29 лістапада ў Дзяржаўным літаратурным музеі Янкі Купалы прайшла прэзентацыя выдання “Янка Купала. Санеты”.
Кніга, створаная па ініцыятыве музея, пабачыла свет у выдавецтве “Мастацкая літаратура”. Пад вокладкай сабраны ўвесь санетарый Янкі Купалы, а таксама пераклады, зробленыя спецыяльна для выдання.
Упершыню санетарый Янкі Купалы, які ўключаў 22 вершы, выйшаў пад адной вокладкай на мове арыгіналу і ў перакладзе на 7 еўрапейскіх моў у “Мастацкай літаратуры” ў 2002 годзе, калі наша краіна шырока адзначала 120-годдзе з дня нараджэння першага народнага паэта Беларусі. Новае выданне значна пашырае геаграфічную прысутнасць вершаў Янкі Купалы і беларускай паэзіі ў свеце: у зборніку прадстаўлены пераклады на армянскую, грузінскую, кітайскую, мангольскую, літоўскую, сербскую, славацкую мовы, а таксама мовы народаў Расійскай Федэрацыі: чувашскую, чачэнскую, табасаранскую, татарскую, шорскую. Наноў перастварылі купалаўскія санеты на рускай мове – Максім Замшаў, на іспанскай мове – Анхела Эспіноса Руіс.
Мерапрыемства прайшло пры падтрымцы Рэспубліканскага цэнтра нацыянальных культур і Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. У прэзентацыі прынялі ўдзел дыпламаты Расіі, Украіны і Славакіі, беларускія пісьменнікі і выдаўцы. Санеты Янкі Купалы чыталі ў перакладзе на свае родныя мовы прадстаўнікі дыяспар, а таксама студэнты філалагічнага факультэта БДУ.
Інфармацыя падрыхтавана па матэрыялах выдавецтва “Мастацкая літаратура”.
В торгоых объектах РУП "Белсоюзпечать" имеются в продаже издания издательства "Мастацкая літаратура".