220030, г.Минск, ул. Володарского, 16 +375 17 365 46 94 для слабовидящих
БЕЛ РУС ENG
Новая кніга пра Максіма Багдановіча.

У выдавецтве «Мастацкая літаратура" ў 2021 годзе ў серыі «Жыццё знакамітых людзей Беларусі» выйшла новая кніга "Максім Багдановіч".

 

«Абодва паэты нападалі на беззмястоўнасць вершаў М. Багдановіча, а асабліва А. Паўловіч, які злосна выкпіваў, перафразоўваючы паасобныя звароты вершаў М. Багдановіча, каторага стала называў не па прозвішчу, а «ваш Лесавік»... Вуснамі супраціўнікаў Багдановіча гаварыла іх абражаная аўтарская амбіцыя, што ў нашай мініяцюрнай часопісі замест іх твораў займаецца месца пад вершы Багдановіча».

Праўда, нечакана гучыць урывак з успамінаў Вацлава Ластоўскага, колішняга сакратара «Нашай Нівы»? Падобных фрагментаў — сотні ў гэтай унікальнай кнізе. Жыццяпіс самага рамантычнага беларускага паэта выкананы ў жанры «дакументальнай мазаікі» — сотні сведчанняў, якія датычацца яго жыцця ад нараджэння да заўчаснай смерці, узятыя з сотні крыніц. Цытаты з лістоў, успамінаў, мемуараў, навуковых даследаванняў і архіўных дакументаў выбудаваны складальнікам, загадчыкам Літаратурнага музея Максіма Багдановіча Міхалам Бараноўскім так, што ствараецца яркая і максімальна праўдападобная карціна. Тым больш што сведкі, як і належыць, супярэчаць адзін аднаму, блытаюцца — і гэта вельмі цікава знаходзіць і параўноўваць... Брат паэта неяк заявіў іх бацьку, Адаму Ягоравічу, што Максіма ніхто не разумеў, нават блізкія, і ўспаміны пра яго будуць няпэўнымі. А вось такі мазаічны падыход робіць постаць паэта аб'ёмнай... Можна рэканструяваць, як даводзілася Максіму цярпець нападкі і за тое, што «займае месца ў адзінай часопісі», і за тое, што піша на «мужыцкім дыялекце». І нават за паэтычнае майстэрства. Напрыклад, нейкі Мікалай Агурцоў (вельмі не хапае ў зборніку пераліку аўтараў цытат з біяграфічнымі звесткамі!), атрымаўшы ад Максіма ў падарунак «очень плохо изданную книжечку... стихов на белорусском языке («Вянок»)», папытаўся, чаму той, «народны паэт», напоўніў кніжачку «сонетами, рондо, триолетами и прочими чуждыми народу формами» ды яшчэ эпіграфамі на еўрапейскіх мовах. Адказ Максіма Багдановіча заслугоўвае цытавання цалкам:

«За белорусским языком не хотят признать самостоятельности и самобытности. Не хотят допустить и мысли, что на этом языке можно выразить все движения человеческой души и дать любую литературную форму. Я своей книжечкой хотел показать, что всё это возможно. А для этого нужно было белорусский язык поставить рядом с европейскими языками».

 

Інфармацыя падрыхтавана па матэрыялах "Звязда".

 

У гандлёвых аб'ектах РУП "Белсаюздрук" можна  набыць кнігі айчынных класікаў і сучасных беларускіх пісьменнікаў.