220030, г.Минск, ул. Володарского, 16 +375 17 365 46 94 для слабовидящих
БЕЛ РУС ENG
Аматарам прыгожага пісьменства.

Засяроджанае чаканне

Пасля насычанага святочнага снежня студзень заўсёды падаецца занадта сцішаным, маўклівым, затоенным, насцярожаным перад абліччам невядомага. Такім атрымаўся і студзеньскі нумар часопіса «Полымя». Ён павольны, разважлівы, назіральны, у нечым нават манатонны і залішне накіраваны ўнутр, у асабістае. Быццам паўза перад доўгім, імклівым і насычаным падзеямі і творамі годам.

Паэтычны раздзел у «Полымі» атрымаўся разнастайны. Віктар Шніп выкарыстоўвае вершы як прастору абстрактных разважанняў пра вечнасць, дакладней, размоў з ёй ці пра яе: тэксты насычаны біблейскімі вобразамі і дзеясловамі другой асобы. Падборка адзначана аднародным, плаўным рытмам, паэтычная мова быццам цячэ скрозь чытацкі розум, пакідаючы вечныя пытанні.

Вершы Ігара Кулікова, такія ж спакойныя па форме і статычныя па змесце, між тым, абсалютна адрозніваюцца. Тут з травой і небам суседнічаюць гарадскія пейзажы, але аўтар не можа пакінуць іх проста карцінамі. Паміж апісальных радкоў зашыфроўвае адчуванне, стан, нечаканае адкрыццё або разважанне. Тут, у адрозненне ад першага прыкладу, думка і вобраз стаяць не побач, а хаваюцца адно за аднаго. Свежасці тэкстам дадаюць і арыгінальныя слоўцы, элементы свамовы, вядомага прыёму Ігара Кулікова.

Людміла Кебіч, аўтарка трэцяй падборкі паэзіі, размаўляе з чытачом і паэтычнай рэчаіснасцю ад свайго імя, ад першай асобы. У тэкстах адлюстроўваюцца пачуцці, цяжкія, быццам непрагавораныя, думкі і пытанні да самой сябе. У яе вершах не проста біблейскія вобразы, а непасрэдна малітвы, глыбока асабістыя і адчайныя. Праз простыя, побытавыя і прадметныя вобразы аўтарка назірае за часам, за пачуццямі чужымі і сваімі. Назва падборкі «Ацаляльныя маленні» пацвярджае тое, пра што можна было здагадацца па накіраваным унутр сябе тэксце: творца бачыць у паэзіі яшчэ адзін са шляхоў выратавання і ачышчэння.

Празаічная частка адпавядае павольнасці і разважлівасці паэтычнай — дзве вялікія аповесці настройваюць на доўгае чытанне, а апавяданне Алеся Бадака — таксама не столькі сюжэт і падзеі, колькі разважанне пра карані і традыцыі, жыццё і смерць... Эмацыянальная гісторыя развітання сплятаецца з успамінамі пра дзяцінства і снамі — лістамі з падсвядомасці.

Аповесць Анатоля Казлова мае назву «Пытальнік і шматкроп'е» і з самага пачатку менавіта такія пачуцці выклікае: «У жыцця не можа быць сюжэта, яно — пастаянны пошук аргазму... Канешне, мы пачынаем спрачацца, але адразу ж адчуваем, хоць і не паказваем выгляду, што хлусім не толькі сабе, а і ўсяму свету.

Аднак якая справа нам да Сусвету, як, дарэчы, і яму да нашай амёбнай сутнасці. Ды ўсё ж для пошуку аргазму ўсе сродкі добрыя. Бо калі мы не дасягаем, не атрымліваем яго (душэўнага, фізічнага, маральнага...), то пачынаем усё і ўсіх далёка-далёка адпраўляць, нават без адраса прызначэння. Нам робіцца пофіг праца, сябры, кінафільмы, класіка сусветнай паэзіі, палітычныя падзеі ў краіне і за яе межамі, смачныя стравы на полудзень.» Так разважае Антон, супрацоўнік архітэктурнага бюро, размаўляючы са сваёй калегай Ірынай. І ўся аповесць праходзіць у дыялогах і ў суправаджэнні лёгкага элементу містыкі.

Трэці тэкст празаічнай часткі — аповесць «Павер свайму каханню» Івана Карэнды, сентыментальнае і падрабязнае апісанне сустрэчы беларускага мужчыны з рускай жанчынай у курортным Кіславодску. Сюжэт насычаны прагулкамі, кафэ, прыродай і размовамі на абстрактныя тэмы.

Засяроджанасць, назіральнасць і настроенасць на ўнутраныя пытанні — такім зроблены студзеньскі нумар «Полымя» і таго ж патрабуе ад сваіх чытачоў.

 

Герой, апавядальнік, аўтар

Раздзел прозы новага нумара «Нёмана» пачынаецца з невялічкага апавядання Алега Ждана «Выпадак у вёсцы» (з рамана «Вера»), якое ўмоўна можна падзяліць на два раздзелы. У першым расказваецца пра настаўніка мсціслаўскай гімназіі Арсенія Кутаргу, які аднойчы ў Смаленску набыў веласіпед і ракетніцу. Дарэчы, няхай па некаторых заўвагах чытач разумее, што гаворка пра пачатак XX стагоддзя, дакладны ж перыяд, калі адбываецца дзеянне, вызначыць цяжка — аўтар пазначае час толькі ў самым канцы апавядання, што цалкам змяняе настрой твора. Між тым пасля здарэння, прычынай якога стала ракетніца настаўніка, герой амаль знікае для чытача. Так, другая частка знаёміць з бацюшкам Іванам Пушкіным — менавіта гэты персанаж пацярпеў ад прыстасавання Арсенія Кутаргі. Прасачыўшы за яго шляхам да выратавання сям'і і будаўніцтва новай хаты (прытым усё падаецца ў гумарыстычным ключы), чытач даведваецца: праз некалькі дзён пачалася Першая сусветная вайна. Твор Алега Ждана нездарма пабудаваны так, што хочацца ведаць, што ж было далей і з адным, і з другім, і з другараднымі героямі. Гэта, магчыма, адлюстравана ў рамане «Вера».

Апавяданні Уладзіміра Рабіновіча пад агульнай назвай «Я ведаю, як цябе знайсці» — своеасаблівае вяртанне героя-апавядальніка ў маладосць, да людзей, якія сталі незаменнымі ў свой час. Многія з персанажаў выглядаюць даволі тыповымі, сярод іх, напрыклад, — «высокая, прыгожая і дурная дзяўчынка», аднакласніца галоўнага героя Валька Шырынская, якая не прапусціць магчымасць, каб чарговы раз хлопцы дзясятага «А» заўважылі яе новую кофтачку, і ўжо ранняй вясной ходзіць без панчох, ці Лілія Лазараўна, настаўніца хіміі і класны кіраўнік, якой не ўсё адно, куды паступяць нават самыя абыякавыя вучні. Аўтар = герой Рабіновіч з лёгкім замілаваннем і сумам глядзіць у мінулае, якое, мяркуючы па згадках пра турму і эміграцыю, было цяжкім і заблытаным.

Цікавыя роздумы Івана Штэйнра — у творы «Пахвала слову: фрагменты займальнай гісторыі літаратуры», хутчэй публіцыстычным, чым мастацкім. Дзе крыецца асноўная неўсвядомленая прычына, якая схіляе асобу да творчасці? Ці наступіў канец эпохі Гутэнберга? Хто доўгія стагоддзі быў натхняльнікам літаратуры? Што штурхае паэта на катаржную працу? У чым галоўнае пытанне літаратуры ўсіх часоў і народаў, як і ўсяго мастацтва ў цэлым? Іван Штэйнер прапаноўвае свае адказы, дэманструючы веды па сусветнай літаратуры, гісторыі і філасофіі. У выніку тэкст атрымаўся добра структураваным, але крыху перагружаным цытатамі і адсылкамі, хоць іншы раз яны як нельга лепш падкрэсліваюць тое ці іншае меркаванне аўтара ці звяртаюць увагу на іншы бок пэўнай з'явы: «...сапраўдная сутнасць чалавека раскрываецца толькі ў памежных сітуацыях, перад тварам смерці. Ды і пасля трагічнага фіналу не ўсё так адназначна. Класічны выраз Няхай зямля яму будзе пухам , які часта дарэмна выкарыстоўваюць на могілках у момант развітання з нябожчыкам, у поўнай форме гучыць так: «Няхай зямля табе будзе пухам і мякка пакрывае пясок, каб сабакі маглі вырыць твае косткі». Між тым аўтар разлічвае на высокі інтэлектуальны ўзровень чытача і не трактуе выраз.

Паэтычная частка прадстаўлена традыцыйнымі фармальна і тэматычна нізкамі вершаў Міхася Пазнякова («Душа любоўю поўніцца зноў» у перакладзе з беларускай мовы Анатоля Аўруціна) і Фёдара Гурыновіча («А горыч позняя салодкая»). У рубрыцы «З паэтычных сшыткаў» змешчаны творы Людмілы Яськовай, Анатоля Сендара, Андрэя Моціна і Сяргея Марчыка. Галоўная ж каштоўнасць нумара — паэма «На Куццю» Янкі Купалы ў перакладзе Алеся Чаркасава, дзе аўтар супрацьпастаўляе велічнае мінулае беднай сучаснасці і разам з тым паказвае іх сувязь.

 

Так званае ачышчэнне

На пачатку студзеньскай «Маладосці» празмерна, як на маю думку, прамалінейна акрэсліваецца тэма нумара: дзяцінства. Адразу нават і не адкажаш, які кампазіцыйны ход прайграе іншаму ў зграбнасці думкі: з аўтаматычнаканцылярнай матываванасцю даваць у снежаньскім часопісе калядную тэму або першы каляндарны месяц тлустай, як том уолесаўскага «Бясконцага жарту», ніткай падвязваць да пачатковай пары чалавечага жыцця. Так, некаторым канцэптам часам нават пасуе пэўная механічнасць, але адбываецца гэта хутчэй у тыя моманты, калі ідзе «гульня ў доўгую». То-бок ва ўмовах працяглай падтрымкі агульнай метаідэі на працягу ўсяго года любы асобны тапорна канцэптуалізаваны месяц можна было б апраўдаць пачуццём міжнумарнай суцэльнасці.

Нарэшце, да дзяцінства. Як прыклад удалай не між-, але ўнутрынумарнай суцэльнасці выступае блок калумністыкі. Звычайна найменш цікавы ў часопісе, гэтым разам за кошт розніцы падыходаў (асабістая гісторыя з эксперыментальнай структурай аповеду Дзмітрыя Шулюка, мастацкафіласафічнае апавяданне Сяргея Шаматульскага, настаўленне ў духу сучасных псіхаэмацыянальных коўчаў ад Юльяны Пятрэнкі, сацыяльна-праблематызаваны роздум Андрэя Куляша) публіцыстычны раздзел набывае хаця б і структурную, міжтэкставую, але глыбіню, якой часам не хапае калумністам у моманты паглыбленасці ў сябе, не канвертаванай у выніку ў глыбіню фактычную/праблематычную/мастацкую.

Адметная калектыўная публікацыя маладых творцаў з барысаўскага літаратурнага аб'яднання «Актава». Гэта магла быць звычайная местачковая структура, якая жыве выключна на энтузіязме настаўніцы літаратуры, але не займаецца нічым, акрамя захавання думкавай і мастацкай, у прыватнасці літаратурнай, коснасці (яна можа быць закладзена школьнай праграмай і весці да рэалізацыі якіх заўгодна планаў па правядзенні літмерапрыемстваў «з нагоды», толькі не да сапраўднай падрыхтоўкі патэнцыйных літаратараў). Але ці то дзякуючы метадам кіраўніцы Марыны Помаз-Лайковай, ці то талентам яе навучэнцаў, ці то працоўнаму спалучэнню двух незалежных імкненняў на старонках «Маладосці» з'явілася падборка тэкстаў, ад якой патыхае разгорнутымі гарызонтамі ўнутранай свабоды. Хаця абраныя творцамі тэмы раскрываюцца па-юнацку павярхоўна, дзесьці на ўзроўні інстынктаў, у выкарыстаных формах прагледжваецца жаданне ісці ўпоперак школьных літаратурных канонаў і гаварыць на ўласнай, натуральнай мове, пазбаўленай залішняга кніжнага пылу.

У якасці факультатыўнага назірання — рэдактарскі ўплыў Міколы Адама на галіну перакладаў, скарбонка з якімі працягвае папаўняцца аўтарамі з Украіны, а таксама інтэрв'ю з лаўрэатам перакладчыцкай прэміі Карласа Шэрмана Сяргеем Матыркам, якое ў некаторыя моманты «проста ммм (летуценна)».

Інфармацыя падрыхтавана па матэрыялах "Звязда".

 

Беларускія літаратурныя часопісы можна набыць у гандлёвых аб'ектах РУП "Белсаюздрук".