Даяну Лазаравіч – маладую сербскую перакладчыцу – добра ведаюць як апантанага прапагандыста беларускай літаратуры. Пра гэта шмат пісалі і пішуць у беларускім друку. Яна часты госць у Мінску.
Новы творчы праект спадарыні Даяны – публікацыі перакладаў беларускай паэзіі для часопіса «Зорны шлях». Вось і ў № 18 у 2019 годзе надрукаваны яе пераклады паэзіі класіка беларускай літаратуры Максіма Багдановіча і народнага паэта Беларусі Максіма Танка. Падборцы М.Танка папярэднічае невялікі біяграфічны артыкул Кірыла Ладуцькі. Будзем спадзявацца, што ў бліжэйшы час сербскі часопіс «Зорны шлях» надрукуе і творы іншых беларускіх паэтаў у перакладзе Даяны Лазаравіч. Яе шчырая ўвага да беларускай паэзіі ўражвае і, несумненна, патрабуе вартай адзнакі ў самой Беларусі. З перакладчыцкай працай Даяны Лазаравіч ўмацоўваецца мост дружбы як паміж беларускай і сербскай нацыянальнымі літаратурамі, так і паміж беларускай і сербскай культурамі, паміж нашымі дзяржавамі.
У спадарыні Даяны ёсць сяброўская падтрымка ў асяроддзі беларускіх літаратараў. Найперш вартыя кансультацыі маладой перакладчыцы выдае яе руплівы памагаты ў засваенні беларускай літаратуры доктар філалагічных навук, прафесар Іван Аляксеевіч Чарота, які і сам неймаверна шмат зрабіў для развіцця беларуска-сербскіх літаратурных сувязяў.
Інфармацыя падрыхтавана па матэрыялах sozvuchie.by.