220030, г.Минск, ул. Володарского, 16 +375 17 365 46 94 для слабовидящих
БЕЛ РУС ENG
Новаая кніга для дзяцей у выдавецтве "Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі".

Славутая аповесць“Расці, Ганька” класіка беларускай дзіцячай літаратуры Алены Васілевіч пабачыла свет у 1966 годзе, а пасля шматразова перавыдавалася, беручы ў свой светлы палон усё новых прыхільнікаў-чытачоў.

Гісторыя пра дзяўчынку Ганьку з маленькай беларускай вёсачкі першай паловы дваццатага стагоддзя – чым яна кранае душы сучаснага чытача?

Ганька жыве з мамай, без бацькі, трывае ад голада і нястачы. Праз хваробу памірае мама, і Ганька застаецца адна… Шмат выпрабаванняў выпадае на долю дзяўчынкі, але праз гэта кніга не становіцца ні сумнай, ні “цяжкай”, бо аповесць найперш пра цудоўных людзей, хараство прыроды, здольнасць заставацца чалавекам у няпростых абставінах, пра адкрыццё таямніц свету.

Кніга напоўнена святлом, цеплынёй і дабрынёй – ці не гэтага прагне кожны чалавек!? Нездарма аповесць мае падзагаловак “Падарожжа ў адну чароўную краіну”. Кніга Алены Васілевіч “Расці, Ганька” не сумуе на кніжных паліцах, а бесперапынна саграваецца цяплом чытацкіх рук.

Унікальнасць гэтага выдання яшчэ і ў тым, што яно аздоблена ілюстрацыямі народнага мастака Беларусі Васіля Шаранговіча. Калі аповесць рыхтавалі да першага выдання 55 гадоў таму, мастак быў студэнтам і стаў першым яе ілюстратарам. Малюнкі той пары і выкарыстаныя ў афармленні новага выдання. А ў вокладкі ёсць асобная таямнічая гісторыя! Пра яе вы даведаецеся са “Слова пра мастака”, якім дапоўнена выданне, напісанае дачкой Васіля Шаранговіча, мастацтвазнаўцам Наталляй Шаранговіч.

Ёсць у кнізе і кароткія звесткі пра Алену Васілевіч. На сёння яна найстарэйшая дзіцячая пісьменніца не толькі Беларусі, але і планеты! Абавязкова прачытайце звесткі – там шмат ключыкаў да разумення культавай аповесці, а таксама характару і лёсу яе гераіні.

Кнігу “Расці, Ганька”складаюць аповесць і некалькі апавяданняў Алены Васілевіч. Набыўшы яе, вы займееце компас, стрэлкі якога заўжды ўказваюць на сапраўдныя чалавечыя каштоўнасці: дабрыню, сяброўства, адказнасць, дапамогу, спагаду. Хто не марыць мець такога сябра і дарадчыка?

Цудоўныя графічныя малюнкі Васіля Шаранговіча дададуць асалоды чытанню, а звесткі пра пісьменніцу Алену Васілевіч і народнага мастака Беларусі Васіля Шаранговіча пашыраць кругагляд і дапамогуць падрыхтавацца да заняткаў і дзецям, і з дзецьмі.

 

Інфармацыя падрыхтавана па матэрыялах Выдавецтва "Беларуская энцыклапедыя імя Петруся Броўкі".

У гандлёвых аб'ектах РУП "Белсаюздрук" можна набыць літаратару для дзяцей.