220030, г.Минск, ул. Володарского, 16 +375 17 365 46 94 для слабовидящих
БЕЛ РУС ENG
На радзіме класіка.

Карані роду вялікага рускага пісьменніка Фёдара Міхайлавіча Дастаеўскага — у Дастоеве Іванаўскага раёна. Больш за 500 гадоў таму пінскі князь выдаў грамату на валоданне некалькімі вёскамі на Іванаўшчыне баярыну Данілу Рцішчаву. Апошні ўзвёў свой маёнтак у сяле Дастоева. А старэйшаму сыну даў двайное прозвішча Рцішчаў-Дастаеўскі ў гонар паселішча. Такім чынам, Дастаеўскі абавязаны Дастоеву прозвішчам, а Дастоева абавязана пісьменніку сваёй вядомасцю.

Сам класік ніколі не быў у гэтых мясцінах, а вось яго нашчадкі зацікавіліся радзімай продкаў. І паспрыяў такім сустрэчам літаратурна-краязнаўчы музей, які функцыянуе ў школе амаль тры дзесяцігоддзі. Вясной 2007 года ў вёску з С.-Пецярбурга прыязджаў праўнук пісьменніка Дзмітрый Дастаеўскі. Ён перадаў музею цэлы шэраг каштоўных экспанатаў.

Перад святкаваннем 190-годдзя Фёдара Дастаеўскага дзесяць гадоў таму ў музеі была абноўлена экспазіцыя, значна павялічылася плошча музея. Тады ж Еўразійская эканамічная супольнасць перадала школе поўны збор твораў класіка ў 20 тамах. Сёлета ў лістападзе будзе адзначацца 200-годдзе з дня нараджэння знакамітага пісьменніка. І ў Дастоеве актыўна рыхтуюцца да гэтай падзеі.

Як паведаміў старшыня Моладаўскага сельскага Савета Сяргей ГРАБАР, работы па добраўпарадкаванні і паляпшэнні знешняга выгляду населенага пункта вядуцца з вясны. Неўзабаве ў вёсцы адкрыецца кафэ, дзе зможа падсілкавацца любы госць, турыст, падарожнік. Рамонтам і мадэрнізацыяй памяшкання пад пункт грамадскага харчавання займаецца ААТ «Дастоеўскае».

Яго дырэктар Вадзім ПЕРНАЧ расказаў, што будынак пад кафэ на баланс гаспадаркі перадало райспажыўтаварыства. Некалі тут быў магазін, потым яго закрылі. А сельгаспрадпрыемства ўзялося за свае сродкі надаць памяшканню новае жыццё. Першых наведвальнікаў, як чакаецца, кафэ прыме ўжо гэтай восенню.

Цэлы памятны комплекс вымалёўваецца на ўездзе ў вёску. Нядаўна ўстанавілі новы паклонны крыж. Тут жа ўзводзіцца невялікая каплічка з іконай Мікалая Цудатворца. А яшчэ вельмі хутка будзе ўстаноўлены памятны знак са словамі Фёдара Дастаеўскага «Жыццё — дар. Жыццё — шчасце».

— Да ўсяго названага патрэбна пляцоўка з сучасным знешнім выглядам і адпаведным добраўпарадкаваннем. Уладкаваннем яе цяпер і займаюцца нашы рабочыя, — расказаў далей Вадзім Пернач. — Яшчэ вядзецца работа па добраўпарадкаванні парку. Тут неўзабаве з'явяцца ліхтары для асвятлення. Для ўпрыгажэння рыхтуюцца новыя архітэктурныя формы, будуць высаджаны дэкаратыўныя дрэвы і кустарнікі.

Пад кіраўніцтвам старасты вёскі Галіны Бутрым вясковая грамадскасць рыхтуецца адзначыць юбілей вялікага земляка. Вяскоўцы наводзяць парадак у дварах і абапал іх, уладкоўваюць кветнікі і клумбы.

Ну і, вядома, школа, якая носіць імя пісьменніка, рыхтуецца да знакавай даты. Летась у школе з'явіўся прэс-цэнтр. На яго базе запланаваны абласны семінар краязнаўцаў, пройдзе і семінар для настаўнікаў. Музей ужо сёлета стаў арганізатарам раённага конкурсу чытальнікаў і раённай віктарыны «Па мясцінах Дастаеўскага».

— Прэс-цэнтр — гэта, хутчэй, умоўная назва вялікай канферэнц-залы, дзе можна правесці любое мерапрыемства, — расказала загадчык аддзела культуры Іванаўскага райвыканкама Валянціна БАРАДЗІНЧЫК. — Асноўным мерапрыемствам святкавання 200-гадовага юбілею класіка стане навукова-практычная канферэнцыя па спадчыне пісьменніка, якая запланавана ў лістападзе ў Дастоева. Згоду на ўдзел у ёй пацвердзілі многія беларускія і расійскія навукоўцы і літаратары. Днямі пройдзе пасяджэнне аргкамітэта па названым мерапрыемстве, будуць вызначаны асноўныя кірункі падрыхтоўкі канферэнцыі. Зараз за кошт раённага бюджэту ідзе абнаўленне будынка школы, дзе размяшчаецца музей Дастаеўскага і названы прэс-цэнтр, — удакладніла Валянціна Андрэеўна. — Вядзецца рамонт даху, абнаўляюцца пэўныя камунікацыі, ва ўсю моц ідзе касметычны рамонт памяшканняў.

Яшчэ суразмоўніца падкрэсліла, што Дастаеўскага памятаюць на Іванаўшчыне, і адзнака яго юбілею не абмяжуецца лістападаўскім мерапрыемствам. Бібліятэкі, іншыя ўстановы культуры, школы праводзяць памятныя імпрэзы з пачатку гэтага года. А яшчэ на Іванаўшчыне жыве надзея, што некалі падобнае святкаванне адбудзецца на адноўленай сядзібе Дастаеўскіх. Цяпер на тым месцы знаходзіцца толькі памятны знак. А помнік класіку рускай літаратуры стаіць у самым цэнтры вёскі з 1995 года.

Інфармацыя падрыхтавана па матэрыялах "Звязда".

 

У гандлёвых аб'ектах РУП "Белсаюздрук" можна набыць кнігі беларускіх і замежных пісьменнікаў на беларускай і рускай мове.