220030, г.Минск, ул. Володарского, 16 +375 17 365 46 94 bsp@beldruk.by для слабовидящих
БЕЛ РУС ENG
Памяці песняра Беларусі.

Калі называць самых галоўных беларускіх дзеячаў культуры, сярод першых абавязкова ўспомніш яго... Уладзіміра Мулявіна, чыё 80-годдзе мы сёння адзначаем. Геній, сапраўдны народны артыст, той, хто ўмеў перадаць душу беларускай песні... А між тым нарадзіўся ён у Свярдлоўску і беларускіх каранёў не меў. На звязаныя з гэтым пытанні адказваў з усмешкай: «Пра тое, што родам не з Беларусі... Я ўжо забыўся пра гэта... Па-мойму, я ніколі і не з'язджаў з Беларусі...»

Многія разважалі пра «феномен Мулявіна», спрабуючы яго зразумець. Ад музыкаў я часам чула паважліва-захопленае: «У яго была «чуйка».

Гэтак, пэўна, спрабавалі растлумачыць, чаму ўсё, да чаго ён датыкаўся, — у якасці аранжыроўшчыка, выканаўцы ці кампазітара — ператваралася ў дыяменты. Чаму супрацоўніцтва з ім абуджала асаблівы творчы імпэт у іншых.

Легендарныя «Песняры», створаныя Уладзімірам Мулявіным, сталі брэндам нашай культуры ва ўсім свеце, а беларускія народныя песні і песні на творы беларускіх паэтаў дзякуючы яму засталіся хітамі на ўсе часы. Аднак у кожнага шэдэўра «ад Мулявіна» маецца свая гісторыя. Давайце ўспомнім некаторыя з гэтых гісторый, агучаныя самім Мулявіным і ягонымі сябрамі і паплечнікамі.

    

 

«Малітва»

Аб з'яўленні знакамітай песні на верш Янкі Купалы «Малітва» ў свой час распавёў аўтар музыкі Алег Моўчан, які, на жаль, у 2019 сышоў з жыцця.

«Як зараз памятаю, Уладзімір Георгіевіч прыехаў на студыю і працягнуў мне зборнік вершаў Янкі Купалы, на старонцы з закладкай я ўбачыў вялікі верш, які складаўся з мноства строф. «Паспрабуй напісаць песню, — сказаў ён, — я б хацеў выканаць баладу на гэтыя словы». Мне заўсёды хацелася напісаць што-небудзь, што б выканаў Мулявін. Але тут занадта шмат паэтычнага тэксту для адной песні. «Нічога, калі музыка добрая, яе можна выконваць доўга, — аджартаваўся Уладзімір Георгіевіч».

Але творчы працэс аказаўся цяжкім, варыянт за варыянтам забракоўваліся... Дапамог выпадак: кампазітара запрасілі на музычную праграму «Звездный прибой», удзельнікаў якой размясцілі ў Севастопалі, у каютах прычаленых караблёў. Нечакана з'явілася шмат вольнага часу... Там і нарадзілася вядомая нам мелодыя.

«І вось настаў той момант, калі я запрасіў Уладзіміра Георгіевіча паслухаць варыянт песні. Ён устаў каля манітораў, а я ўключыў акампанемент і пачаў напяваць яму баладу. Мулявін, як заўсёды, моўчкі праслухаў усю кампазіцыю да канца і не выявіў ніякай рэакцыі, але па яго вачах я зразумеў, што рэч зачапіла яго. Ён папрасіў яшчэ раз прайграць усю кампазіцыю, узяў у мяне клавір песні і паехаў дадому. Праз некалькі дзён патэлефанаваў мне і сказаў, што трэба паспрабаваць запісаць песню. Мы сабраліся на студыі. Вось тут Мулявін і ўразіў мяне да глыбіні душы. Ён запісаў песню ўсяго за некалькі дубляў, прычым гэта было выканана так натуральна і здорава, што стала відавочна: на свет з'явіўся яшчэ адзін сапраўдны твор. «Малітва» і Мулявін настолькі гарманічна зліліся адно з адным, што пасля многія лічылі: музыку да гэтай песні напісаў сам Мулявін. Нават у адной з энцыклапедый песня была надрукаваная пад ягоным прозвішчам».

 

Рок-опера «Песня пра долю»

Вясной 1976 года ў рэпертуары «Песняроў» з'явілася рок-опера-прыпавесць «Песня пра долю» на вершы Янкі Купалы. У аснове была купалаўская «Адвечная песня», лібрэта напісаў Валерый Яшкін, музыку стварыў сам Мулявін. Спявачка Людміла Ісупава, якая тады была салісткай «Верасоў», успамінае, што Мулявін запрасіў яе спяваць у оперы, матывуючы гэта тым, што яна надоечы нарадзіла сына і таму ёй лягчэй будзе ўжыцца ў вобраз Жонкі Мужыка: «Калыханка» з будучай оперы-прыпавесці, можна сказаць, стала любімай песняй майго маленькага сына».

Уладзіміру Мулявіну давялося ваяваць за свой наватарскі твор, бо чыноўнікі ад культуры лічылі, што ён «занадта цяжкі для ўспрымання публікай».

«Але я ведаю, як успрымаліся сур'ёзныя праграмы, як нас прасілі і ў Расіі, і ў Грузіі, дзе высокая песенная культура, выконваць «Песню пра долю». Прычым яна гучала на беларускай мове, па часе ішла гадзіну дваццаць, і людзі, абсалютна не ведаючы мовы, без перакладу ўважліва слухалі. Праграма ішла з вялізным поспехам, мы гады два яе вазілі на гастролі. Пісаў я яе спецыяльна на Толю Кашапарава. Ён галоўную партыю выконваў — партыю Мужыка, па сюжэце — ад яго нараджэння да смерці. Але вось як было да таго. Заўтра ў нас прэм'ера «Песні...», а сёння з міністэрства тэлефануюць: «Перарабіце канцоўку!» У Купалы, як вядома, у канцы паэмы Мужык памірае. Але потым расплюшчвае вочы, глядзіць на гэты свет і кажа: маўляў, лепей сысці зноў у магілу, чым глядзець на гэты свет. Разумееце, так у Купалы. Але міністэрскі чыноўнік настойвае: не, маўляў, трэба мажорную канцоўку зрабіць. І я прыдумаў. Знайшоў усё ж некалькі вершаў — па-мойму, паэт проста «выціснуў» іх з сябе. Ведаеце, гэта было няпроста — знайсці ў Купалы вершы «ўра-патрыятызм»: бо ён быў вельмі сумленным у гэтых адносінах чалавекам», — успамінаў артыст.

Опера адразу ж займела незвычайны поспех: пасля прэм'еры ў філармоніі канцэрты перанеслі ў Палац спорту, прадстаўленні даваліся па два разы на дзень на працягу дзесяці дзён, гледачы сядзелі на прыступках, стаялі ў праходах.

    

 

«Чырвоная ружа»

Мулявін выдатна ведаў беларускую паэзію, і не толькі сучасную. Тэкст песні «Чырвоная ружа» ён знайшоў у старым сярэднявечным зборніку, які яму падарылі падчас гастроляў у Нью-Ёрку прадстаўнікі беларускай дыяспары. Чытаў у самалёце па дарозе дадому... Магчыма, тады ўжо складваўся будучы нумар. А вось у жонкі Мулявіна, знакамітай актрысы Святланы Пенкінай, свая гісторыя:

«Яна, гэтая песня, для мяне каштоўны падарунак. Яго прысвячэнне. І яго адказ. Памятаю, мы вярнуліся з філармоніі, і я прараўла да вечара. Хадзіла па пакоі і паўтарала: «За што? За што?» Справа ў тым, што ў мужчынскім «песняроўскім» калектыве мяне, жанчыну, як бы не спрабавалі зразумець. Гэта зусім іншае, чым калі мужчына прыходзіць працаваць у жаночы. Словам, маё рытарычнае «За што?» матэрыялізавалася ў незвычайнай прыгажосці адказ. Дык вось, праз тры дні да мяне падыходзіць Валодзя і пытаецца: «Хочаш ведаць, за што, тады паслухай народную мудрасць...» Ён узяў гітару і пачаў спяваць «Чырвоную ружу», дзе ёсць сімвалічнае «...за тое, за тое, як ты красіва».

 

Музычны спектакль «На ўвесь голас»

У 1988 годзе ў рэпертуары «Песняроў» з'явілася праграма «На ўвесь голас» на словы Уладзіміра Маякоўскага. Святлана Пенкіна так распавядае гісторыю яе з'яўлення ў кнізе выдавецтва «Мастацкая літаратура» «І сэрцам, і думамі», якую ўклала вядомая журналістка Людміла Крушынская да юбілею Мулявіна:

«Цяпер, мабыць, час пагаварыць пра самую спрэчную праграму «Песняроў». Як у жыцці Мулявіна з'явіўся Маякоўскі? Мы наведвалі нашых знаёмых сельскіх настаўнікаў. У іх вясковым доме стаяла бамбукавая этажэрка, на якой размясціліся трынаццаць тамоў збору твораў Маякоўскага. Чырвонага колеру акадэмічнае выданне. Неяк Валодзя спытаў у мяне: «Ты Маякоўскага ведаеш?» Не, адказваю, не ведаю. Ён кажа: «А я ведаю: «Я достаю из широких штанин...» На наступны дзень: «Маякоўскага ведаеш?» — «Ды не, Вова, не ведаю...» — «А я ведаю: «Я достаю из широких штанин...» — Валодзька, вось стаяць томікі, давай знаёміцца з Уладзімірам Уладзіміравічам». Мы пачалі «падарожжа» з трынаццатага тома — да першых вершаў. Адразу ж уразілі яго дзённікі, успаміны, калі ішло цкаванне Маякоўскага. І там ёсць такія моманты, калі паэту казалі: «Ды плюнь ты на ўсё!» А ён адказваў: «Ды я ўжо не плюю, я харкаю крывёю, і мне здаецца, што я ўжо нікому не патрэбны». Нешта падобнае адбылося і з Валодзем, калі яго не пускалі на сцэну. Рэальна не пускалі, публічна не дазвалялі... Вось так мы, паступова вывучаючы старонкі тамоў, дайшлі да футурыстычных твораў, такіх як «Если звезды зажигают...», «... Вспомни — за этим окном впервые руки твои, исступленный, гладил. Сегодня сидишь вот, сердце в железе». З Маякоўскага, вобраз якога ўвасоблены ў помніку на плошчы яго імя ў Маскве і пастаянна асацыюецца з «КИМ», «ВТО» і гэтак далей, стаў злятаць гэты вось «цэмент», з'явілася аголеная душа, скрываўленая, вельмі пяшчотная. І тады я спытала ў Валодзі: «Ну як — ведаеш Маякоўскага?» А ён адказаў: «Не, Светка, не ведаю». І толькі тады, калі гэта вымавіў, прыступіў да напісання музыкі. Яму захацелася аддаць даніну паэту, асобе касмічнага маштабу, якая апярэдзіла свой век. І гэта адначасова была першая праграма на рускай мове — даніна Валодзі сваім караням. Я не ведаю, ці ёсць такая расійская група, якая ўзялася б за напісанне музыкі на вершы Маякоўскага. А вершы самыя розныя, і якая сатыра там гучыць! Калі мы здавалі праграму мастацкаму савету (я была аўтарам сцэнарыя гэтага песеннага спектакля «Ва ўвесь голас»), мне задалі пытанне: «А тэкст залітаваны?» Я пытаюся: «Чый? Маякоўскага? Выдання пяцьдзясят шостага года?» Такога Маякоўскага яшчэ не ведалі. Нядзіўна, што калі праграма выйшла ў свет, гэта быў сапраўдны шок. З іншага боку, для Валодзі як для кампазітара яна была вельмі важная. Чаму? Ды таму, што гэта не была «папса» на патрэбу гледачу таго смутнага, можна сказаць, катастрафічнага часу на сутыкненні эпох. Мулявін ствараў тады буйныя музычныя палотны, магутныя песенныя спектаклі. Разумеў: без увасаблення падобных праграм у жыццё далейшае развіццё «Песняроў» апрыёры не-маг-чы-ма!»

      

 

Музыка да фільма «Камедыянт»

Сярод творчай спадчыны Уладзіміра Мулявіна — музыка да фільма «Камедыянт», знятага вядомым рэжысёрам Уладзімірам Арловым у 1987 годзе па сцэнарыі пісьменніка Алеся Асташонка. Вось што расказвае пра гэта рэжысёр у кнізе «Нота лёсу», якая выйшла ў выдавецтве «Мастацкая літаратура»:

«Гэта была восень 1987 года. У аснову фільма быў пакладзены факт знікнення на трыста дзён, пасля разгрому паўстання 1863 года, першага беларускага драматурга Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча. «Камедыянт» паказваў дзве гадзіны, якія правёў у сваім доме галоўны герой: ад таямнічага прыходу ў каляднай масцы да спрытнага знікнення перад немінучым арыштам. Мне хацелася... паказаць беларуса не ў традыцыйна надакучлівым кажусе, у лапцях, з аўтаматам ППШ, а інтэлігента, які музіцыруе, свабоднага ў думках і меркаваннях, які размаўляе па-англійску, па-французску. Сюжэтна клалася даўняя Валодзіна песня на вершы Купалы «І як тут не смяяцца...» — я рабіў яшчэ адну спробу «экранізаваць» яе. Да таго ж яго голас нават неяк адпавядаў знешнасці выканаўцы галоўнай ролі Валерыя Філатава. Натуральна, Мулявіну я прапанаваў пісаць музыку да фільма. У кожным куплеце сатырычнага купалаўскага тэксту ўзнікаў новы персанаж: урач-хапуга, жулікаваты выскачка-пан, надзьмуты шляхціц. Я, даўшы Мулявіну спяваць «за аўтара» (які сарказм гучыць у яго голасе!), прапанаваў астатняе разыграць па ролях, што ён і зрабіў. За персанажаў спявалі яго астатнія музыкі. Фанаграмы яны запісалі на новай апаратуры ў зале Цэнтра юных тэхнікаў на вуліцы Макаёнка, а накладанне галасоў зрабілі проста ў пакойчыку за сцэнай філармоніі — Валодзя ганарыўся новымі «шураўскімі» мікрафонамі, якія дазвалялі рабіць запіс без заказу студыі радыё... Дакладна ведаю, што сачыніў Валодзя яшчэ на тэкст Купалы «Не карыце мяне...» Інструментальнае ўступленне ідзе на кадрах, калі галоўны герой спрабуе пісаць, тварыць, а рукі — у пальчатках, у мундзірных абшлагах з залатой вышыўкай, папросту брудныя — «накіроўваюць» яго пяро. «Калі столькі бяды, столькі гора і слёз бачыў укруг заўсягды, столькі й сам перанёс...» Кантрастам на экране ідзе мірнае, амаль ідылічнае жыццё творчай, а таму небагатай, дружнай сям'і героя; усё знята ў светлай гаме, кадр працяты сонечнымі прамянямі. А фонам — трагічна-самотна звініць голас Мулявіна: «Не магу песень пець, крывіць роднай душой, песні весела пець, калі ў смуце край мой. Не карыце мяне...»

 

«Ганулька»

А вось якую гісторыю стварэння песні «Ганулька» расказваў кампазітар Ігар Лучанок — яна таксама прыводзіцца ў кнізе «І сэрцам, і думамі...»:

«Разам з Мулявіным мы зрабілі і песню «Ганулька» на вершы Якуба Коласа «Каханне». Калі ў Валодзі прыхапіла ныркі, я адвёз яго ў Трускавец, у санаторый, дзе быў у мяне сябар, выдатны лекар-хірург. Ён уладкаваў нас у шыкоўную гасцініцу, у пакой на дваіх — і мы лячыліся. Бывала, Валодзя глыне чарку каньячку — і ў ванну, каб «пайшлі камяні». І — ішлі. Вось за такім працэсам лячэння і з'явілася «Ганулька», наша агульнае «дзіця»: нехта напісаў запеў, хтосьці прыпеў і гэтак далей. Вось і атрымалася прыгожая і ласкавая мелодыя на прыгожыя коласаўскія словы: «— Скажы мне, Ганулька, Ці любіш мяне? — Люблю, — ты сказала,— Аж сэрца мне схне!»

Уладзіміру Мулявіну сёння споўнілася б 80 гадоў — у прынцыпе, ён мог бы яшчэ жыць і ствараць... Крыўдна заўчасна страчваць такіх вялікіх людзей. Але абнадзейвае, што ягоная спадчына не забытая — яна становіцца ўсё больш запатрабаванай, а яго песні даюць надзею ў нялёгкія часы.

 

Інфармацыя падрыхтавана па матэрыялах Звязда.