«Сустрэча з пісьменнікам, або Як зрабіць урок чытання любімым» – кніга, падобнай да якой у Беларусі яшчэ не было. Яна нарадзілася з унікальнага праекта, які здзяйсняе на працягу некалькіх гадоў педагог, метадыст, выкладчык ВНУ Ірына Буторына. Разам са студэнтамі – будучымі настаўнікамі пачатковых класаў – яна праводзіць у школах урокі літаратурнага чытання, на якія запрашаюцца беларускія пісьменнікі. На пытанні, якія найчасцей задаюць на такіх сустрэчах дзеці, адказвалі ў сваіх эсэ сучасныя дзіцячыя пісьменнікі – Уладзімір Ліпскі, Раіса Баравікова, Уладзімір Ягоўдзік, Алена Васілевіч, Ніна Галіноўская, Наталля Бучынская, Кацярына Хадасевіч-Лісавая, Надзея Ясмінска… усяго дваццаць чатыры творцы! Атрымаліся цудоўныя аўтабіяграфічныя эсэ – падарожжы кожнага ў пару свайго маленства, сталення, супольная вандроўка з чытачом па дарогах жыцця. Выдатны матэрыял, з дапамогай якога лягчэй знаёміць дзяцей са светам беларускай дзіцячай літаратуры – бо апроч мастацкіх тэкстаў, як паказвала практыка праекта, юным чытачам надзвычай цікава знаёмства з асобамі творцаў. Такім чынам, гэта кніга аўтабіяграфічных эсэ, створаных беларускімі дзіцячымі пісьменнікамі на запыт сваіх адрасатаў – юных чытачоў.
У кнізе таксама ёсць хрэстаматыйны складальнік – мастацкія тэксты кожнага аўтара. Выданне аздоблена партрэтамі пісьменнікаў, іх аўтографамі, у афармленні выкарыстаны вокладкі асноўных кніг творцаў, а перайшоўшы па QR-коду, можна пазнаёміцца са спісам кніг для дзяцей кожнага аўтара і паглядзець відэафільмы пра дванаццаць пісьменнікаў.
Кніга адрасавана найперш педагогам і бібліятэкарам, але яна зацікавіць і шырокае кола чытачоў, бо складаецца з матэрыяла ўнікальнага, эксклюзіўнага і вельмі неабходнага. Яна будзе выдатным памочнікам у арганізацыі і правядзенні як цікавых урокаў літаратурнага чытання, так і заняткаў і сустрэч у бібліятэцы.
Выданне мае цудоўна распрацаваныя метадычныя парады, якія вылучае творчы падыход да справы і любоў да дзіцячай кнігі.
Аўтары гэтай кнігі спадзяюцца, што першае выданне «Сустрэчы з пісьменнікам…» стане і першым крокам да стварэння шэрагу аналагічных кніг, бо беларуская дзіцячая літаратура вельмі багата на цудоўных пісьменнікаў і выдатныя творы.
Інфармацыя падрыхтавана па матэрыялах Выдавецтва "Беларуская Энцыклапедыя імя П.Броўкі".
У гандлёвых аб'ектах РУП "Белсаюздрук" можна набыць кнігі для дзяцей беларускіх і замежных пісьменнікаў на беларускай і рускай мове.