220030, г.Минск, ул. Володарского, 16 +375 17 365 46 94 для слабовидящих
БЕЛ РУС ENG
Форма народаўладдзя

Правядзенне VI Усебеларускага народнага сходу плануецца 11–12 лютага. Аб гэтым заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка сёння ў Палацы Незалежнасці на нарадзе па пытаннях па падрыхтоўцы і правядзенні шостага Усебеларускага народнага сходу. 

"Зразумела, важнейшы форум, скажам так — пяцігоддзе. Паколькі вялікае бачыцца на адлегласці, праз некаторы час, магчыма, мы зразумеем, што гэта важнейшы форум і ў гісторыі нашага народу ў сілу таго моманту, які краіна перажыла», — адзначыў ён.

 

Гэты форум вызначыць, як мы будзем жыць у будучыя пяць гадоў, як мінімум, па якіх галоўных напрамках будзе развівацца грамадства, дадаў Аляксандр Лукашэнка. Ён заявіў, што Усебеларускі сход плануецца правесці 11–12 лютага.

«Ведаю, на сённяшні дзень вырашаны шэраг арганізацыйных пытанняў. Створаны і прыступілі да працы рэспубліканскі і рэгіянальныя аргкамітэты. Літаральна з заўтрашняга дня мы пачынаем абранне дэлегатаў», — сказаў ён.

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што гэта павінны быць людзі, якія прадстаўляюць усе пласты і групы насельніцтва, увесь беларускі народ.

«Так у нас было заўсёды, пачынаючы з першага сходу 1996 года, калі мы правялі свой першы Усебеларускі народны з’езд. Тады было таксама няпроста, добра памятаеце: нагняталася супрацьстаянне, але мы змаглі аб’яднаць людзей і накіраваць энергію грамадства на карысць краіны», — нагадаў ён.

Цяперашні час Аляксандр Лукашэнка назваў няпростым і, «можа быць, яшчэ больш неадназначным».

"Такога знешняга ціску Беларусь не адчувала ніколі, — заявіў ён. — У гэтым асаблівасць сённяшняга часу і цяперашняга Усебеларускага народнага сходу».

Кіраўнік дзяржавы пералічыў асноўныя пытанні, якія будзе разглядаць глабальны беларускі форум.

«На сходзе мы павінны падвесці вынікі пяцігодкі, адкрыта сказаць пра тое, чаго дасягнулі, што не атрымалася і чаму, — сказаў ён. — Трэба дэталёва разгледзець Праграму сацыяльна-эканамічнага развіцця на пяцігодку. Ацаніць механізмы, з дапамогай якіх зможам у вельмі складаных знешніх умовах забяспечыць эканамічны рост і захаваць нашу мадэль сацыяльнай дзяржавы».

Геапалітычнае і эканамічнае супрацьстаянне будзе толькі нарастаць, ды і пандэмія ў бліжэйшы час нікуды не дзенецца, звярнуў увагу Прэзідэнт.

«Таму ўсе новаўвядзенні, якія мы будзем прапаноўваць, абавязаны служыць адной мэце — нашым людзям і іх дабрабыту. Ніякіх рашэнняў, каб дагадзіць замежным „дарадцам“ і іх тутэйшым прыхільнікам, быць не павінна», — падкрэсліў Прэзідэнт.

Вакол гэтых галоўных пастулатаў неабходна будаваць і канцэпцыю асноўнага дакладу, і яго абмеркаванне, лічыць кіраўнік дзяржавы. Асноўная мэта сённяшняй нарады — абмеркаваць асноўны матэрыял з’езду.

«Наша бачанне і прапановы ўдзельнікам Сходу павінны быць канкрэтнымі і адлюстроўваюць рэальныя праблемы і спадзяванні людзей, — звярнуўся Аляксандр Лукашэнка да ўдзельнікаў нарады. — Не трэба адарваных ад жыцця тэорый. Патрэбны адказ на існыя запыты грамадства. Пры гэтым варта вывучыць самы шырокі спектр меркаванняў і разважанняў нашых грамадзян».

Кіраўнік дзяржавы дадаў, што ў перыяд падрыхтоўкі да Сходу арганізаваны шырокі грамадскі дыялог. У рэгіёнах, працоўных калектывах, ВНУ праводзіцца абмеркаванне асноўных напрамкаў развіцця краіны.

На месцах дзейнічаюць грамадскія прыёмныя, дзе кожны можа выказаць сваё меркаванне і ўнесці прапановы па гэтых пытаннях.

"Сёння выказацца можа кожны, — звярнуў увагу Прэзідэнт. — Гэта і ёсць плюралізм меркаванняў, неабходны для прыняцця правільных кіраўнічых рашэнняў, выбудоўвання эфектыўнага балансу паміж інтарэсамі дзяржавы і грамадства».

 

Інфармацыя падрыхтавана па матэрыялах "Звязда".