У Выдавецкім доме «Звязда», які па традыцыі ўважлівы да выдання паэтычных кніг, пабачыў свет зборнік выбраных вершаў народнага паэта Беларусі Рыгора Барадуліна «Ніткі бліскавіц». Заўважым: немалым для паэзіі па сённяшнім часе тыражом — 1100 экзэмпляраў.
«Трэба дома бываць часцей, // Трэба дома бываць не госцем, // Каб душою не ачарсцвець, // Каб не страціць святое штосьці», — гэтыя радкі як сімвал беларускасці, роднасці ўсіх нас, хто жыве ў нашай Айчыне, даволі часта гучаць не са сцэны, а эмацыянальна прысутнічаюць у нашых сэрцах. Укладальнік кнігі паэт Віктар Шніп здолеў сабраць такую кнігу, літаральна кожная старонка якой спявае, выводзіць мелодыі дабрыні і спагады, святла і шчырасці.
Рыгор Барадулін і ў вершы, дзе, здавалася б, месца толькі пейзажнай замалёўцы, быў здольны задацца высокімі пытаннямі, быў здольны востра зачапіць чытацкую свядомасць. Паэт, маючы крылы, жадаючы абляцець увесь свет і зрабіць яго чысцейшым, лепшым, унікліва ўглядаўся ў драматычныя падзеі і з'явы. Таму, пэўна, кожная з яго
кніг, калі б ні выходзіла, хвалявала, прымушала чытаць і дэкламаваць напісанае, а галоўнае — разважаць. «Сцвярджаюць гісторыкі і мовазнаўцы, // Што паступова сціраюцца грані нацый //
І, нібыта як перажытак, аджыць павінна абавязкова // Мова маці маёй — беларуская мова, // Што мне, як імя ўласнае, блізкая і знаёмая, // Што па жылах маіх цячэ і сонным Сажом і Нёманам...» («Мая мова»). «Град бобам, // Пот — градам. // Травеюць грады. // Пакуль з горадам // Грані сціраюцца // Прахопліваецца ўранні — // Дацямна стараецца» («Мая вёска»). «Хай памяць босых ног // Не страціцца нідзе // І на чужы парог // Цябе не завядзе...» («Памяць босых ног»). «Вы маладыя ўсе, пакуль бацькі старыя // Жывуць няўмольным клопатам, каб вам лягчэй было. // А на глухой страсе, якую вецер крые, // Бацян забытым клёкатам нясе ў гняздо цяпло». («***Наведвайце бацькоў, пакуль яны жывыя...»)
У апошнія месяцы Выдавецкі дом «Звязда» падарыў чытачу вершаваныя кнігі Анатоля Сыса, Генадзя Бураўкіна, Леаніда Дранько-Майсюка. Чытайце сапраўдную паэзію — і на сэрцы ў вас будзе болей дабрыні, а ў душы дадасца святла.
Інфармацыя падрыхтавана па матэрыялах Выдавецкага дом «Звязда»
Кнігі Выдавецкага дом «Звязда» можна набыць у гандлёвых аб'ектах РУП "Белсаюздрук".