Штогод беларускія кнігавыдаўцы прымаюць удзел у міжнародным конкурсе дзяржаў — удзельніц СНД «Мастацтва кнігі», які арганізуе Міждзяржаўны савет па супрацоўніцтве ў галіне перыядычнага друку, кнігавыдання, кнігараспаўсюджвання і паліграфіі пры падтрымцы Міждзяржаўнага фонду гуманітарнага супрацоўніцтва дзяржаў — удзельніц СНД.

У 2020 годзе на XVІІ міжнародны конкурс «Мастацтва кнігі» было прадстаўлена 75 выданняў з 6 краін. У жніўні ў Выканаўчым камітэце СНД у Мінску ў рэжыме відэаканферэнцыі адбылося пасяджэнне журы, у склад якога ўвайшлі прадстаўнікі Арменіі, Беларусі, Казахстана, Кыргызстана, Расіі і Таджыкістана. Па выніках конкурсу кнігі беларускіх выдавецтваў атрымалі першыя месцы ў намінацыях «Садружнасць», «Дыялог культур», «Кніга для дзяцей і юнацтва», «Навука і адукацыя», «АРТ-кніга», «Надрукавана ў Садружнасці», «Перамога», «Гран-пры», другія месцы — у намінацыях «Мая краіна» і «Мастацтва ілюстрацыі». Шэраг беларускіх кніг былі ўдастоены спецыяльных дыпломаў.

Трэба сказаць, што за 17 гадоў існавання конкурсу СНД «Мастацтва кнігі» Беларусь па колькасці ўзнагарод займае першае месца (163 дыпломы, у тым ліку 10 вышэйшых узнагарод конкурсу — Гран-пры). Беларускія кнігі вылучаюцца сярод выдавецтваў іншых краін не толькі мастацкім і дызайнерскім афармленнем, але і сацыяльнай тэматыкай, навуковымі даследаваннямі. Прычым, у некаторых намінацыях нам няма роўных, чым варта ганарыцца як прадаўжальнікам традыцый Францыска Скарыны. Мяркую, мы яшчэ шмат выйграем прызоў, таму што ў нас захавалася школа прафесійнага афармлення, прафесійнага дызайну і мастацтва кнігавыдання.

— Традыцыйна ў Мінску штогод праводзіцца міжнародная кніжная выстаўка-кірмаш. Не будзе перабольшваннем сказаць, што яна з’яўляецца аўтарытэтнай пляцоўкай, на якой адбываецца, у тым ліку, і абмен думкамі па пытаннях кнігавыдання. Нездарма колькасць удзельнікаў міжнароднай кніжнай выстаўкі-кірмашу, якая вось ужо больш за чвэрць стагоддзя традыцыйна праходзіць у беларускай сталіцы ў першыя дні лютага, заўсёды вельмі ўражвала. Якім вам бачыцца чарговае правядзенне гэтай выстаўкі?

— Міжнародная мінская кніжная выстаўка-кірмаш — візітная картка і сталіцы, і краіны ў цэлым. Гэта месца, дзе можна ўбачыць і набыць кнігі розных дзяржаў. Але ў першую чаргу, гэта перагаворная пляцоўка і магчымасць планавання сумесных доўгатэрміновых праектаў, у тым ліку, у сферы кнігавыдавання і кнігараспаўсюджвання. Гэта сустрэчы з аўтарамі, дыскусіі. Мы ўжо прыступілі да працы па падрыхтоўцы чарговай мінскай кніжнай выстаўкі-кірмашу, неад’емнай часткай якой традыцыйна будзе і міжнародны сімпозіум «Пісьменнік і час». Мы заўсёды падкрэсліваем, што кніжная выстаўка-кірмаш у Мінску — гэта інтэлектуальная пляцоўка, дзе ёсць магчымасць гаварыць не толькі на прафесійныя тэмы, але і пра тое, што сёння хвалюе грамадства, чалавечую супольнасць у цэлым.

Інформация падрыхтавана па матэрыялам "Звязда"