220030, г.Минск, ул. Володарского, 16 +375 17 365 46 94 для слабовидящих
БЕЛ РУС ENG
Беларускі паэт ХІХ стагоддзя.

6 ліпеня 1851 года нарадзіўся Беларускі паэт Янка Лучына.

Янка Лучына — гэта адзін з псеўданімаў Івана Люцыянавіча Неслухоўскага. Ім паэт падпісваў толькі творы на беларускай мове. Псеўданім быў узяты ад страчанай часткі прозвішча продкаў - Лучыўка.

Іван Неслухоўскі (Янка Лучына) нарадзіўся ў Мінску і паходзіў са шляхецкага роду Лучыўка-Неслухоўскіх.

Бацька будучага паэта, Люцыян Юр'евіч, быў столаначальнікам у Мінскай палаце цывільнага суда, дзе пазней, атрымаўшы чын калежскага асэсара, стаў сакратаром. I хоць шляхецтва роду Неслухоўскіх было старадаўняе (продак паэта Пшэбыслаў Дамброва праславіўся ў XIII ст. у бітве з татара-манголамі), сенат зацвердзіў іх «у шляхецкай годнасці» не адразу, а праз паўторнае прадстаўленне, у 1838 годзе.

Выхоўваўся Янка Лучына ў прыватным пансіёне настаўніка Ціля, адкуль дзяцей дазвалялася забіраць толькі ў нядзелю і на святы. У 14-гадовым узросце быў прыняты ў Мінскую класічную гімназію, адразу ў 3 клас. Вучыўся паспяхова і на пачатку наступнага года быў узнагароджаны пахвальным лістом.

У 1870 годзе Іван Неслухоўскі завяршыў навучанне ў гімназіі і паступіў на матэматычны факультэт Пецярбургскага ўніверсітэта. Да мая 1871 года ён старанна наведваў лекцыі, аднак потым нечакана папрасіў у рэктара дазволу на адпачынак і з’ехаў дадому. Юнак зразумеў, што матэматыка не прываблівае яго. У тым самым годзе ён паступіў у Пецярбургскі тэхналагічны інстытут, на механічнае аддзяленне, а ў 1877-м — стаў дыпламаваным інжынерам.

Спачатку ён наведваў заняткі як вольнаслухач, а праз год быў унесены ў спіс пастаянных студэнтаў. На канікулы ён прыязджаў звычайна да бацькоў — у Мінск і ў Мархачоўшчыну пад Стоўбцамі. Выязджаў і ў Варонеж, дзе год служыў на чыгунцы, перапыніўшы дзеля гэтага вучобу. У верасні 1877 рашэнне вучэбнага камітэта Тэхналагічнага інстытута аб прысваенні І. Неслухоўскаму ступені інжынера-тэхнолага было зацверджана таварышам міністра фінансаў, і малады спецыяліст, падаўшы заяву з просьбай выслаць дыплом у Мінск на імя бацькі, неадкладна пакінуў Пецярбург.

Пасля інстытута Янку Лучыну накіравалі служыць на чыгуначныя склады ў горад Тыфліс — тагачасны буйны прамысловы цэнтр Расійскай імперыі. Праз два гады Іван Неслухоўскі прыехаў на пабыўку ў Мінск, дзе захварэў на параліч. У Тыфліс ён не вярнуўся і ўладкаваўся на службу ў мінскае тэхнічнае бюро Лібава-Роменскай чыгункі.

Янка Лучына пісаў на польскай, рускай, беларускай мовах. Выступаў у розных жанрах.

Першы нумар новай газеты «Минский листок» за 1886 год было яму даручана адкрыць вітальна-рэкламным вершам «Не ради славы иль расчета».

У тым жа 1886 годзе ў варшаўскім часопісе «Kłosy» быў надрукаваны і першы польскамоўны верш Яна Неслухоўскага «Раскоша натхнення», у якім паэт прызнаваўся ў любові да роднага краю, яго прыроды.

А літаральна праз год паэт ужо стварыў верш на беларускай мове. Нагодай паслужыў прыезд у Мінск на гастролі першай украінскай прафесійнай трупы на чале з вядомым пісьменнікам і рэжысёрам Міхайлам Старыцкім. У вершы «Усёй трупе дабрадзея Старыцкага вітальнае слова» ён з радасцю ўсклікнуў: «Ой! Не забыта роднага слова святая сіла!..» і ўпершыню падпісаўся псеўданімам, з якім увайшоў у гісторыю літаратуры:

"Яе ж паслышыць наша старонка!

Спявайце ж, Братцы, смела і звонка:

Не згіне песня і Украіна!

Будзьце здаровы!

Янка Лучына"

Свае першыя беларускія творы Янка Лучына не публікаваў. Як беларускі паэт ён дэбютаваў у друку ў 1889 годзе, калі змясціў у газеце «Минский листок» верш «Вясновай парой», паклаўшы тым самым пачатак вяртанню беларускай літаратуры да друкаванага жыцця, перарванага пасля паражэння паўстання 1863 года царскімі рэпрэсіямі на чвэрць стагоддзя.

У 1892 годзе быў надрукаваны верш Янкі Лучыны «Роднай старонцы», якому было наканавана надзвычай моцна паўплываць на беларускі літаратурны працэс. Гэты верш разбіралі на эпіграфы і цытаты навукоўцы і пісьменнікі (Яўхім Карскі, Ядвігін Ш., Максім Багдановіч), з тэксту верша нарадзіліся назвы першых беларускіх газет «Наша ніва» і «Наша доля»: «Сонца навукі скрозь хмары цёмныя // Прагляне ясна над нашай ніваю, // I будуць жыці дзеткі патомныя // Добраю доляй — доляй шчасліваю!..»

Беларускамоўная творчасць Янкі Лучыны, якая дайшла да нас, колькасна нешматлікая: 14 арыгінальных вершаў («Вясновай парой», «Вясна», «Сівер», «Што птушкі казалі», «Каршун», «Што думае Янка, везучы дровы ў горад», «Стары ляснік» і інш.) і пяць перакладаў на беларускую мову твораў свайго аднадумцы і творчага настаўніка Уладзіслава Сыракомлі («Ямшчык», «Горсць пшаніцы», «Бусел», «Надта салодкія думкі», «Не я пяю — народ Божы…»). Вядома, што паэт напісаў па-беларуску нашмат больш (у прыватнасці, паэмы «Пятруся», «Віялета», «Гануся», «Андрэй»).

Тэматычна паэія Янкі Лучыны звязаная пераважна з жыццём беларускай вёскі. Ён па-мастацку асэнсаваў рэчаіснасць, сцвярджаў дэмакратычныя ідэалы. Працягваючы традыцыі У. Сыракомлі, паэт засяроджваў увагу на малюнках вясковага жыцця і на вобразе селяніна як галоўнага носьбіта беларускай нацыянальнай ментальнасці, развіваў узаемадзеянне рэалістычнага і рамантычнага пачаткаў у сваёй творчасці, закладваў асновы беларускай філасофскай лірыкі.

Ён аўтар нарыса «З крывавых дзён» (1889), напісанага паводле ўспамінаў удзельніка паўстання 1863-64 і прысвечанага ўзнаўленню эпізодаў, карцін вызваленчай барацьбы на Міншчыне і паходу паўстанцаў ад Мінска ў Ігуменскі павет пад кіраўніцтвам Б. Свентаржэцкага і С. Ляскоўскага. Збярогся таксама яго драматычны абразок без назвы.

Янка Лучына таксама  перакладаў: з польскай мовы на беларускую (У. Сыракомля) і рускую (У. Сыракомля, А. Аснык), з рускай на польскую (І. Крылоў, М. Някрасаў, В. Чуміна-Міхайлава і інш.), з нямецкай (Г. Гейнэ), старажытнагрэчаскай (Гамер).

Да нашага часу дайшла толькі частка беларускамоўных і польскамоўных твораў. У час 1-й сусветнай вайны рукапісная спадчына Янкі Лучыны трапіла за мяжу.

На польскай мове выдадзена кніга вершаў Я. Лучыны «Паэтычныя творы» (Варшава, 1898), таксама некалькі вершаў уключана ў польскамоўны зборнік «Вершы» (1898), на рускай мове апублікавана некалькі вершаў і аповесць «Верочка» (1900), у Пецярбургу на беларускай — зборнік «Вязанка» (1903, падрыхтаваны да друку суполкай «Круг беларускай народнай прасветы і культуры»).

Пры жыцці Івана Неслухоўскага выйшаў толькі нарыс «З крывавых дзён». Выдання польскамоўных твораў у зборніку «Паэзія» ён так і не дачакаўся. 16 ліпеня 1897 года Янка Лучына памёр, пакінуўшы неўпарадкаваны архіў, у тым ліку з беларускімі вершамі. Пахаваны ён на Кальварыйскіх могілках у Мінску.

 

У гандлёвых аб'ектах РУП "Белсаюздрук" можна набыць кнігі айчынных класікаў і сучасных беларускіх пісьменнікаў.