Паэзія Заходняй Беларусі, створаная ў так званы міжваенны перыяд, да дня ўз’яднання 17 верасня 1939 года, налічвае шмат гучных імёнаў і бліскучых твораў... Тое, што пісаць у той час па-беларуску было небяспечным і з друкаваннем меліся праблемы, дадавала вершам змагарскага запалу. Чалавек, які абіраў сабе пакручасты шлях беларускага паэта, мусіў мець не толькі талент, але і мужнасць. Давайце ўспомнім некаторыя цікавыя творы тае пары і вартыя ўвагі імёны.
1. Спатканне з бацькам
15 сакавіка 1936 года. Віленскі ўніверсітэт, вечарына беларускай паэзіі. Выступае нядаўні палітвязень, малады Яўген Скурко, які публікуецца пад гучным псеўданімам Максім Танк. Ён чытае верш «Спатканне». У адной з беларускіх газет так напісалі пра гэта: «Балючая сапраўднасць і суровы рэалізм яго твораў, як „Спатканне“, „Да дня“ і „Першы акт“, ускалыхнулі залу, выклікалі водгалас ва ўсіх, запальвалі сэрцы моладзі. Рады думаючай моладзі, якая летуціць аб вялікіх грамадскіх зменах, якая душыцца ў кляшчах эканамічнага і культурнага крызісу, на вечары беларускай паэзіі і песні глыбока адчулі ўсю новую красу змагання...»
Менавіта тады захопленыя гледачы ўзнялі паэта на руках... Танк пасля са смехам згадваў, што ўсе думкі былі толькі пра адно: каб вытрымалі ягоныя старыя штаны, не парваліся.
Сюжэт верша «Спатканне» не мог не ўскалыхнуць: да маладога вязня прыходзіць у турму на спатканне ягоны бацька-селянін... Верш Танк напісаў з натуры, пра сваё знаходжаннепрабыванне ў Лукішках, Віленскай турме, куды трапіў як удзельнік беларускага камуністычнага падполля.
Aрыштоўвалі Максіма Танка не раз... Сведкі расказвалі, як жандары вывалаклі яго з хаты на двор, білі прыкладамі на вачах родных, а потым прывязалі вяроўкай да фурманкі і пагналі коней... Маці крычала ўслед: «Паночкі, пусціце яго! Ён нічога благога не рабіў!» Бегла, пакуль не ўпала... А бацька... Не прасіў, але ясна, што душа рвалася...
Бацькам паэта давялося пабачыць, як іх сын стаў вядомым і ўплывовым. Але з роднага хутара Пількаўшчына з’язджаць нізавошта не хацелі, хаця там доўга нават электрычнасці не было. Бацька, Іван Хведаравіч, і дом сам ставіў, і ўсё ўмеў рабіць: ад развядзення пчол да пашыву ботаў... Уладзімір Калеснік, які вывучаў творчасць Максіма Танка, так пісаў пра верш «Спатканне»: «Бацька і сын, сустрэўшыся родзічамі, расстаюцца аднадумцамі. Такая ідэя верша. Вось чаму, на нашу думку, паэт зрабіў няправільна, замяніўшы ў апошняй рэдакцыі слова „Стары, я бачу, верыць мне“ на „Стары, я знаю, верыць мне“... Хаця пазней паэт напісаў і мацнейшыя вершы, чым „Спатканне“, але ніводзін з іх, бадай, не зрабіў такога ўражання на чытача. Гэты прагучаў нечакана, як першы веснавы гром».
Спатканне
— Ну што ж, кажы, што ў вас
чуваць? —
Пачаў стары пра сенажаць,
Успомніў жыта і авёс...
А вочы... мокрыя ад слёз...
А потым я загаварыў:
— Нічога, год я перажыў.
Ды не адзін — сядзіць нас
шмат, —
Прывыклі трохі і да крат...
Ну, як там мама і сястра?
Пара ўжо на зіму араць.
І як там кратаецца дзед?
Ім занясі ад нас прывет!
— Нічога, мы-то жыць жывём, —
Вось ты тут сохнеш за муром...
Я ў торбе сухароў прынёс, —
А вочы мокрыя ад слёз...
— Не плач! Мы вернемся вясной
І ў поле выйдзем грамадой,
Cустрэнем новы ўсход зары, —
Не плач і не бядуй, стары!
Вясною светлаю з-за крат
З сяўнёю, поўнаю зярнят,
Нас выйдзе шмат, як цёмны бор,
На скібы чорныя разор...
Стары, я знаю, верыць мне
І сам гаворыць аб вясне,
Здаецца, падужэў, падрос,
Хоць вочы мокрыя ад слёз
1936
2. Запісанае ў памяці
Яшчэ адзін выдатны беларускі паэт тае пары таксама адседзеў у польскіх турмах. Валянцін Таўлай, сын чыгуначніка, быў выключаны са Слонімскай настаўніцкай семінарыі за адмову запісацца палякам. Дарэчы, той жа ўчынак зрабіў і ягоны бацька, за што ў таго адабралі казённую кватэру. У вёсцы Рудаўка бацька Таўлая з ягонай мачыхай арганізавалі гурток Беларускай сялянска-рабочай грамады. Так што тут аднадумства бацькі і сына было відавочным.
Валянцін павучыўся і папрацаваў некалькі гадоў у БССР, зноў быў накіраваны на падпольную работу ў Заходнюю Беларусь. Яго чарговы раз арыштавалі ў 1934-м, калі спрабаваў перайсці польска-савецкую мяжу. Асудзілі на восем гадоў. У яго шмат вершаў, напісаных у зняволенні. Прычым пісаў у асноўным у галаве, а пасля, як сам казаў, вершы даводзілася «вытрасаць з памяці». Твор, які мы прачытаем, адметны і тым, што там ёсць радок, які стаў крылатым: «пілую вершам краты».
Лукішскія вершы
Калі наспее ў сэрцы гром
І задрыжаць Лукішкі, —
Пішу я вершы не пяром,
Не ў запісную кніжку.
Тут і агрызак алаўка,
Недатыкальней табу,
А знойдуць — аднаго чакай:
За ўсё адкажуць скабы!..
Але нашто душой крывіць?
Знайсці — не іх рукамі:
Я верш пад ззянне бліскавіц
Запісваю у памяць.
Няхай вісіць загад-пятля
І суліць карцэр, голад...
Спалі маланка вас датла,
Халодныя назолы!
Я сам і пасядзець магу,
А вершам — часу шкода:
Шумець ім трэба на сцягу
І калыхаць паходы.
Глядзі ў ваўчок як дзень, так
ноч, —
Не ўбачыш, чорт зіркаты,
Што я заўзята і даўно
Пілую вершам краты.
Вільня, Лукішкі, 1935 г.
3. З’яўленне Чорнага Госця
30 снежня 1938 года газета «Шлях моладзі» змясціла на першай старонцы артыкул «Дзесяцігоддзе літаратурнай творчасці Міхася Машары» і партрэт юбіляра.
У артыкуле гаворыцца: «Шырока ведамы, папулярны паэт, наш супрацоўнік Міхась Машара, дзесяць год таму седзячы ў астрозе, у Вільні на Лукішках, у сувязі із справай „Грамады“, глыбока думаў над сабой, над жыццём, над акружаючым светам, над лёсам беларускага народу, і тут пазнаў сябе як паэта, выкрыў у сабе літаратурныя здольнасці».
Машару называюць «самым плённым паэтам Заходняй Беларусі» — пісаў шмат, у тым ліку паэмы. Між тым сёння яго паэзія гучыць нячаста. Вершы яго адсунула ў цень яшчэ і тое, што аўтар пасля 1939-га пераключыўся на прозу.
Яшчэ васямнаццацігадовым Машара ўдзельнічаў як баец Чырвонай Арміі ў савецка-польскай вайне 1920 года, трапіў у палон, быў зняволены ў Саксоніі, пасля Рыжскага дагавора інтэрніраваны ў Польшчу. Восем месяцаў правёў у прафілактычным лагеры «Шчыпёрна»... Пасля вызвалення актыўна падключыўся да падпольнай барацьбы. Сястра яго ўспамінала: «Помню, яшчэ маленькай была. Трэба было ў армію ісці, у польскую. І ён так: «Не пайду служыць палякам!» А пасля зняволення ў Лукішках «Дамоў прыехаў такі страшны, худы. Колькі мама плакала. Ну і што? А пісаць ён усё пісаў, пісаў. Прыехалі з Варшавы начальнікі, яму надта абяцалі там добрае жыццё. Каб ён паехаў у Варшаву і пісаў па-польску. Ну ён адказаўся ад гэтага жыцця».
Распавялі сваякі і сумную гісторыю, як каханая дзяўчына не дачакалася Машару з турмы, выйшла замуж за паліцэйскага і з’ехала ў Польшчу. Затое іншая жанчына яго нечакана падтрымала... У Лукішках малады вязень перапісваўся з паэткай Зоськай Верас, яна ж Людвіка Войцік, якая працавала ў беларускіх газетах і апекавалася вязнямі. Дасылаў ёй вершы. Зоська Верас праніклася, адрэдагавала тыя вершы і на свае грошы выдала Міхасю Машару кніжачку «Малюнкі».
У спадчыне Машары шмат вершаў-заклікаў, а таксама апісанняў вёскі, то з замілаваннем яе прыродай, то са скрухай ад яе беднасці... Верш «Чорны Госць», напісаны ў 1933 годзе, безумоўна, нагадае нам Ясенінскага «Чорнага Чалавека», але Машара «прыватны містыцызм» пераўтварае ў сацыяльны.
Чорны Госць
Ветры, ветры дзьмуць паволі,
Завявае вёску снег.
Госць нязнаны ноччу з поля
Падышоў да шэрых стрэх.
Стаў над вёскай і з пагрозай
Распусціў над ёй крыло.
Цёмнай ночкаю з марозам
Заглядае праз акно.
Хаты к вербам у трывозе
Прытуліліся, маўчаць.
— Працы! Працы! — па дарозе
Галасы чыесь чуваць.
Цяжка... нудна.. Страшна стала...
Там ратунку просіць хтось:
— Хлеба дайце! Хлеба мала!
Душыць вёску Чорны Госць.
1933 г.
4. Чаканне асеннім вечарам
Ну і як абысціся без жаночых імёнаў? Адна з паэтак Заходняй Беларусі, Ніна Тарас, якая нарадзілася ў вёсцы Заполле на Навагрудчыне, свой першы верш «Пастушка» напісала па-польску — нядзіўна, бо вучылася тады ў трэцім класе местачковай польскай школы... Але перайшла ў творчасці на беларускую, а ў жыцці далучылася да вызвольнага беларускага руху. Паступіць ва ўніверсітэт перашкодзіла ўзмацненне рэпрэсій — польскія ўлады арыштоўвалі ўдзельнікаў падполля, і Ніна пераехала з Вільні ў родную вёску. У 1938-м выйшла замуж...
Ёй суджана было пражыць доўгае жыццё, дзевяноста гадоў. Пабывала партызанскай сувязной, дэпутатам, скончыла Вышэйшыя літаратурныя курсы ў Маскве. Верш «Асенні вечар» напісаны ў 1937 годзе. Так і ўяўляецца Вільня, маладая дзяўчына, якая трывожна чакае каханага...
Асенні вечар
Выйду на вуліцу — ціха ўдалі,
Месяц плыве за ракою...
Толькі на сэрцы штось ные,
баліць,
Штось не дае мне спакою.
Вечар праходзіць... Да позніх
гадзін
З ветрам праносяцца хмары...
Можа, і ты дзесь далёка, адзін,
Блудзіш цяпер па бульвары?
І шалясціць пад нагамі лісцё
Восені шумным прыбоем...
Думаеш, ад успамінаў уцёк,
А яны — ўслед за табою.
Здасца, пачуеш знаёмы крок,
Слухаеш, зачараваны...
Не, гэта падаюць проста у змрок
Спелыя з дрэва каштаны.
Стукне, пакоціцца... Ціха ізноў,
Зноў ты ідзеш асцярожна...
А можа, недзе пад звон кайданоў
Крочыш да брамы астрожнай?
Мо пачынае цябе катаваць
Дзесь паліцэйская зграя?
Як жа тады мне цябе ратаваць?
Дзе ты — не знаю, не знаю...
Так і не знаю. А сэрца баліць
І не дае супакою...
Месяц спакойна адзін удалі
Ціха плыве за ракою.
То серабро на ваду разалье,
То за хмурынку знікае...
Выскачыць раптам і мчыцца
далей,
Мчыцца, бяжыць, адплывае.
1937 г.
5. Дзень, які курыць папяроску
Але не было больш папулярнага паэта ў Заходняй Беларусі, чым Міхась Васілёк, ён жа — Міхась Касцевіч з вёскі Баброўня. Дзеля яго публікацый сяляне ў складчыну выпісвалі беларускія часопісы і газеты, вывучалі яго вершы на памяць, збіраліся старыя і маладыя на вячоркі, каб пачытаць тыя вершы ўголас.
За ўдзел у рэвалюцыйным руху, арганізацыю гурткоў Таварыства беларускай школы Міхась таксама неаднаразова быў арыштаваны, пасаджаны ў турму. У яго шмат «змагарскіх вершаў», якія заклікаюць да барацьбы. Сяляне дужа любілі ягоныя сатырычныя, «народніцкія» вершы — «Як я пана перавёз», «Гарэлка»... А мы з вамі перачытаем верш Міхася Васілька «Наш дзень», надрукаваны ў альманаху «Маладая Беларусь», які выйшаў у Вільні ў 1936 годзе. Гэты твор заўважна адрозніваецца ад тых, што звычайна ўспамінаюць, калі чуюць імя Міхася Васілька. Верш на той час эксперыментатарскі, адчуваецца ўплыў Маякоўскага.... У Савецкай Беларусі «аглабельныя крытыкі» раскрытыкавалі б за «дзень, які закурыў папяроску»... «Узвышаўцы», напэўна, пахвалілі б... Каб іх аб’яднанне на той час не было ліквідавана. Праўда, фінал усё адно прывязаны да тэмы народнай галечы і змагання.
Наш дзень
Шчэрыць сонца зубы над
вёскаю —
Пакаціўшыся
Цёплым смехам
Руні цалуе палоскі —
Ліжа салому стрэхаў...
Дымам
З крывых каміноў
Дзень закурыў папяроску.
Далёка —далёка —
На сінюю пашу ў неба
Хмаркі — белыя лебедзі —
Выгнаў.
Прыгожа над рэчкай
Загойдаў галлём вербалозу.
Чупрыны задорна раскудрыў
Кляноў — бярозаў —
Парадак завёў
Як трэба.
Развесіў над вёскаю вушы
І кісла скрывіўся,
Пачуўшы,
Хлеба —
Хлеба — хлеба...
1936 г.
Інфармацыя падрыхтавана па матэрыялах Звязда
У гандлёвых аб'ектах РУП "Белсаюздрук" можна набыць кнігі айчынных класікаў і сучасных беларускіх пісьменнікаў.