220030, г.Минск, ул. Володарского, 16 +375 17 365 46 94 для слабовидящих
БЕЛ РУС ENG
Скарбы народнай культуры.

Менавіта казка вучыць маленькага чалавека адрозніваць дабро і зло, хвалявацца за іншых, любіць прыроду, знаёміць з законамі і правіламі паводзін. «Казка развівае высакародную душу беларускага народа, мае неацэннае значэнне для фарміравання любові да Радзімы, да роднай беларускай мовы і нацыянальнай культуры», — заўважыў падчас адкрыцця ІІ Міжнароднага форуму даследчыкаў беларускай казкі акадэмік — сакратар Аддзялення гуманітарных навук і мастацтваў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Аляксандр Каваленя. І ў наш час народная казка не страчвае свайго значэння, і служыць яна не толькі дзецям, пра што ў сваіх выступленнях гаварылі даследчыкі з Беларусі, Расіі, Украіны, Балгарыі, краін Балтыі і іншых.

"Казка — адзін з унікальных фальклорных жанраў, які не застаўся нязменны і застылы, атрымаў развіццё і ў наш час. Казачныя вобразы запатрабаваныя і нават выкарыстоўваюцца ў ХХІ стагоддзі», — заўважыў дырэктар Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Аляксандр Лакотка. Ніколі не знікала цікавасць да казкі ў беларускіх пісьменнікаў. Можна згадаць літаратурныя апрацоўкі Якуба Коласа, Змітрака Бядулі, Уладзіміра Караткевіча ці творы, заснаваныя на законах казачнай будовы, — Максіма Багдановіча, Васіля Віткі, Генадзя Бураўкіна, Аляксея Дударава, Васіля Зуёнка і многіх іншых. Традыцыйныя сюжэты і персанажы выкарыстоўваюцца сучаснымі пісьменнікамі ў падлеткавай і дарослай літаратуры. Нават у жанры фэнтэзі, які атрымаў актыўнае развіццё ў канцы ХХ — пачатку ХХІ стагоддзя, можна сустрэць знаёмых герояў. Сюжэты абыгрываюцца ў камп'ютарных гульнях, рэкламе. Апошнім часам чароўныя персанажы пачалі «працаваць у турызме» — яны сустракаюць гасцей на фестывалях, у нацыянальных парках, аграсядзібах.

Давайце знаёміцца!

Унікальнасць беларускіх казак пацвярджаецца папулярнасцю анімацыйных стужак, створаных на аснове народных сюжэтаў. Так, зроблены ў 2012 годзе мультыплікацыйны фільм «Піліпка» стаў неааднаразовым уладальнікам прэстыжных прэмій міжнародных кінафестываляў, у прыватнасці, у Расіі і Чэхіі. Не меншую цікавасць выклікала і стужка 2014 года «Дзед», зробленая па матывах казкі «Стары бацька». Народным гумарам вылучаецца паўнаметражны анімацыйны фільм «Прыгоды Несцеркі». Казка ўплывае на іншыя віды мастацтва — выяўленчае, дэкаратыўна-прыкладное, без яе вобразаў і сюжэтаў цяжка ўявіць рэпертуар Тэатра юнага гледача.

Але казкі могуць паспрыяць і больш глыбокаму знаёмству з нацыянальнай культурай, традыцыямі і асаблівасцямі беларусаў. У межах форуму адбылася прэзентацыя кнігі «І я там быў...» («І was there as well...»). Гэта адно з выданняў з беларускімі народнымі казкамі, перакладзенымі на кітайскую і англійскую мовы. Сёння, калі наладжваюцца эканамічныя і гандлёвыя сувязі ў межах новага Шаўковага шляху, узрастае цікавасць і да культуры нашага народа. Таму вучоныя Акадэміі навук вырашылі пазнаёміць замежнікаў з вуснай народнай творчасцю беларусаў. Для праекту выбіраліся найбольш тыповыя чарадзейныя, сацыяльна-бытавыя, а таксама казкі пра жывёл, у якіх былі б адлюстраваныя рысы нацыянальнага характару беларусаў, іх светапогляд. Да справы далучылася Беларуская дзяржаўная акадэмія мастацтваў. Выкладчыкі і студэнты стварылі арыгінальныя ілюстрацыі. Традыцыйныя фальклорныя героі пададзены праз сучасную інтэрпрэтацыю, якая блізкая і зразумелая чытачам. Але такія кнігі аказаліся запатрабаваныя не толькі ў замежных гасцей, імі актыўна карыстаюцца дзеці і студэнты, што вывучаюць кітайскую мову.

Hекалькімі пакаленнямі навукоўцаў сабраны багаты архіў з рукапісных і гукавых запісаў фальклору, які прызнаны нацыянальным здабыткам краіны. Каб зрабіць гэтыя скарбы больш даступнымі і данесці іх да даследчыкаў і аматараў фальклору ў аўтэнтычным гучанні, Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі распачаў работу па іх алічбаванні. Ужо ўбачыла свет электроннае выданне «Віцебска-Веліжскія запісы», якое пазнаёміць з матэрыяламі, сабранымі ў экспедыцыі 1989 года, куды ўвайшлі каляндарна-абрадавая, сямейна-абрадавая творчасць, этнаграфічныя інтэрв'ю.

Код продкаў

Казка — даволі важкі духоўны складнік культуры чалавецтва і, як сцвярджаюць вучоныя, самая ўстойлівая форма культурнай трансляцыі. Моваю эпітэтаў, метафар, іншаказанняў яна перадае гісторыю чалавечага роду, назіранні і ўяўленні нашых продкаў.

Загадчык аддзела фалькларыстыкі і культуры славянскіх народаў Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі Таццяна Валодзіна звярнула ўвагу на тое, што казка паўтарае лёс краіны. Шукаючы і вывучаючы старыя крыніцы, можна заўважыць, як падзеі, што адбываліся ў краіне, адбіваліся на фальклоры. Так, у ХІХ стагоддзі польскамоўныя збіральнікі ўключалі нашы казкі ў польскія зборнікі. Гэтак жа і даследчыкі з Расіі ці выдаўцы, якія карысталіся паслугамі нашых рэспандэнтаў, залічвалі сабраны ў нас матэрыял у зборнікі, пазначаныя як рускія народныя казкі.

Яшчэ вялікая колькасць беларускіх казак, рукапісаў знаходзіцца ў архівах Санкт-Пецярбурга, Масквы і іншых расійскіх гарадоў. Чакаюць свайго даследчыка і выдаўца і маладаступныя запісы на польскай мове.

Таксама па фальклоры можна прасачыць узаемаадносіны нашага народа з суседнімі. Мы маем як падобныя сюжэты, так і пэўныя адрозненні, якімі гэтыя казкі «абрасталі» дзякуючы мясцовым апавядальнікам. Па сацыяльна-бытавых казках можна знаёміцца з менталітэтам народа, і менавіта яны падаюць традыцыйны вобраз этнічнага беларуса. А новыя сюжэты ці дэталі, якімі казачнікі аздабляюць традыцыйны сюжэт, дапамагаюць даведацца пра гістарычныя рэаліі.

З гадамі падыходы да вывучэння казкі мяняліся. На жаль, часта яны спрашчаліся, не вучылі чытачоў дакопвацца да глыбінных, філасофскіх і міфічных кампанентаў. Так, за савецкім часам чарадзейныя казкі запісвалі ў дзіцячыя творы. Новае мастацкае асэнсаванне рэчаіснасці не прымала ніякай міфалагізацыі прыроды і адносін чалавека. Тагачасныя падручнікі на першы план ставілі сацыяльную несправядлівасць і зводзілі мараль казкі да барацьбы селяніна з эксплуататарамі. Многія сюжэты даходзілі да нас падагнанымі пад пэўныя патрэбы. Але сёння вучоныя шмат працуюць над тэкстамі, запісанымі ў ХІХ стагоддзі, і спрабуюць расшыфраваць сакрэты, схаваныя ў аўтэнтычных неапрацаванах казках.

Сярод спецыфічных беларускіх сюжэтаў пра асілкаў, напрыклад, можна разгледзець уяўленні пра стваральнікаў свету. Да таго ж гэтыя героі прыўносілі ў грамадства аптымізм у складаныя часы, бо казкі паказвалі: колькі б ні было галоў у цмока, усё роўна асілак яго пераможа.

Праз казкі беларусы вучыліся працавітасці і павазе да старэйшага пакалення, беражлівым адносінам да прыроды, таму нельга забывацца на іх выхаваўчы эфект, больш актыўна выкарыстоўваць у адукацыйным працэсе. І падаваць казку сёння можна не толькі праз падручнікі і зборнікі, але і праз дзіцячыя перадачы (згадаем «Калыханку»). Ужо 30 гадоў там гучаць беларускія казкі. А сёння іх можна выкладваць у інтэрнэт, рабіць спецыяльныя «казачныя» праграмы для мабільных тэлефонаў.

У апошняе дзесяцігоддзе казкай актыўна зацікавіліся псіхолагі. Аказалася, продкі пакінулі гатовыя вобразы і інструменты, якія дапамагаюць чалавеку лепш разабрацца ў сабе. Імкліва развіваецца казкатэрапія.

А што, як не казка, найперш дапаможа маленькаму чалавечку адкрыць для сябе сакавітую, вобразную, мілагучную родную мову?

Працяг будзе

У межах форуму адбыўся дзіцячы конкурс апавядальнікаў беларускай народнай казкі. Яго мэта — павысіць цікавасць маленькіх беларусаў да роднай мовы і фальклорнай спадчыны. Дзеці здымалі ролікі, у якіх расказвалі казкі, і выкладвалі іх у розных сацыяльных сетках. У сваю чаргу, іх равеснікі рэпосцілі і лайкалі такія сапраўды казачныя відэа. Самаму юнаму ўдзельніку было ўсяго пяць гадоў.

Як захапіць дзіця казкай, паказала кіраўнік узорнага фальклорнага ансамбля «Калыханка» Міханавіцкага Дома фальклору Ларыса Рыжанкова. Дзеткі, што прыходзяць на «казачныя» заняткі, не толькі вывучаюць фальклор, спяваюць і танцуюць, але і робяць касцюмы з саматканага льну з народнымі вышыўкамі. Малым вельмі падабаецца, калі ў казках ёсць цікавыя паўторы і песенькі. Дзякуючы такім дэталям, пераказванне казкі больш падобнае на гульню, у якую актыўна ўключаюцца слухачы.

На форум прыехалі не толькі даследчыкі, але і непасрэдныя захавальнікі традыцый. Майстры казачнага жанру знаёмілі з сюжэтамі, якія ўдалося сабраць у розных кутках Беларусі.

Больш за 20 гадоў начальнік аддзела традыцыйнай культуры Віцебскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці Лілія Рэзкіна вывучае фальклор свайго рэгіёна. Пачынала яна свае даследаванні з Гарадоцкага раёна, ведае там кожную вёсачку, і часам трапляла на ўнікальных захавальнікаў аўтэнтыкі. Так, у 1999 годзе яна запісала казку ад жанчыны, якой на той час было 104 гады. Вядома, у наш час такіх носьбітаў становіцца ўсё менш, таму нашмат узрастае роля прафесіяналаў — удзельнікаў фальклорных калектываў, музейных работнікаў, даследчыкаў. Сёння яны працягваюць уражваць нас старымі казкамі, песнямі, танцамі. Перадаюць свае веды на семінарах, фестывалях, знаёмяць з імі педагогаў і выхаванцаў цэнтраў дзяцей і моладзі, школы мастацтваў, аддзелы адукацыі. І казка працягвае жыць — ужо ў малюнках, выцінанках, пастаноўках маленькіх беларусаў.

Інфармацыя падрыхтавана па матэрыялах "Звязда"

 

У гандлёых аб'ектах РУП "Белсаюздрук" можна набыць літаратуру для дзяцей на беларускай і рускай мове.