Развіццё літаратурных, кніжных стасункаў паміж рознымі, няхай і блізкімі, краінамі немагчыма без актыўнага ўдзелу ў кніжных кірмашах, выстаўках, кніжных форумах. Так і складальнікам беларуска-ўкраінскіх сувязяў у гуманітарнай сферы з’яўляецца камунікат кніжнікаў, кнігавыдаўцоў, паліграфістаў Украіны і Беларусі.
Адзін з прыкладаў – навідавоку. У адным са старажытных гарадоў Украіны – Львове – з 18 па 22 верасня пройдзе 26-ы Форум выдаўцоў. Па традыцыі ўдзел у прэстыжным свяце кнігі прыме і дэлегацыя Рэспублікі Беларусь. Мы звярнуліся да яе кіраўніка – генеральнага дырэктара Паліграфічнага камбіната імя Якуба Коласа Ігара Маланяка з просьбай расказаць пра ўдзел у форуме, пра праекты, з якімі беларусы едуць ва Украіну.
– Ігар Мікалаевіч, з якімі спадзяваннямі выпраўляецеся ў Львоў?
– Стэнд «Кнігі Рэспублікі Беларусь» мяркуе быць досыць запатрабаваным, вартым увагі. З тых тысяч кніг, якія пабачылі свет у айчынных выдавецтвах за 2018, 2019 гады, мы адабралі для прадстаўлення ў суседняй краіне шмат пазнавальных, асветніцкіх выданняў, шмат кніг, альбомаў, якія расказалі б пра Беларусь ва ўсёй красе, паказалі сённяшні стан сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны, паказалі нашых людзей.
Дарэчы, хацеў бы звярнуць увагу і на тое, што мы вязём у Львоў і кнігі ўкраінскіх аўтараў, якія пабачылі свет у Мінску ў перакладзе на беларускую мову. Гэта і выдатны раман Ірыны Данеўскай «Багуслаў Радзівіл». Дарэчы, твор стаў выдавецкай падзеяй у Беларусі. Кнігу ўжо прадстаўлялі і выдавец спадар Андрэй Янушкевіч, і сама аўтарка ў Міры ў Карэліцкім раёне, дзе Міністэрства інфармацыі краіны ладзіла свята «Кніжныя сустрэчы ў Мірскім замку».
Спадзяюся, што супрацоўніцтва ўкраінскай пісьменніцы з беларускімі выдавецтвамі будзе досыць плённым. Нядаўна ў Мінску Выдавец Зміцер Колас у сваёй знакамітай серыі «Паэты планеты» выдаў кнігу вершаў Сяргея Жадана «Вершы». Перакладчык – Андрэй Хадановіч. А ў «Колорграде» пабачыў свет беларускі зборнік паэзіі Таццяны Дзюбы і Сяргея Дзюбы «Горад Зіма». Пераклад з украінскай мовы зрабіў Міхась Пазнякоў.
А наш Паліграфічны камбінат летась выдаў зборнік паэзіі «На арэлях натхнення», адкрыўшы ім серыю «Сябрына: паэзія Украіны». І гэтую кнігу мы сёлета таксама прэзентуем у Львове. Тым болей, што ў ёй прадстаўлены пераклады твораў заходнеўкраінскіх паэтаў. І яшчэ зусім нядаўна мы выдалі беларускі пераклад аповесці кіеўскага празаіка Уладзіміра Даніленкі «Сонейка маё, чорнае і калматае». Раю прачытаць гэты твор усім падлеткам і іх бацькам. Вельмі цікава падаецца свет ўзаемаадносін розных пакаленняў. Такіх перакладных кніг павінна быць як мага болей.
– Ці дае львоўскі кніжны форум падставы для развіцця пэўных стасункаў у галіне паліграфіі, кнігавыдання, у справе прыцягнення інвестыцый у выдавецкую справу ў Беларусі?
– Гэта ці не самая галоўная задача, з якой мы едзем ва Украіну. У апошні час многія сувязі разладзіліся. Нават згубілася тое, што яшчэ літаральна дзесяць гадоў таму дапамагала нам выбудоўваць адносіны з калегамі з розных краін. Праўда, яны, сувязі, для вырашэння пытанняў імпартазабеспячэння дастатковыя. У плане набыцця самых розных матэрыялаў, абсталявання. А вось з замовамі на выпуск і продаж прадукцыі шмат складаней. Таму, несумненна, будзем шукаць партнёраў. Як і сярод паліграфістаў, так і сярод выдаўцоў, кнігагандляроў. Адно з нашых дасягненняў – выданне кніг шрыфтам Брайля для людзей са слабым зрокам. Будзем шукаць замовы на гэтым накірунку.
– Украіна – досыць блізкая да нас краіна-суседка. І, канешне ж, развіццю, умацаванню стасункаў характару эканамічнага, дзелавога супрацоўніцтва магла б паспрыяць дыпламатыя культурная, гуманітарная, творчая…
– І я таксама ўпэўнены ў яе вартасцях. Таму мы падрыхтаваліся і раскажам украінскім калегам пра тое, наколькі іх мастацкая літаратура выклікае цікавасць нашых пісьменнікаў, наколькі часта да перакладаў украінскай паэзіі, прозы звяртаюцца нашы часопісы «Полымя», «Маладосць», газета «Літаратура і мастацтва».
Львоўскі кніжны форум уражвае тым, што многія яго мерапрыемствы праходзяць за межамі выстаўкі – у музеях, бібліятэках, розных галерэях і тэатрах. І мы паспрабуем узяць гэты вопыт на ўзбраенне, каб нешта новае пасля прыйшло і на нашу Мінскую міжнародную кніжную выстаўку-кірмаш.
Таму, пэўна, надалей будзем пашыраць і склад дэлегацыі для ўдзелу ў Львоўскім форуме. Мне здаецца, што з намі павінна быць больш пісьменнікаў, тых, хто вызначае літаратурна-мастацкі працэс ў краіне, хто арганізоўвае выпуск літаратурна-мастацкай перыёдыкі.
– Наколькі мне вядома, на Львоўскім кніжным форуме вялікая ўвага надаецца і пытанням методыкі прапаганды кнігі.
– І я таксама хацеў бы не прапусціць мерапрыемствы падобнага характару. Ведаю, што адбудзецца ў адзін з дзён форуму прэзентацыя праекта «Кніжны блог як сродак папулярызацыі літаратуры». Дарэчы, у межах асноўнай праграмы пройдзе і X Бібліяфорум. Львавяне надаюць яму вялікую ролю. Адна са студый ці дыскусій на Бібліяфоруме так і называецца – «Еўрапейскі стыль новай бібліятэкі».
Шмат цікавага, спадзяюся, пачуць і на пасяджэннях тэматычнага кластара «Украінская візуальная кніга», якім на форуме апякуецца Львоўская абласная арганізацыя Нацыянальнага саюза архітэктараў.
– Поспехаў, Ігар Мікалаевіч, у знаёмстве з Львовам кніжным! А ў дадатак да новых уражанняў – і новых стасункаў, якія паспрыяюць развіццю Беларусі кніжнай!
Інфармацыя падрыхтавана па матэрыялах sozvuchie.by.