220030, г.Минск, ул. Володарского, 16 +375 17 365 46 94 bsp@beldruk.by для слабовидящих
БЕЛ РУС ENG
Вынікі XXVIII Мінскай міжнароднай выстаўкі-кірмаша.

Кніжная выстаўка-кірмаш у беларускай сталіцы сабрала, як заўсёды, дзясяткі тысяч прыхільнікаў. Многа імпрэз праходзіла ў анлайн-фармаце, а значыць, і ўдзельнікі, і госці далучыліся да яе ў віртуальнай прасторы. Нават маладыя пісьменнікі, хто не змог наведацца па нейкіх прычынах, запісалі свае анлайн-прывітанні праз відэа. Але ж і ля Нацыянальнага стэнда ў выставачным комплексе «БелЭкспа» гучала жывая беларуская гаворка з вуснаў творцаў, выступалі і разважалі яны многа, чыталі вершы, адказвалі на пытанні, праводзілі аўтограф-сесіі.

Трымалі сваё слова і маладыя паэты краіны. Класічныя вершы ці нестандартныя формы паэзіі, вольныя інтэрпрэтацыі ад іх гучалі на працягу некалькіх гадзін. Вядучая — спецыяліст Саюза пісьменнікаў Беларусі Іна Фралова — была рулявой, бо ў тым ліку пад яе крылом, не толькі ў святочны час, але і ў будзённы маладыя парасткі зямлі беларускай, неапераныя падлёткі (калі можна так сказаць) набіраюць вышыню і моц.

У кагорце маладых аўтараў, хоць сабе і пачынаючых, з’явіліся новыя імёны — гэта Вікторыя Піліпенка і Георгій Лаўроў. Прозвішчы, можа, адразу і не запомніце, але змест вершаў, манера чытання, адмысловыя сюжэты, перажыванні лірычнага героя, калі паслухаеце маладых людзей, абавязкова пакінуць след. Вікторыя і Георгій — трэцякурснікі Маскоўскага літаратурнага інстытута, ім абаім крыху за 20, упэўнена трымаюцца ў творчасці. Сваё месца пад сонцам шукаюць самі, і не заўжды ўсё ўдаецца. Тым не менш упэўнены: што нас не зламае, тое зробіць мацнейшымі.

— Пасля школы скончыў прафтэхвучылішча і паспеў папрацаваць на трактарным заводзе слесарам, прызвычаіўся да абавязкаў, так і застаўся б у зоне камфорту, калі б не рушыла мной непераадольнае жаданне ісці наперад. Спробы пяра адбыліся ў гадоў 16, а сур’ёзна захапіўся паэзіяй недзе з паўналецця. І тады сказаў сабе: хто, калі не я? Здаў экзамены, у тым ліку сачыненне, пераказ, і паступіў у Маскоўскі літаратурны інстытут. Далекавата, канечне, але ў нашай сталіцы настолькі спецыфічнага няма. Амаль тры гады з пяці правучыўся, і скажу вам — ніколькі не шкадую. Больш за тое, майстар у інстытуце паклапацілася пра наша развіццё на радзіме, звязалася з Саюзам пісьменнікаў Беларусі. Падчас кніжнай выставы чатыры гадзіны чыталі свае вершы ў паэтычным аўтобусе, выступаем і на імпрэзе маладых аўтараў.

Вікторыя Піліпенка ў Маскоўскі літінстытут падалася пасля школы. Калі скончыць, як і Георгій, прыедзе ў Мінск — працаваць на творчай ніве. Таксама толькі вярнулася з выступлення ў паэтычным аўтобусе і з імпрэзы, дзе дзяліліся сваімі творамі маладыя:

— Я і да паступлення, у школьную пару, старалася актыўна ўдзельнічаць у культурным жыцці. А тое, што запрасілі далучыцца да дзейнасці Саюза пісьменнікаў Беларусі, для мяне вялікі гонар! У Расіі гэта зрабіць складана, асабліва маладым. У роднай краіне адчуваю паміж творцамі еднасць, тут прасцей нешта арганізаваць. Ды і ў цэлым прыязджаеш у Мінск — нават вочы адпачываюць, спакой і цішыня ў параўнанні з Масквой.

Вікторыя і Георгій мараць выдаць свае кніжкі, у Расіі гэта складана, пераважна за свой кошт, а гіганцкія топавыя выдавецтвы прыдзірлівыя настолькі, што ў шорт-ліст да іх патрапіць наўрад ці калі ўдасца. У нас жа дзяржаўная падтрымка ёсць, і яна адчувальная. Дзясяткі кніг, напрыклад, выйшлі ў серыі «Мінскія маладыя галасы», заснаванай у 2011 годзе. Сталічнае аддзяленне СПБ падрыхтавала анталогію маладой паэзіі Беларусі «Мы — маладыя», дзе прадстаўлена 166 паэтаў. Пачынаючым літаратарам штогод прысуджаецца літпрэмія «Адкрыццё года», заснаваны і яшчэ тры ў галінах прозы, паэзіі і дзіцячай літаратуры. Так што знайсці талент — палова справы, важна яго падтрымаць. Дзякуючы гэтым захадам і не толькі адкрываюцца новыя імёны новай беларускай паэзіі. Гэта Таццяна Купрыянец, Ганна Чумакова, Кацярына Роўда, Валерыя Ісаковіч, Кацярына Стройлава, Яна Явіч, Кацярына Масэ, якая, дарэчы, сваю першую кніжку выдала ў восьмым класе, а калі споўнілася 18 гадоў — прынесла дакументы ў Саюз пісьменнікаў. І прынялі, і падтрымалі. Зараз Кацярына скончыла лінгвістычны ўніверсітэт, стала лаўрэатам некалькіх літаратурных прэмій і працуе ў часопісе «Маладосць» ад выдавецкага дома «Звязда». Такія зоркі запальваюцца на беларускім небасхіле, пра якія, можа, сучасны беларус, запалонены гаджэтамі і мільёнамі, прабачце, мільярдамі клопатаў, мала ведае, але было б не лішнім.

— У СПБ маладых песцяць. Пра гэта сведчаць школы юных паэтаў, празаікаў, творчыя секцыі, семінары, серыі кніг, запрашэнні на выступленні. У адной толькі сталіцы каля 40 літаратурных клубаў, студый і гасцёўняў для моладзі. У пару маёй маладосці ўвага да пачынаючых была больш сціплай. Гэта правільна, што не толькі не шкадуем добрых слоў у адрас сваіх пераемнікаў, але і падтрымліваем на справе, — дзеліцца думкамі пісьменніца Іна Фралова. — Вучылася ў Маскве на вышэйшых літаратурных курсах. Дык там у нас майстры пяра пыталіся: ці абдумана шлях абралі? Бо зараз цікавых паэтаў і твораў шмат, а пісьменнікаў нават больш, чым чытачоў. Але так лічу: калі вялікі талент плюс за ім стаіць старанне і грунтоўная праца, то ўсё атрымаецца!

 

Інфармацыя падрыхтавана па матэрыялах СБ «Беларусь сегодня».