Раней наш прадавец працаваў выкладчыкам у адной з сельскіх школ Полаччыны. Пасля службы ў арміі пераехаў у Мінск, дзе з цягам часу пабудаваў сваё далейшае жыццё - сям'ю і дом.
Юнаком прайшоў курсы па падрыхтоўцы кіроўцаў тралейбуса, пасля ўладкаваўся ў філіял «Тралейбусны парк №2» УП «Мінскгарэлектратранс», а праз 30 гадоў адданай працы з пасажырамі перайшоў у РУП «Белсаюздрук», дзе дагэтуль працуе ўжо з пакупнікамі.
Як кажа Сяргей Мікалаевіч, у Чыжоўцы яго шмат хто ведае - жыхары мікрараёну, выкладчыкі суседніх навучальных устаноў і былыя калегі з «Мінсктрансу», шмат з якіх раней вучыў асновам кіравання "рагатай" тэхнікай.
Спачатку пры знаёмстве з прадаўцом ў некаторых пакупнікоў узнікаў кагнэтыўны дысананс, маўляў, мужчына-кіёскер ды яшчэ добра валодае "матчынай" мовай. Потым звыкліся. Хтосьці нават сам няўзнак стаў пераходзіць з ім на мілагучную. Час ад часу людзі спыняюцца каля кіёска, каб паразмаўляць з прадаўцом, даведацца пра апошнія навіны, набыць газетку або часопіс.
Паўсядзённая звычка прадаўца сама сабой ператварылася у "фішку" и мясцовую славутасць, якая дапамагае павялічваць выручку ад рэалізацыі перыядычных выданняў і тавараў народнага спажывання.
Нашаму герою вельмі падабаецца працаваць з людзьмі. Адчуванне запатрабаванасці дае энергію і жыццёвую радасць. Работнік найбуйнейшага распаўсюджвальніка друкаванай прэсы краіны падзяліўся, што падчас змены існуе тры перыяда масавага наплыву пакупнікоў - з 7:00 да 9:00 (калі гараджане едуць на працу і вучобу), з 13:00 да 14:00 (у абедзены перапынак) і з 17:00 да 18:00 (вяртанне людзей дадому).
Калі зачыняецца змена і апускаецца ралета, на душы ў Сяргея Мікалаевіча становіцца неяк сумна, але думкі пра тое, што наперадзе новы дзень, надаюць натхнення і ўпэўненасці у тым, што заўтра ўсё працягнецца, а любімыя пакупнікі будуць чакаць адкрыцця кропкі з даўнім знаёмым.
Заходзьце ў кіёск №25 на вуліцы Галадзеда, 13А, каб пазнаёміцца з "жывой легендай" «БелДруку»! Кропка працуе па будніх з 7:00 да 19:00 (перапынак з 11:00 да 13:00). Мы чакаем вас!