220030, г.Минск, ул. Володарского, 16 +375 17 365 46 94 для слабовидящих
БЕЛ РУС ENG
Працэс чытання і новыя тэхналогія.

Hyndai Motor Group выпусціў высокатэхналагічнага робата на базе штучнага інтэлекту для абслугоўвання кліентаў. Граніцу паміж Паўднёвай Карэяй і КНДР будуць абараняць робаты. У мексіканскіх штатах салдат атакавалі з дапамогай дронаў. Новы рэзідэнт «Вялікага каменя» будзе весці навуковыя распрацоўкі ў сферы беспілотнага транспарту. Хірургам Масквы асісціруюць робаты. Навіны пра ўсюдыісных электронных істот множацца ў геаметрычнай прагрэсіі. Мы няспынна рухаемся да штучнага інтэлекту штодзённа. Вось, напрыклад, Viber з дапамогай чат-бота прапануе знайсці суполкі, якія даспадобы кожнаму карыстальніку. Ва ўмовах вымушанай ізаляцыі пашырылася віртуальнае асяроддзе. Высокія тэхналогіі сталі яшчэ больш запатрабаванымі і выйшлі на новы ўзровень. Усё часцей інструментамі культурнай прасторы становяцца менавіта тэхналогіі. А кніга? Сціпла чакае на паліцах? Альбо ў самоце рыхтуецца да таго, калі яе канчаткова алічбуюць і «зальюць» у сетку, тым самым дадаўшы бонусаў электроннаму асяроддзю? Ці ўяўляецца бібліятэка будучыні без штучнага інтэлекту?

Робаты ўжо побач

Машыны, аснашчаныя штучным інтэлектам, немінуча набліжаюцца, іх прысутнасць на розных выстаўках, акцыях, прэзентацыях стала калі не навіной, то чаканай звычайнасцю. Аднак, пагадзіцеся, гэта ўсё яшчэ прыцягвае маладаступнай экзотыкай. Адчуць яе была магчымасць нядаўна на выстаўцы ТІБО-2021 «Інавацыі для светлай будучыні», што адбылася ў Мінску.

Цікавымі падаюцца сёння прома-робаты. Яны ўяўляюць сабой спалучэнне актыўнасці і інтэрактыўных тэхналогій. Самастойна рухацца па траекторыі, ідэнтыфікаваць людзей, іх пол, узрост, распачынаць дыялог, адказваць на пытанні — усё гэта пра іх — істот нежывых, але разумных. Яны працуюць у гандлёва-забаўляльных цэнтрах, кінатэатрах, аэрапортах, дзяржструктурах, на форумах, канферэнцыях і ў... бібліятэках. Так, так! Першыя робатыбібліятэкары Чук і Гек з’явіліся яшчэ ў 2010 годзе ў дзвюх маскоўскіх бібліятэках. Дзіўныя электронныя істоты прымаюць прачытаныя экзэмпляры кніг, скіроўваюць па кніжных стэлажах, даюць даведкі з дапамогай сэнсарнага экрана, убудаванага ў тулава, і адказваюць на пытанні наведвальнікаў. У 2012-м робат-бібліятэкар з’явіўся ў Татарстане, у 2015-м — у Сургутскай дзіцячай кніжніцы, у 2018-м — у Іванаўскай абласной бібліятэцы Расіі. Тое, што робат стварае імідж кніжніцы, павялічвае колькасць наведвальнікаў, не выклікае сумнення. Вядома, такая навацыя ўпрымаецца яшчэ як нешта дзіўнае. Але, бясспрэчна, працуе на карысць бібліятэцы. А яшчэ электронны сябар можа дапамагаць бібліятэкару — у аўтаномным рэжыме рухацца паміж кніжнымі стэлажамі, каб знайсці кнігі, пакінутыя не на сваіх месцах. Такі робат-сканер — плён распрацовак спецыялістаў навукова-тэхналагічнага інстытута А*Star. Яго тэсціравалі ў сінгапурскіх бібліятэках. Робат-сканер прыдатны ў рабоце таксама ў аптовых магазінах, на складах.

Напоўніцу робаты гаспадараць у Кітаі. У бібліятэцы ў правінцыі Цзянсі на ўсходзе Кітая наведвальнікі назіралі, як электронныя істоты... сварацца паміж сабой. Робаты-асістэнты Туту і Ванбаа дапамагаюць чытачам шукаць неабходныя кнігі. І вось адзін наведвальнік захацеў звярнуцца да робата з пытаннем і адсканаваў QR-код на яго маніторы, ды раптам з’явіўся іншы робат, які таксама захацеў даць кансультацыю наведвальніку. Так дзве машыны спрачаліся ў першынстве па дапамозе чалавеку.

Зусім нядаўна з’яўленне робата-бібліятэкара анансавалася ў нашай краіне-суседцы. Так, робат ад кампаніі «Промабот» пасяліўся ў Пскоўскай абласной універсальнай навуковай бібліятэцы. Абавязкі электроннага бібліятэчнага памочніка — кансультаваць наведвальнікаў па сэрвісах і паслугах кніжніцы, скіроўваць па залах. Распрацоўшчыкі плануюць удасканальваць робата, у прыватнасці, надзяліць яго функцыямі прыцягвання наведвальнікаў да кнігі. Ці не за гэтым вырашэнне праблемы нечытання? Можа, якраз за такімі спосабамі будучыня кнігі ў лічбавай рэальнасці? Уявіце: да вас падыходзіць робат і даводзіць пра карысць кнігі. Няўжо вы яму адмовіце альбо праігнаруеце? Прынамсі, зацікавіцеся: спачатку робатам, а потым тым, што ён прапаноўвае. Робат з кнігай — спалучэнне неспалучальнага? А можа, эфектыўны тандэм?

Рабатызацыя бібліятэк кардынальна зменіць іх аблічча і сутнасць. Аўтаматызаваная транспарціроўка кніг у Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі — першы крок у гэтым рэчышчы. Думаецца, святло на тэму праліе ХІ Міжнародная навукова-тэхнічная канферэнцыя «Адкрытыя семантычныя тэхналогіі праектавання інтэлектуальных сістэм (OSTIS-2021)», якая запланавана на 16—18 верасня ў Мінску.

3D-прынтар, 3D-сканер, робататэхнічныя наборы — усё гэта знойдзе месца ў бібліятэцы. Абсталяваная лабараторыя інавацыйнай творчасці — адзін са спосабаў ісці ў нагу з часам. Калі бібліятэка дасць магчымасць вырашаць вынаходніцкія задачы, абумоўленыя часам, яе статус павысіцца. Бо карыстальнік ідзе на новае, сучаснае. І калі гэтага няма ў бібліятэцы, ён пойдзе ў іншае месца. І знойдзе там яшчэ, напрыклад, акуляры віртуальнай рэальнасці, каб зрабіць магчымым немагчымае: наведаць аддаленыя куткі планеты, злётаць у космас. Так, тэхналогіі дазваляюць пашырыць межы. Верыцца, што бібліятэка новага пакалення не застанецца ўбаку.

Cам сабе прафайлер

Сучасны свет з незлічонымі інфармацыйнымі патокамі вымагае пастаянна фільтраваць іх па палюсах: праўда/хлусня. Найбольш эфектыўным інструментам па выўленні праўды і хлусні ў чалавеку лічыцца паліграф. Ды пры хуткім развіцці тэхналогій такую задачу возьме на сябе штучны інтэлект. А пакуль з гэтым няблага спраўляецца прафайлінг — навука бачыць больш, чым звычайныя людзі, па міміцы, жэстах, інтанацыі голасу, па невербальных сімвалах. Прафайлер — спецыяліст, які прагназуе намеры чалавека па яго паводзінах. Сур’ёзна прафайлінгам у нашай краіне пачалі займацца ў 2014 годзе, перад чемпіянатам свету па хакеі. Вочы, вусны, рукі, ногі, плечы — часткі цела, якія найлепш гавораць пра нас. Рух вачэй скажа: праўда ці хлусня. І вось нагода для разважання: зносіны з кнігай — ці не найлепшы прафайлінг? Чытанне як надзвычай тонкі, таемны працэс можа быць супастаўны з авалоданнем навукай прафайлінгу. Бо чалавек у зносінах з кнігай становіцца больш дасканалы, уважлівы, назіральны, а таму можа ўлоўліваць на першы погляд нязначныя, дробныя дэталі, але якія ўрэшце дапамогуць вызначыць сутнасць. Ён бачыць больш, чым іншыя, — прэрагатыва, здаецца, штучнага інтэлекту, але такую здольнасць дае паглыбленне ў кнігу — свет шчырасці, адкрыццяў, які перараджае. З дапамогай кнігі стаць звышчалавекам, чалавекам-рэнтгенам. І тады ці варта мерацца са штучным інтэлектам?

Незаменныя нейрасеткі

Падчас Усерасійскага бібліятэчнага кангрэса — 2021 адзначалі неабходнасць адаптацыі, павышэння ўзроўню паслуг у галіне ведаў: каб бібліятэкі больш актыўна выкарыстоўвалі новыя тэхналогіі — штучны інтэлект, нейронныя сеткі.

Нейронная сетка — адзін са спосабаў рэалізацыі штучнага інтэлекту. Нейрасетка мадэлюе работу чалавечай нервовай сістэмы, асаблівасць якой — здольнасць да саманавучання з улікам папярэдняга вопыту. Такім чынам, з кожным разам сістэма робіць усё менш памылак. Як і наша нервовая сістэма, нейрасетка складаецца з асобных вылічальных элементаў — нейронаў, размешчаных на некалькіх слаях. Даныя, якія трапляюць на ўваход нейрасеткі, праходзяць апрацоўку на кожным слоі. Нейрасеткі — адзін з найстарэйшых алгарытмаў машыннага навучання. Першая версія фармальнага нейрона, ячэйкі нейроннай сеткі, была прапанавана Уорэнам Мак-Калакам і Уолтэрам Пітсам у 1943 годзе. А ўжо ў 1958-м Фрэнк Розенблат распрацаваў першую нейронную сетку. Сёння яны ў актыўным ужытку: імгненна сталі папулярнымі праграмы, якія выкарыстоўваюць нейрасеткі для апрацоўкі фота і відэа. Штучны інтэлект займаецца творчасцю: музыка, напісаная нейрасеткай пад кампазітара-класіка Аляксандра Скрабіна, была выканана камерным аркестрам. Нейрасетка, створаная супрацоўнікамі Sony, натхнялася Бахам.

Японскі алгарытм стварыў кнігу «Дзень, калі Камп’ютар напісаў раман». Нейрасеткі таксама напісалі працяг да «Гары Потэра» і «Гульняў Прастолаў». Нейрасеткі могуць выкарыстоўвацца і для стварэння чат-ботаў, якія дазваляюць кліентам атрымліваць інфармацыю аб прадуктах кампаніі, гэта дапаможа зменшыць выдаткі на каманды кол-цэнтраў.

Карысны чат-бот

Са штучным інтэлектам мы сутыкаемся штодзённа. Як прыклад — чат-боты. Яны шырока выкарыстоўваюцца на сайтах для продажу тавараў і паслуг. Гэта і галасавыя памочнікі: Siri ад Apple, ОК Google, Аліса ад «Яндэкса». Ёсць меркаванне, што інтэрнэт-робаты могуць узяць на сябе функцыі маркетолагаў. Нядзіўна: чат-боты дазваляюць маркетолагам эфектыўна выкарыстоўваць час. Бот уяўляе сабой камп’ютарную праграму, якую настройваюць у адпаведнасці з патрэбнымі камандамі, і потым ён працуе самастойна. Такая сістэма функцыянуе больш хутка, прадукцыйна і дакладна, чым чалавек. З дапамогай чат-бота камунікацыя становіцца прасцейшай. Чат-бот у абліччы жывога чалавека, які адкажа на ўсе пытанні ў перапісцы, — сёння распаўсюджаная з’ява.

Такім чынам, штучнаму інтэлекту ёсць чым заняцца. А кнігай? Вядома! Кніжны сэрвіс «ЛитРес» запусціў рабатызаваную агучку твораў. Аўдыякнігу, агучаную штучным інтэлектам, можна бясплатна праслухаць пасля пакупкі электроннай версіі. Агучка «аўтачытальнікамі» заснавана на тэхналогіі распазнавання мовы SpeechKit — на ёй, дарэчы, працуе галасавы памочнік Аліса. Аўдыякнігі агучаны з дапамогай штучнага інтэлекту, які фарміруе мову з больш чым мільёна фанем, а інтанацыю задае нейрасетка. Робат таксама запамінае паўзы, адзначаныя рэдактарам у тэксце, і потым расстаўляе іх самастойна, каб далей пазбегнуць недасканаласці.

Няўлоўныя дроны

Hуndaі распрацавала беспілотны аўтамабіль-трансформер Tiger. Ён мае і калёсы, і «ногі». Таму ў залежнасці ад умоў паводзіць сябе і як машына з калёсамі, і як робат, які ідзе. Гэты дзівак можа выкарыстоўвацца для перавозкі грузаў там, дзе няпроста, а таксама на паверхні Месяца і іншых планет.

Кампанія General Motors паказала віртуальны прататып лятальных персанальных дронаў, якія плануецца выпускаць пад брэндам Cadillac. Дрон з магчымасцю вертыкальнага ўзлёту і пасадкі будзе паркавацца на спецыяльных пляцоўках дахаў дамоў. А на нядаўняй выстаўцы MILEX-2021 у Мінску прэзентавалі беспілотны верталёт Hunter, поўнасцю робат. Фантастыка становіцца рэальнасцю. І штучны інтэлект немінуча завалодае эпохай. Як з ім атрымаецца канкурыраваць кнізе, якая самадастатковая і даказала гэта на працягу стагоддзяў? Сёння ж часта не ўчытваюцца ў тэкст, а скануюць яго. Нядзіўна, гэта вынік рэальнасці са звышхуткімі тэмпамі, імгненнымі працэсамі, дзе адна хваля інфармацыі накрывае іншую. Сканавальны тып успрымання інфармацыі — быццам датчык, які счытвае, — прыкметы робата. Чытач сёння робіцца спажыўцом, які ўспрымае ўсё праз візуальны вобраз, адыходзячы ад разважанняў і паглыблення. Гэта няспынны шлях у іншае вымярэнне.

Будучыня як перазагрузка

У адкрытых крыніцах ёсць версія, як будзе выглядаць інавацыйная кніга.

Праект, распрацаваны ў ЗША, — «Кніга будучыні». У папяровую кнігу аўтары тэхналогіі ўманціруюць мноства датчыкаў, мікрачып, мініяцюрны праектар, а таксама дынамік. Гэта дазволіць пры перагортванні старонак адлюстроўваць дадатковы кантэнт, што дадае чытанню інтэрактыўнасці. З дынаміка — гук па тэме аповеду. Правобраз разумнай кнігі? Але ці не лішнія такія тэхналагічныя выкрутасы? Бо ўсё гэта можа зрабіць наша ўяўленне! Гэта натуральны працэс пры чытанні, калі актывуюцца вобразы, што малюе ўяўленне. У гэтым жа і смак чытання: без мноства інструментаў мы ў галаве глядзім сапраўдны фільм. І ўсё дзякуючы ўяўленню, якое дорыць кніга.

У сетцы знайшла меркаванне, што чытанне — працэс манатонны, ледзь не блізкі да сну. Асабліва пасля васьмігадзіннага рабочага дня, скардзіцца аўтар і фантазіруе: вось бы хутчэй вынайшлі тэхналогію ўлівання інфармацыі напрамую ў мозг. І тут жа прапаноўвае выйсце — тэхналогію «Шпрыц» — хуткачытанне для лянівых і стомленых. Праграма падзяляе тэкст на асобныя словы і хутка пракручвае перад вачыма чытача. Пасля невялікай трэніроўкі мозг вучыцца склейваць словы ў цэльны аповед на хуткасці 500—1000 слоў у мінуту, што ў 5—10 разоў вышэй, чым хуткасць чытання простага абывацеля. Чым не метады штучнага інтэлекту? Узаемадзеянне з ім непазбежнае. Пытанне — што стане з кнігай? Якая ёй наканавана іпастась? Чытанне папяровай кнігі стане прывілеяй інтэлігентаў, схільных да крытычнага мыслення, а чытаннесканаванне візуальных вобразаў новых медыя — патрэбай масавай культуры? Чытанне ператворыцца ў нешта элітарнае, што дазволіць пашыраць ракурс. Дазволіць стаць вышэй над часам, а не быць яго заложнікам, паглынаючы карцінкі з новых медыя. Кніга — як вяртанне да сябе, тое, што не падуладна пераменам. І на гэтым рынгу са штучным інтэлектам у яе перавага хай невідавочная, але трывалая. Каб спыніць час — вазьмі кнігу.

 

Інфармацыя падрыхтавана па матэрыялах "Звязда"

 

У гандлёвых аб'ектах РУП "Белсаюздрук" можна набыць кнігі беларускіх і замежных пісьменнікаў.