220030, г.Минск, ул. Володарского, 16 +375 17 365 46 94 для слабовидящих
БЕЛ РУС ENG
Да юбілея класіка.

Персанальная энцыклапедыя «Уладзімір Караткевіч» была створана да 90-годдзя з дня нараджэння беларускага класіка.

    

Нарэшце выйшла з друку персанальная энцыклапедыя «Уладзімір Караткевіч», стварэнне якой было прымеркавана да юбілею беларускага класіка. Пад адной вокладкай змешчана больш за 1000 артыкулаў, якія тычацца жыцця і творчасці пісьменніка. Гэта артыкулы пра блізкіх і родных, пра людзей, якія мелі стасункі з Уладзімірам Сямёнавічам, даследавалі і даследуюць яго літаратурную дзейнасць, а таксама тых, для каго постаць і творчасць класіка сталі сапраўднай крыніцай натхнення. У энцыклапедыі змешчаны літаратуразнаўчыя артыкулы па раманах і аповесцях, найбольш значных нарысах У.Караткевіча, разглядаюцца мастацкія сродкі, якія выкарыстоўваў пісьменнік, а таксама распавядаецца пра месцы, дзе бываў Караткевіч, сустракаўся са сваімі сябрамі, натхняўся на новыя творы. Ёсць і такія артыкулы, як «Тэлебачанне і У.Караткевіч», «Радыё і У.Караткевіч» і інш. Спадзяёмся, што гэта выданне стане першым крокам, этапам, трывалай прыступкай для стварэння шматтомнай энцыклапедыі «Уладзімір Караткевіч», магчыма, нават да наступнага юбілею класіка. Да таго ж некаторыя артыкулы могуць стаць паўнавартаснай тэмай для абароны кандыдацкіх і доктарскіх дысертацый, студэнты могуць натхніцца на напісанне курсавой працы. Настаўнікі знойдуць шмат карыснай інфармацыі для падрыхтоўкі ўрока, а вучні — дадатковы матэрыял для атрымання высокай адзнакі. На ніве «караткевічазнаўства» ёсць яшчэ да канца не распрацаваныя тэмы, гэта багатая глеба для маладых спецыялістаў. Галоўнае зараз – не губляць час. Пакуль жывыя тыя, хто ведаў асабіста Уладзіміра Сямёнавіча, і можна данесці праўдзівую інфармацыю пра яго, так бы мовіць, з першых вуснаў, трэба занатоўваць, дазнавацца і працаваць на будучыню.

   

У энцыклапедыі змешчана шмат ілюстрацый. Гэта і фотаздымкі, якія захоўваюцца ў архівах Беларусі і асабістых архівах нашых аўтараў, рэпрадукцыі жывапісных і графічных работ, прысвечаных постаці У.Караткевіча, звязаныя з мясцінамі, дзе ён бываў.

    

Выданне стала своеасаблівай шчырай падзякай класіку беларускай літаратуры Уладзіміру Сямёнавічу Караткевічу, творчасць якога, як зазначыў у свой час А.Адамовіч, запоўніла «прорву паміж дзіцячай, нават маладзёжнай аўдыторыяй і літаратурай для дарослых» і які сам «заняўся сур’ёзна тым, што зрабіў у Англіі Вальтэр Скот, у Расіі — Лажэчнікаў і Загоскін».

   

 

Выдавецтва вельмі ўдзячнае ўсім, хто далучыўся да складання зместу, напісання артыкулаў, падбору ілюстрацыйнага матэрыялу і ўвогуле да падрыхтоўкі выдання, і віншуе стваральнікаў і чытачоў з доўгачаканай падзеяй – выхадам энцыклапедыі з друку!

Інфармацыя падрыхтавана па матэрыялах Выдавецтва "Беларуская энцыклапедыя імя Петруся Броўкі".

 

Кнігі айчынных класікаў і сучасных беларускіх пісьменнікаў можна набыць у гандлёвых аб'ектах РУП "Белсаюздрук".