У гісторыі беларускай літаратуры хапае таямніц — асабліва горка, калі гаворка ідзе пра зніклыя бясследна рукапісы, якіх да жудасці шмат... Але ёсць і творы, што часам і друкаваліся, але з розных прычын засталіся няскончаныя, і мы можам толькі гадаць, як бы іх давяршылі аўтары.
Давайце ўспомнім некаторыя з такіх твораў і паразважаем над іх лёсамі...
1. Янка Купала. «Гарыслава»
«Не хочу разути рабынича, а за Ярополка иду!»
(З адказу Рагнеды — княжны полацкай, Уладзіміру — князю наўгародскаму)»
Такі эпіграф узяў Янка Купала да паэмы «Гарыслава», распачатай ім у 1912 г. у Акопах, куды любіў прыязджаць да маці і сястры. Аднак напісаў толькі зачын у стылі старажытных былін і першы раздзел. Захаваўся план паэмы, з якога вынікае, што аўтар абапіраўся на сюжэт пра дачку полацкага князя Рагнеду з Лаўрэнцьеўскага летапісу. Гарыслава — імя, якое возьме сабе Рагнеда, здраджаная мужам, будучым кіеўскім князем Уладзімірам.
Чаму твор не быў завершаны?
Ёсць розныя версіі... Адна — Купалу не задаволіў вобраз галоўнай гераіні: нельга паказаць класавае супрацьстаянне. Пацвярджэнне — што адразу пасля кінутай «Гарыславы» Купала ў тых жа Акопах напісаў паэму «Бандароўна», дзе смелая простая дзяўчына змагаецца супраць жорсткага князя. Па іншай версіі, Купала, апісваючы вобраз няскоранай Рагнеды, хацеў заклікаць Беларусь да адраджэння:
Калі ж, калі ты, родна маці...
Да нова збудзішся жыцця?..
Рагнеда падыходзіла сюды вельмі добра, і паэма не была скончана з іншых прычын.
Які мог быць працяг?
Рукапіс знайшоў паэт Валянцін Таўлай, калі пачаў працаваць у толькі што створаным Купалаўскім музеі. Было дзве рэдакцыі ўрыўкаў. Мяркуючы па пачатку, мелі б мы эпічную паэму пра лёс Беларусі, пра ідэю нацыянальнай незалежнасці, на летапісны сюжэт накладаліся б развагі сучаснікаў Купалы і яго самога.
2. Ядвігін Ш. «Золата»
Антон Лявіцкі, які пісаў пад псеўданімам Ядвігін Ш., надрукаваў свой буйны празаічны твор «Золата» ў газеце «Беларус» у 1920 г. Дзесьці яго называюць раманам, дзесьці — аповесцю, бо застаўся няскончаны. Магчыма, у аснову пакладзены рэальны выпадак, які Ядвігін Ш. пачуў падчас сваіх шматлікіх вандровак па Беларусі. Жарсці ў вёсцы шэкспіраўскія: Зося кахае Алёксу, якога хочуць ажаніць з багатай Прузынай. Зося падгаворвае закаханага ў яе Васіля кінуць Прузыну ў калодзеж, але вінавацяць у гэтым, да жаху Зосі, Алёксу, і Зося выходзіць замуж за Васіля. Асноўная ідэя — згубная ўлада грошай над людскімі душамі.
Чаму твор не быў завершаны?
Прычына, хутчэй за ўсё, у кепскім здароўі аўтара. Увосень 1920 г. ён, зусім ужо хворы, выехаў у Вільню, дзе выдаў свае «Успаміны», якія таксама засталіся незакончаныя, а ў 1922 г. памёр.
Які мог быць працяг?
Падказка ёсць, бо фінал твора Ядвігін Ш. вынес на самы пачатак: гэта смерць састарэлай дачкі Васіля і Зосі Прузыны, якая стала звар'яцелай жабрачкай.
3. Кандрат Крапіва. «Мядзведзічы»
Знакаміты байкапісец друкаваў раман «Мядзведзічы» ў часопісе «Полымя рэвалюцыі» ў 1932—1933 гг. У канцы 1932 г. з'явілася асобнае выданне з паметкай «Кніга першая». Крапіва тады выказаўся: «Па лініі творчасці я працую цяпер над раманам «Мядзведзічы». Першая кніга гэтага рамана ўжо выйшла з друку. Яна ахапляе аднаўленчы перыяд, які супадае з першым перыядам маёй творчасці, і хоць часткова папаўняе прабел у адлюстраванні мною класавага змагання на вёсцы».
Кажуць, што менавіта незавершаныя «Мядзведзічы» падштурхнулі Мележа да напісання славутай «Палескай хронікі»
Чаму твор не быў завершаны?
У краіне пачыналіся рэпрэсіі, стварэнне калгасаў суправаджалася страшнай жорсткасцю, мастацкія творы на гэтую тэму вывучаліся пад лупай на прадмет ідэалагічных хібаў, і задума Крапівы неяк згасла. Першая кніга рамана стала апошняй. Сам аўтар гаварыў пра гэта неахвотна, але не пярэчыў, калі прычынай называлі неспрыяльныя палітычныя абставіны.
Які мог быць працяг?
Як пісаў сама Крапіва, «другая кніга будзе прысвечана арганізацыйнаму і гаспадарчаму ўмацаванню калгасаў. Матэрыял для гэтага ў мяне ёсць даволі багаты. Увесь клопат у тым, каб правільна адлюстраваць гэты найважнейшы момант у рэканструкцыі сельскай гаспадаркі, і разам з тым, каб твор выйшаў цікавы падзеямі і багаты яскравымі вобразамі».
4. Міхась Лынькоў. «На чырвоных лядах»
«Павісла сонца над крутой гарой. Яно ўсё ніжэй і ніжэй апускаецца над зямлёй, вось уселася ўжо на сук вілаватага дуба — на гары, па-над кручай. Здаецца, угінаецца сук пад сонцам і вось-вось скоціцца яно, бразнецца на зямлю, расколецца на бліскучыя аскалёпкі».
Так пачынаецца раман Міхася Лынькова «На чырвоных лядах», які друкаваўся ў 1934-м. Аўтар быў не з літаратурных шарагоўцаў, рэдагаваў часопіс «Полымя рэвалюцыі», таму з публікацыяй праблем не мелася.
Але на першай частцы пад назвай «Ціxія cялібы», у канцы якой вяртаюцца з франтоў Першай сусветнай вайны вяскоўцы, усё і скончылася.
Чаму твор не быў завершаны?
Лынькоў як ніхто быў у курсе націску на літаратуру... Якраз абрынуліся на раманы, дзе паказвалася сучасная беларуская вёска, і бяспечней было паставіць кропку на экскурсе ў яе мінулае.
Які мог быць працяг?
Аўтар задумваў эпічнае палатно аб тым, як рэвалюцыя змяняе вёску. Ягоныя амбіцыі ілюструе эпапея «Векапомныя дні», якую ён пісаў пасля вайны, размахнуўшыся так, што давялося скарачаць чатырыста старонак. Цікава, што ў Васіля Быкава ёсць апавяданне «На Чорных лядах», у якім паказана сцэна расстрэлу «антысавецкіх элементаў» у часы рэвалюцыі.
5. Кузьма Чорны. «Вецер і пыл»
Раздзелы з рамана «Вецер і пыл» былі надрукаваныя ў часопісе «Узвышша» ў 1927—29 гг. Там малююцца вобразы «і пасялкоўцаў, і хутаранцаў, і местачкоўцаў» у эпоху войнаў і рэвалюцый. Ідэя: «народ — гэта мільёны індывідуальнасцей, кожны з сваім індывідуальным абліччам і лёсам, хоць і падначаленымі аднаму закону жыцця — нацыянальнаму і дзяржаўнаму», народ — не пыл на ветры, узнятым рэвалюцыйнай віхурай.
Чаму твор не быў завершаны?
«Змітрок Бядуля знявечыў свой вялікі раман «Язэп Крушынскі», пачаты ім яшчэ ў 1928 годзе, Кузьма Чорны спыніў працу над раманам «Вецер і пыл», з якога былі выдрукаваны толькі фрагменты, а другі раман «Ідзі, ідзі», пачаты ім перад разгромам, скамячыў і сапсаваў поўнасцю», — пісаў крытык-эмігрант Антон Адамовіч.
Разгром, пра які згадваецца — працэс па міфічным «Саюзе вызвалення Беларусі», які пачаўся ў 1930-м, калі арыштавалі сотні творцаў.
Пятро Васючэнка пісаў так: «Жыццёвая драма Кузьмы Чорнага — драма няпоўнай самарэалізацыі. Лёс наканаваў яму стаць вялікім і напісаць раман стагоддзя, але гэты раман Чорны не паспеў закончыць, бо кароткае жыццё пайшло на барацьбу з антылітаратурнымі абставінамі. «Божа, напішы за мяне мае раманы, хіба так маліцца, ці што?» — гэта як эпітафія па няскончаным рамане стагоддзя, які ён марыў напісаць усё творчае жыццё».
Які мог быць працяг?
Як пісаў сам Чорны, ён марыў стварыць адзіны раманны цыкл пра гісторыю беларускага народа. «Цыкл гэтых твораў будзе ісці не толькі па лініі храналогіі, а адначасова і па лініі ідэёвых катэгорый (носьбітамі якіх ёсць чалавечыя вобразы): бацькаўшчына, уласнасць, закон, сваяцтва і г. д.»
6. Міхась Зарэцкі. «Крывічы»
Пра раман «Крывічы» Міхася Зарэцкага загаварылі ў 1929 годзе — як прыклад выкарыстання заганнага метаду «перададзенай трыбуны»: аўтар пераключае ўвагу чытача на адмоўных, чытай — ідэалагічна няправільных, герояў.
У рамане сучаснікі пазнавалі вядомых беларускіх дзеячаў. У вобразе галоўнага героя, Андрэя Беразоўскага, быў нібыта адлюстраваны Вацлаў Ластоўскі, у вобразе Саўкі Малахавіча бачылі Янку Купалу, у вобразе Кураўкевіча — прафесара Міхайлу Піятуховіча. Героі разважаюць над «нацыянальным пытаннем», гучаць крамольныя думкі наконт фармальнай беларусізацыі кшталту «палітыка гандляроў з рынку, якія... звяртаюцца заўсёды да сялян у роднай іхняй мове, каб... лягчэй абдурыць іх...» Старшыня ЦКК ВКП(б) па абследаванні практыкі нацыянальнай работы ў БССР Затонскі заявіў, што Зарэцкі «выказвае ў адкрытую сімпатыі нацыяналістам, якія ставяць найвышэй за ўсё сваю «бацькаўшчыну» (родину), здзекваецца над беларусізацыяй, як сродкам падману».
Чаму твор не быў завершаны?
Ёсць звесткі, што раман быў скончаны. Але Зарэцкага ў 1937-м арыштавалі і расстралялі. Працяг «Крывічоў» знік — падобна, быў канфіскаваны.
Які мог быць працяг?
Задума аўтара — паказаць станаўленне нацыянальнай ідэі. Цікава, што, як піша Антон Адамовіч, Зарэцкі, каб выратавацца, «аднавіў публікацыю свайго раману пад іншым назовам — «Смерць Андрэя Беразоўскага» (1931), але й на гэты раз яму ўдалося выдрукаваць толькі адну заключную частку...»
7. Іван Мележ. «Палеская хроніка»
Многія забываюць, што «Палеская хроніка « Івана Мележа засталася няскончаная. Першую частку, «Людзі на балоце», Мележ завяршыў у 1961 г., наступную, «Подых навальніцы», пісаў чатыры гады. Кніга з «Палескай хронікі» «Завеі, снежань» выйшла толькі ў 1978 г. Між тым, вядома, што кніг задумвалася больш — пяць, магчыма, шэсць. Засталіся асобныя накіды, тым больш, нейкія сцэны Мележ звычайна пісаў загадзя, не прытрымліваючыся храналогіі.
Чаму твор не быў завершаны?
Чытала версію, што Мележ ужо не ведаў, як абыходзіцца далей з героямі, пра што сведчыць запаволенне тэмпу работы. Нават трэцюю частку фактычна не дакончыў. Але самае відавочнае — хвароба, якая змусіла заўчасна пайсці з жыцця. Дачка Людміла ўспамінала:
«Ніколі не забуду, як мы з мамай вычытвалі тэкст рамана «Завеі. Снежань» для часопіса, і ў заключэнні там ішла пазнака: «Працяг будзе». Тата зайшоў у пакой, яго погляд упаў на гэтыя словы, і ён у роздуме сказаў: «Хто ведае — будзе ці не будзе...»
Які мог быць працяг?
Ёсць меркаваныя назвы частак наступных кніг эпапеі — «За асакою бераг», «Звер сочыць з зарасніку». У адным са знойдзеных у архівах эпізодаў галоўны герой Васіль Дзятлік апынуўся на фронце. Ён сядзіць у акопе і марыць пра родныя Курані. Ёсць апісанне зруйнаваных Куранёў, куды Васіль вярнуўся пасля вайны, накіды пра раскулачванне старога Карча, які ідзе па вёсцы, кланяецца і просіць ва ўсіх прабачэння. Але невядома, ці ўвайшлі б гэтыя накіды ў гатовыя творы. Ганну Чарнушку аўтар планаваў або звесці з камуністам Міканорам, або вярнуць да Васіля.
8. Уладзімір Караткевіч. «Каласы пад сярпом тваім».
Першая частка эпапеі ўпершыню надрукаваная ў часопісе «Полымя» ў 1965 годзе ў № 2—6. Пасля вялікіх дэбатаў і нападак на аўтара было адстаяна права на публікацыю рамана асобным выданнем, якое і здзейснілася ў 1968 годзе. Вядома, што паводле задумы павінна было быць тры часткі: «Усход (Сяйва дня)», «Брань» і «Вараннё (Галгофа)». У першай Караткевіч хацеў паказаць выспяванне паўстання 1863—1864 гг., у другой — само паўстанне, у трэцяй — яго разгром. Але першая кніга была выдадзена пад назвай «Выйсце крыніц» і пры выданні падзелена на дзве. Пасля з'явілася аповесць «Зброя» — адгалінаванне ад «Каласоў», якую многія ўспрымаюць часткай працягу. Некаторыя лічаць часткай працягу і апавяданне «Сіняя-сіняя».
Чаму твор не быў завершаны?
Пра тое, ці быў напісаны працяг «Каласоў», спрачаюцца дасюль. Адны спасылаюцца на словы Караткевіча, як яму цяжка пісаць далей, бо давядзецца паказваць гібель улюбёных герояў, таму і не дапісаў. Іншыя, у тым ліку Адам Мальдзіс, вераць, што працяг быў, яго ў 1982 годзе ўкралі з кватэры Караткевічаў па вуліцы Карла Маркса.
Які мог быць працяг?
Як і казаў Караткевіч, прышласць ягоных герояў, удзельнікаў раздушанага паўстання, сумная. У раздзеле «Студзеньскім цёмным світаннем», што апублікаваны ў «ЛіМе» ў 1963 годзе, караюць смерцю Франса Раўбіча — швагра Алеся Загорскага. На абмеркаванні рамана ў 1967 годзе Караткевіч казаў, што яму падабаецца такая канцоўка: князь Алесь Загорскі і сялянскі паўстанец Корчак пасля замаху на Аляксандра ІІ спрабуюць перайсці граніцу, дзе іх збіваюць. А ў чарнавіках пісьменніка можна знайсці такі запіс: «Сял. варта. Б'юць. Апошн. позіркам і як вішн. сонца... Серабрыстыя аблокі. Канец.»
Інфармацыя падрыхтавана па матэрыялах "Звязда".
Кнігі беларускіх пісьменнікаў можна набыць у гандлёвых аб'ектах РУП "Белсаюздрук".