220030, г.Минск, ул. Володарского, 16 +375 17 365 46 94 для слабовидящих
БЕЛ РУС ENG
Да 110-годдзя з дня нараджэння Васіля Віткі.

Сёлета адзначаецца 110-годдзе з дня нараджэння Васіля Віткі – пісьменніка, чыё імя значыцца сярод «Найлепшых казачнікаў свету»! Гэтым тытулам пісьменнік уганараваны ў 1973 годзе – менавіта тады ён атрымаў прэстыжны і пачэсны Міжнародны дыплом імя Х.-К. Андэрсена.

Першы рэдактар-стваральнік дзіцячага часопіса, класік беларускай дзіцячай літаратуры, фантазёр і сябра дзяцей, Васіль Вітка вядомы кожнаму беларусу і жаданы ў кожнай хаце, дзе любяць кнігу і не пагарджаюць ведамі.

Да юбілейнай даты выдавецтва «Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі» ў серыі “Кнігі нашага дзяцінства” распачало выданне шэрагу кніг славутага казачніка для дзяцей. Першымі пабачылі свет «Прыгоды Васі Вясёлкіна», у якой дзве казкі: «Буслінае лета» і «Казка пра цара-зубра». У “Бусліным леце” (1958) упершыню з'яўляецца герой Васіль, які ў “Казцы пра цара-зубра” (1960) атрымлівае прозвішча Вясёлкін – так нараджаецца на свет сябра дзяцей не аднаго пакалення беларусаў.

Другая кніга – «Азбука Васі Вясёлкіна», а ў ёй – і сама азбука, і рэпартаж з заняткаў у «ППШ» – Птушынай пачатковай школе – і славутае «Вавёрчына гора»!..

Калі пускаешся ў падарожжа з Васем Вясёлкіным – сумна не бывае! Прыгоды, незвычайныя здарэнні, знаёмствы – усё, пра што марыць чытач юны і чытач сталы! Апроч таго, што казкі захапляльныя, яны даюць падставу пагаварыць пра навакольны свет – чаго вартыя толькі знаёмствы з птушкамі і насельнікамі пушчы!

Гэтыя казкі могуць стаць і падставай для размоў пра тэхнічны прагрэс, які адбыўся ад пары з'яўлення на свет твораў – па сённяшні дзень. Сучасным карыстальнікам мудрагелістых гаджэтаў цікава будзе паназіраць, якія стасункі з тэхнікай былі ў землях – няхай сабе і казачных – палову стагоддзя таму. Устаноўка антэны, пошукі ляснога тэлевізара, размовы пра МАЗ… Адным словам, кніга дорыць цікавае чытво і шырокае поле дзейнасці для працы і размоў з юнымі чытачамі.

Выданні ўнікальныя і тым, што аздабляюць іх ілюстрацыі мастачкі Ларысы Зеневіч – жывапісца, графіка, аніматара. Нарадзілася яна ў Мінску, шлях мастака-мультыплікатара пачынала на «Беларусьфільме», пасля пераехала ў Маскву і зараз працуе ў анімацыйнай студыі легендарнага стваральніка мультфільма «Вожык у тумане» Юрыя Нарштэйна.

Кнігі, багатыя на казачныя неспадзяванкі, задаволяць і аматараў дакладных фактаў і дат, бо ўтрымліваюць кароткія звесткі пра пісьменніка і мастака, а таксама раскрываюць сакрэты з'яўлення на свет твораў. Цікавага чытання!

Інфармацыя падрыхтавана па матэрыялах выдавецтва "Беларуская энцылапедыя імя Петруся Броўкі"

 

Кнігі для дзяцей можна набыць у гандлёвых аб'ектах РУП "Белсаюздрук".