Сёлета святкуецца 130-годдзе з дня нараджэння аднаго з самых любімых беларускіх паэтаў – Максіма Багдановіча (9 снежня 1891, Мінск — 25 мая 1917, Ялта), класіка беларускай літаратуры, аднаго са стваральнікаў беларускай літаратуры і сучаснай літаратурнай беларускай мовы. Да гэтай даты выдавецтва «Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі» ў серыі «Кнігі нашага дзяцінства» падрыхтавала кнігу «Зачарованае царства». Яе складаюць паэма- казка «Мушка-зелянушка і Камарык-насаты тварык» і нізка вершаў з кнігі «Вянок».
Ужо калі Максім Багдановіч быў прызнаным пісьменнікам, ён звярнуўся да напісання твораў у беларускім народным стылі. Адным з такіх твораў стала вершаваная казка «Мушка-зелянушка і камарык − насаты тварык», упершыню апублікаваная ў газеце «Наша Ніва» 7 мая 1915 года. Матыў казкі – няўдалая жаніцьба камара − запазычаны Багдановічам з народных песень. У падзагалоўку аўтар пазначыў: «Вельмі жаласная гісторыя, выкладзеная згодна з праўдай беларускім вершам».
У творы паказаны карцiны народных сямейна-бытавых абрадаӯ (сватанне, заручыны, вяселле, пахаванне, скарга). Паэма-казка вызначаецца пазнавальнасцю маральнага зместу (не заӯсёды за прыгожымi i нiбыта шчырымi словамi стаяць прыгожыя ӯчынкi, аб’ёмнасцю вобразаӯ, псiхалагiчнай матываванасцю ўчынкаӯ лiтаратурных герояӯ i эстэтычнай глыбiнёй.
Ва ўступным слове артыкуле даюцца кароткія біяграфічныя звесткі пра Максіма Багдановічаі яго сям’ю, багатую на таленавітых людзей. Напрыклад, бабуля Анэля хоць і не мела адукацыі, але валодала надзвычайнымі матэматычнымі здольнасцямі: імгненна ў памяці ўзводзіла лічбы ў 6-7-ю ступень. Яшчэ яна была цудоўнай апавядальніцай, а гэты талент, паводле ўспамінаў Адама Ягоравіча, бацькі Максіма, пераняла ад сваёй маці, слыннай казачніцы Рузалі Асьмак. Прырода надзяліла прабабулю Максіма багатырскай дужасцю: яна касіла нароўне з мужчынамі, барукалася з імі – і нярэдка перамагала. Але найперш славілася як знахарка, варажбітка і цудоўная апавядальніца.
На думку Адама Ягоравіча, паэтычны дар Максім атрымаў у спадчыну ад маці, Марыі Апанасаўны, які ў ёй самой драмаў, а таксама ад прабабулі Рузалі. «Тое-сёе, перанятае мной з гэтай крыніцы, праз мае апісанні, адбілася на творчасці яе праўнука Максіма, самабытна ім увасобленае ў цыкле «У зачарованным царстве», дзе, напрыклад, «Змяіны цар» уяўляе сабой паэтычную перапрацоўку народнага павер’я… са слоў моёй шаноўнай бабулі», – пісаў Адам Багдановіч, збіральнік фальклору ў сваіх успамінах.
Фальклор займаў вялікае месца ў творчасці М. Багдановіча, ён выкарыстоўваў сюжэты беларускай міфалогіі, а таксама вобразы і матывы беларускай народнай песні. Творы, сабраныя ў гэтым невялікім зборніку, яскрава пра гэта сведчаць.
Кніга аздоблена цудоўнымі ілюстрацыямі мастачкі Крысціны Пержуковай і прызначана для самастойнага чытання і чытання разам з дзецьмі, таксама дапоўніць школьную праграму і дапаможа педагогам, бібліятэкарам у арганізацыі тэматычных заняткаў.
Інфармацыя падрыхтавана па матэрыялах выдавецтва "Беларуская энцыклапаедыя імя Петруся Броўкі".
Кнігі айчынных класікаў і сучасных беларускіх пісьменнікаў можна набыць у гандлёвых аб'ектах РУП "Белсаюздрук".